Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтаўца затрымалі за чырвоныя рукі помніка Пушкіну. Хто такі Піліп Шаўроў


Піліп Шаўроў
Піліп Шаўроў

Піліп Шаўроў знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна, паведаміў у фэйсбуку лідэр БХД Павал Севярынец.

Лідэр «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч паведаміў Свабодзе, што Піліпа Шаўрова затрымалі 19 студзеня ў ягонай кватэры ў Менску. Актывіст пасьпеў сказаць, што ў ягонай кватэры вядзецца вобшук.

Шаўрова вінавацяць у палітычных графіці і нанясеньні шкоды помніку Аляксандру Пушкіну. «Сказаў, што завялі справу па артыкуле аб нанясеньні шкоды помніку, гэта 339-ы артыкул» — паведаміў Урбановіч.

Паводле Ўрбановіча, на допыт у сувязі са справай аб помніку Пушкіна выклікалі і жонку Шаўрова.

З афіцыйнага паведамленьня прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай вынікае, што Шаўроў сам прыйшоў у міліцыю і прызнаўся ў тым, што гэта менавіта ён размаляваў помнік.

Што здарылася

Помнік Аляксандру Пушкіну ў Менску. Яго ўжо пасьпелі адмыць ад фарбы. Менск, 20 студзеня 2020 году
Помнік Аляксандру Пушкіну ў Менску. Яго ўжо пасьпелі адмыць ад фарбы. Менск, 20 студзеня 2020 году

17 студзеня ў Менску нехта пафарбаваў у чырвонае рукі помніка Аляксандру Пушкіну ў сквэры каля гатэлю «Беларусь». Відавочцы выклікалі міліцыю.

Помнік збольшага адмылі, але сьляды фарбы дзе-нідзе засталіся. Менск, 20 студзеня 2020 году
Помнік збольшага адмылі, але сьляды фарбы дзе-нідзе засталіся. Менск, 20 студзеня 2020 году

Празь некалі гадзінаў на здарэньне адрэагавала расейская амбасада ў Беларусі, заявіўшы, што адсочвае сытуацыю і што «ўчынак людзей у дачыненьні памяці паэта, чыё жыцьцё і творчасьць былі шчыльна зьвязаныя зь Беларусьсю, выклікае велізарнае шкадаваньне і зьбянтэжанасьць».

Хто такі Піліп Шаўроў

Удзельнік курапацкай варты

1 верасьня 2018 году быў затрыманы каля рэстарана «Поедем поедим». Атрымаў штраф 20 базавых.

Быў затрыманы ў красавіку 2019-га падчас крыжалому ў Курапатах.

Узначальваў вайскова-патрыятычны клюб «Ваяр»

Узначальваў вайскова-патрыятычны клюб «Ваяр» пры «Маладым Фронце». Паводле Дзяніса Ўрбановіча, у арганізацыі Піліп з 2016 году. Браў удзел у шматлікіх акцыях салідарнасьці з палітвязьнямі.


Шаўроў таксам зьяўляецца актывістам руху «Дзея», напісаў Свабодзе Ігар Случак.

Спрабаваў дэмантаваць бетонную скульптуру Леніна

Паводле Паўла Севярынца, Шаўроў яшчэ студэнтам спрабаваў разьбіць бэтонную фігуру Леніна на вуліцы Караткевіча ў Менску. Нібыта атрымаў за гэта ўмоўнае пакараньне тэрмінам на 1 год.

Скончыў юрыдычны факультэт БДУ

Паводле інфармацыі «Нашай нівы», Шаўрову 25 гадоў. Ён скончыў юрыдычны факультэт БДУ і працаваў у адным з банкаў Менску. Мае жонку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG