Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 зноў? Як практыкаваньні дапамагаюць змагацца са старэньнем


Новае дасьледаваньне, праведзенае ва Ўнівэрсытэце Бол-Стэйт у штаце Індыяна (ЗША), дапамагло мэдыкам прыадчыніць таямніцу старэньня і ўбачыць, як фізычныя практыкаваньні змагаюцца зь ім. Пра гэта піша газэта The New York Times.

Таямніца старэньня

Старэньне па-ранейшаму застаецца для навукі даволі загадкавым працэсам. Цягліцы чалавека — адна з найбольш падатлівых яму частак нашага цела.

Большасьць мэдыкаў сыходзяцца на думцы, што пэўную ролю ў гэтым працэсе адыгрывае запаленьне ва ўсім арганізьме, якое, сярод іншага, прычыняецца да страты мышачнай масы.

Калектыў мэдыкаў пад кіраўніцтвам прафэсара Тода Трапэ з унівэрсытэту Бол-Стэйт у горадзе Мансі вырашылі дасьледаваць сувязь паміж фізычнымі практыкаваньнямі і запаленьнем у мышцах.

Паказьнік шырыня мужчынскіх клубоў

Аўтары дасьледаваньня ведалі, што ў трэніраваных людзей узровень запаленьня ў мышцах меншы. Удзельнікі невялікага экспэрымэнту, колькасьцю некалькі дзясяткаў чалавек, былі падзеленыя на тры групы — маладыя спартоўцы, спартоўцы старэйшага веку і зусім не спартовыя старэйшыя людзі. У дзьве апошнія групы ўвайшлі мужчыны ва ўзросьце ад 70 да 80 гадоў.

Яшчэ да пачатку экспэрымэнту мэдыкі заўважылі, што абхват клубоў у мужчын залежыць ад іх спартовасьці. Самы вялікі быў у маладых спартоўцаў, меншы — у пажылых спартоўцаў, і самы малы — у неспартовых мужчын.

Таксама аўтары ведалі, што мышцы адказваюць на фізычную нагрузку запаленьнем, якое дапамагае ім аднаўляцца. Але калі запаленьне зацягваецца — яно робіцца шкодным і блякуе рост і ўмацаваньне мышц пасьля трэніровак.

Ход экспэрымэнту

Навукоўцы ўзялі аналізы крыві і зрабілі біяпсію мышц удзельнікаў экспэрымэнту, пасьля прапанавалі ім цяжка трэніравацца на трэнажорах для разгінаньня кален, а пасьля зноў узялі кроў і зрабілі біяпсію мышц.

У маладых спартоўцаў узровень запаленьня ў крыві і мышцах быў найменшы.

Пажылыя спартоўцы далі на нагрузку падобны адказ, але ў іх маркёры запаленьня былі троху вышэйшыя.

Найгоршыя паказьнікі былі ў пажылых неспартовых мужчын. Да таго ж, у іх ачагі запаленьня захоўваліся найдаўжэй.

Падсумаваньне

Высновы, зробленыя аўтарамі экспэрымэнту, наступныя.

Доўгія трэніроўкі могуць дапамагчы мышцам, якія старэюць, заставацца здаровымі і больш пасьпяхова расьсейваць запаленьне.

Зь іншага боку, сядзячае жыцьцё наладжвае мышцы на празьмерную рэакцыю — яны напружваюцца і даўжэй застаюцца запаленымі, што прыводзіць да меншага росту мышачнай масы ў выніку практыкаваньняў.

Нарэшце, вынікі біялягічных маркёраў не азначаюць, што людзям сярэдняга і старэйшага веку няма сэнсу хадзіць у спортзалю. Запаленьне і старэньне пачынаюцца ўжо з маладога веку, таму і пачынаць трэніравацца ніколі ня позна.

«Нават калі спачатку запаленьне будзе троху перашкаджаць, вашы мышцы ўсё роўна пачнуць рэагаваць і расьці» — кажа кіраўнік аўтарскага калектыву амэрыканскіх мэдыкаў прафэсар Тод Трапэ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG