Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перапіс як напамін пра Галакост


Ілюстрацыйнае фота

Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі.
Францішак Багушэвіч

Беларусы, надзеленыя крытычным мысьленьнем, чакаюць вынікаў перапісу насельніцтва ў моўным пытаньні як шоку. Раптам акажацца, што беларускамоўных людзей, нас, у Беларусі няма. Дакладней, не павінна быць.

Прычынаў для трывогі больш чым трэба. Сам перапіс арганізаваны такім чынам і перапісчыкі настроеныя так, каб «по умолчанию» людзі выбіралі або ім аўтаматычна прастаўлялі роднай мовай (ці «першай засвоенай» — яшчэ адзін выверт) расейскую. Па-першае, «бо ўсе ж і так гавораць па-расейску», па другое, «мы ня хочам пра гэта думаць», па-трэцяе, бо адносна беларускай мовы мы «асабліва ня парымся» (Лукашэнка).

Здавалася б, за беларускую мову ў нас не забіваюць, як гэта было ў 1930-я, калі камуністы фізычна зьнішчылі нацыянальную інтэлігенцыю. Не забіваюць так, як за ўкраінскую забівалі ўкраінцаў на Данбасе, з чаго, уласна, і пачаліся так званыя ДНР і ЛНР і адкуль лягічна зрабіць выснову: не забіваюць — пакуль. Але палітыка перапісу — гэта просты шлях да таго, каб паказаць, што беларускамоўных беларусаў у Беларусі не павінна быць.

З гледзішча беларусаў і Беларусі гвалтоўная русыфікацыя (мэтанакіраваная палітыка адрыву беларускага народу ад гістарычных традыцыяў, роднай культуры і мовы і насаджэньня расейскай мовы) — адназначнае зло. Як і для кожнага іншага народу ў сьвеце.

Прыклады гвалту ледзь ня штодня трапляюць на старонкі СМІ. Але гэтае злачынства заўсёды застаецца непакараным. Галоўным чынам таму, што публіка не ўспрымае яго як злачынства.

У свой час гэты фэномэн апісала дасьледніца таталітарызму Ганна Арэнт. Зло не перастае быць злом ад таго, што яно не ўспрымаецца як зло.

Ганна Арэнт (Hannah Arendt)
Ганна Арэнт (Hannah Arendt)

Арэнт дасьледавала тэму Галакосту ў Нямеччыне ў часе вайны. Забойства мільёнаў людзей там не пераставала быць злом ад таго, што простыя немцы не ўспрымалі яго як зло. Але што тады здарылася з простымі немцамі, калі яны пачалі будзённа забіваць габрэяў, быццам проста работа ў іх была такая? Мы ходзім на работу і зьнішчаем габрэяў. А мы ходзім на работу і зьнішчаем беларускую мову, даастачы. Габрэі плачуць, і мова плача. Але гэта выдаткі нашай работы. Прынамсі, ніхто не пратэстуе.

Памутненьне масавай сьвядомасьці немцаў Арэнт апісала ў сваёй кнізе «Айхман у Ерусаліме. Банальнасьць зла». Але яе высновы цалкам тлумачаць і масавае памутненьне розуму беларусаў. Чаму немцы страцілі эмпатыю і чаму беларусы падкрэсьлена абыякавыя да сваёй мовы? Пры аксіёме, што ніводзін народ у сьвеце добраахвотна ад сваёй мовы ніколі не адмовіцца.

Арэнт кажа, што зло для простых немцаў перастала быць спакусай. Яно ператварылася ў той проста парадак, у якім мы проста жывём. Усе нашы сваякі, суседзі, знаёмцы жывуць так. Мы «ня парымся». Проста не ўспрымаем зло як зло, а ўспрымаем як належнае.

Але ж мы ня зомбі? Ня зомбі. Паводле Арэнт, каб учыняць зло, ня трэба быць дэгенэратам, чалавекам бяз этыкі і маралі. Зло, на яе думку, учыняюць самыя звычайныя людзі, якія прымаюць за норму пэўны парадак і правілы ў грамадзтве. Мы можам прыняць самыя абсурдныя правілы і трымацца іх, нават калі яны наскрозь паталягічныя.

Мы ня хочам, каб было «як ва Ўкраіне», але шырокім крокам ідзём туды, дзе будзе «як на Данбасе». Ідзём, ня думаючы.

Мы слухаем кіраўніцтва і верым, што яно кажа тое, што думае. Арэнт папярэджвае: «...насельніцтва, якое не валодала досьведам адсейваць збожжа ад пустазельля ў плыні таталітарнай прапаганды, лічыла, што ўлады кажуць тое, што і думаюць».

Менавіта такім чынам зло ў Нямеччыне страціла тую прыкмету, па якой большасьць людзей яго распазнаюць, піша Арэнт. Саўдзельнікамі злачынства ня сталі толькі тыя, хто навучыўся супрацьстаяць спакусе. Якім чынам? Яны маглі крытычна думаць, задаваць пытаньні сабе і іншым і сумнявацца — вось тое, што ў часе вайны страцілі немцы, што зьмяніла іх мэнталітэт і зрабіла крывадушнасьць ледзь не галоўным складнікам іх нацыянальнага характару.

Вельмі падобна да таго, што адбываецца ў беларусаў, і ня толькі з мовай.

Насельніцтва, з галавой занятае спажывецтвам, адвучанае чытаць добрыя кнігі, слухаць добрую музыку і прывучанае да таго, што гвалт у сям’і і школе — гэта нармальна, — такое насельніцтва перастае быць народам і ператвараецца ў натоўп. А натоўп ня мае супольнага лёсу (першая прыкмета нацыі) і аказваецца зусім не гатовы крытычна паставіцца да раздачы расейскіх пашпартоў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG