Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабода знайшла пачатак невядомага раней верша, які можа належаць Каліноўскаму


Аўтар кнігі «Кастусь Калиновский. Страницы биографии» (Мн. 1988) доктар філязофскіх навук Вячаслаў Шалькевіч у інтэрвію Радыё Свабода на мінулым тыдні прачытаў фрагмэнт верша, які ён назваў другім невядомым раней вершам Кастуся Каліноўскага.

Паводле Вячаслава Шалькевіча, падчас ягонай працы ў другой палове 80-х гадоў у Польшчы, яму трапілася фотакопія газэтнай публікацыі польскага гісторыка Гэнрыка Масьціцкага, якая была датаваная 1939 годам, і была прысьвечана Кастусю Каліноўскаму.

У 2019 годзе, у час агульнай дыгіталізацыі, знайсьці згаданы артыкул Масьціцкага аказалася няцяжка.

Выйшаў ён у штодзённай газэце «Kurjer Warszawski» 17 сакавіка 1929 году і называўся «Ostatni dyktator Litwy. (W 65-tą rocznicę stracenia)».

Гэта значыць, што згаданая Вячаславам Шалькевічам публікацыя зьявілася не ў 1939 годзе, а на 10 гадоў раней. Тады якраз адзначалася 65-я гадавіна пакараньня сьмерцю Кастуся Каліноўскага. Артыкул выйшаў за пяць дзён да гадавіны.

Першая частка артыкулу Масьціцкага
Першая частка артыкулу Масьціцкага

Большая частка публікацыі Масьціцкага складаецца з агульнавядомых фактаў біяграфіі Кастуся Каліноўскага і яго дзейнасьці. Але там утрымліваецца і некалькі сьцьвярджэньняў, якія могуць быць цікавыя для сёньняшняй беларускай культуры і навукі.

Масьціцкі, напрыклад, прыпісвае Кастусю Каліноўскаму «Пісьмо ад Яські гаспадара з-пад Вільні да мужыкоў зямлі полькай». У гэтым дакумэнце ўтрымліваецца шырокавядомая фраза «мы, хто жывемо на зямлі Польскай, што ямо хлеб Польскі, мы, Палякі ад векаў вечных». Прафэсар Генадзь Кісялёў лічыў гэты ліст падробкай варшаўскіх дзеячаў паўстаньня, якія выступалі за адзіную Польшчу.

Другая частка артыкулу Масьціцкага
Другая частка артыкулу Масьціцкага

Зь іншага боку, прафэсар Масьціцкі адназначна і пераканана сьцьвярджае, што менавіта Кастусь Каліноўскі зьяўляецца аўтарам вялікай вершаванай паэмы «Гутарка двух суседаў».

Вось цытата:

«Z tego też czasu pochodzi popularny jego utwór wierszowany: «Hutorka dwóch susiedou» (datowany 26 maja 1862 r.), w którym dosadnie maluje ucisk włościan przez rząd rosyjski i nawołuje do walki pod hasłem «Niechaj Polska budzie snowa».
(З таго ж часу паходзіць і папулярны яго вершаваны твор «Гутарка двух суседаў» [датаваны 26 траўня 1862 году], у якім трапна малюе уціск сялян з боку расейскага ўраду і заклікае да вайны пад лёзунгам «Няхай Польшча будзе зноў»)

Называе прафэсар Гэнрык Масьціцкі і два творы, якія, паводле ягоных словаў, прыпісваюцца Кастусю Каліноўскаму. Гэта «Лісты з-пад шыбеніцы» і, як ён кажа, «цікавы адвольны пераказ песьні «Яшчэ Польшча не загінула». Вось тая цытата:

«Kalinowskiemu przypisywane jest również «Pismo z pod szubienicy», zawierające ostatnie jego wezwanie do ludu białoruskiego, oraz ciekawy luźny przekład pieśni «Jeszcze Polska nie zginęła».
(Каліноўскаму прыпісваюць таксама «Пісьмо з-пад шыбеніцы», у якім утрымліваецца яго апошні заклік да беларускага народу, а таксама цікавы адвольны пераказ песьні «Яшчэ Польшча не загінула»).

А далей Масьціцкі прыводзіць беларускі «пераказ» славутай польскай песьні, які тады прыпісвалі Каліноўскаму:

Jeszcze Polszczą nie propała,
Kali my żywiom,
Bo szto nam pohań zabrała,
Nazad adbierom.

Mierosławski w marszy,
Muzyki z panami,
Nie hladzi chto starszy,
Wyprom pohań sami.

Сучаснай беларускай мовай, без дакладнай трансьлітэрацыі на кірыліцу, гэты верш можна запісаць так:

Яшчэ Польшча не прапала,
Калі мы жывём,
Бо што нам погань забрала,
Назад адбяром.

Мераслаўскі у маршы,
Мужыкі з панамі,
Не глядзі хто старшы,
Выпрэм погань самі...

Пасьля гэтых двух строфаў у Масьціцкага стаіць «i t. d.», што азначае, па-першае, што ў гэтага верша быў працяг, і па-другое, што Масьцікі яго чытаў цалкам, а можа нават валодаў яго копіяй ці арыгіналам.

Адносна аўтарства «Лістоў з-пад шыбеніцы» сёньня ні ў кога ўжо сумненьняў няма. Навука адназначна даказала, што іх напісаў Кастусь Каліноўскі.

Адносна ж верша «Яшчэ Польшча не прапала» так сказаць нельга. Наадварот, наяўнасьць у гэтым творы фразы «мужыкі з панамі» выклікае абгрунтаваныя сумненьні ў аўтарстве Каліноўскага.

Гэнрык Масьціцкі (1881-1952) паходзіў зь Беласточчыны і прысьвяціў студзеньскаму паўстаньню і асобе Кастуся Каліноўскага некалькі публікацый. Перад самым пачаткам Другой сусьветнай вайны ў верасьні 1939 году ў выданьні Польскага гістарычнага таварыства «Kwartalnik Hіstoryczny» была анансаваная яго вялікая праца, прысьвечаная гістарыяграфіі студзеньскага паўстаньня 1863 году «Przegląd literatury do dziejów powstania styczniowego w roku jubileuszowym». Але наступны нумар «Kwartalnikа» ня выйшаў з прычыны пачатку вайны.

Лічыцца, што Гэнрык Масьціцкі быў вялікім знаўцам падпольных выданьняў часоў паўстаньня і рукапісных помнікаў таго часу. Гэта пацьвярджае і той факт, што ў 1938 годзе ў Польшчы быў выдадзены каталёг вялікай юбілейнай выставы друкаваных выданьняў і рукапісаў Студзеньскага паўстаньня 1863 году, адным з двух аўтараў якога быў Гэнрык Масьціцкі. Верагодна, ён быў і арганізатарам выставы.

Каталёг выставы друкаваных выданьняў і рукапісаў Студзеньскага паўстаньня 1863 году
Каталёг выставы друкаваных выданьняў і рукапісаў Студзеньскага паўстаньня 1863 году

Так што да ягоных сьцьвярджэньняў трэба ставіцца прынамсі сур’ёзна. Натуральна, патрабуецца і далейшы навуковы пошук як у польскіх архівах наогул, так і ў асабістым архіве Гэнрыка Масьціцкага, у прыватнасьці.

Трэба спадзявацца, што ў Беларусі знойдуцца навукоўцы, якія змогуць ацаніць важнасьць сьведчаньняў Масьціцкага і паспрабуюць знайсьці працяг невядомага раней беларускага верша часоў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863-1864 гадоў, а таксама пацьвердзіць аўтарства Кастуся Каліноўскага або абвергнуць яго.

Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага

Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў 22 лістапада на віленскіх могілках Росы. Што вядома на гэты момант.

Раскопкі на Замкавай гары, дзе знайшлі парэшткі паўстанцаў
Раскопкі на Замкавай гары, дзе знайшлі парэшткі паўстанцаў

  • Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
  • У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
  • У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
Парэшткі Кастуся Каліноўскага
Парэшткі Кастуся Каліноўскага

  • У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
  • Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
  • Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
  • У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
  • У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.

Публікацыі на тэму

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG