Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка актывіста, які расфарбаваў помнік: «Сама ня ведаю, чаму Пушкін, а ня Ленін?»


Піліп Шаўроў

Вольгу Шаўрову, жонка Піліпа Шаўрова, які прызнаўся ў нанясеньні фарбы на помнік расейскаму паэту Аляксандру Пушкіну, 20 студзеня выклікалі на допыт у Цэнтральны раённы аддзел Сьледчага камітэту. Вольга расказала Свабодзе пра вынікі допыту і тое, што ёй вядома пра справу.

«Мяне выклікалі як сьведку, але я адмовілася даваць паказаньні і таму ведаю толькі тое, што ў СМІ. Ці ўжо выставілі мужу абвінавачаньне, мне невядома. Сёньня Піліп быў у райаддзеле міліцыі на вуліцы Арлоўскай, а заўтра да яго паспрабуе прыйсьці адвакат і ўсё даведаецца».

Вось што Вольга Шаўрова расказала пра ператрус, які прайшоў у іхнай кватэры. «У нядзелю да нас прыходзілі з вобшукам. Нічога асабліва не шукалі, адразу сказалі, што забяруць тое, на што ён паказаў. Забралі ягоныя куртку, штаны і боты ды апісалі калёнкі. Кампутар пакінулі», — паведаміла Вольга.

Яна кажа, што нічога ня ведае пра матывы ўчынкаў мужа.

«Чаму Пушкін, а ня той жа Ленін? Як сустрэнемся, спытаю. Раніцай у нядзелю ён сышоў і пазваніў недзе а 12-й, сказаў, што знаходзіцца ў міліцыі. Яшчэ спытала ў яго, мо зноў затрымалі, але адказаў, што сам прыйшоў. Думаў, што ўвечары адпусьцяць, але неўзабаве да нас прыехалі з вобшукам», — прыгадала Вольга.

Вольга спадзяецца, што 21 студзеня ад адваката яна даведаецца падрабязнасьці ўтрыманьня Піліпа ў міліцыі. Жанчына спадзяецца, што мужа хутка вызваляць. «Мне ўсе кажуць, што праз тры дні яго могуць адпусьціць. Навошта яго там трымаць?»

Паводле Вольгі Шаўровай, сьледчыя і міліцыянты абыходзіліся зь ёй ветліва.

17 студзеня стала вядома, што нехта пафарбаваў чырвонай фарбай рукі помніка Аляксандру Пушкіну, які знаходзіцца каля гатэля «Беларусь» у Менску.

Помнік Аляксандру Пушкіну ў Менску
Помнік Аляксандру Пушкіну ў Менску

Амбасада Расеі выступіла з адмысловай заявай, а Сьледчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу аб пашкоджаньні помніка. У першай палове 20 студзеня стала вядома, што ў нанясеньні фарбы на помнік Пушкіну прызнаўся актывіст «Маладога фронту» Піліп Шаўроў, які 19 студзеня сам прыйшоў у міліцыю. Матывы ўчынку актывіста пакуль невядомыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG