Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўсім сьвеце, і ў Беларусі ў тым ліку, адным з найбольш важкіх пытаньняў зьяўляецца тое, як правільна харчавацца ў сталым узросьце. Мы жывем у цікавыя часы, калі значнае павялічэньне працягласьці жыцьця нараджае спакусу шукаць спосабы дасягненьня ледзь не несьмяротнасьці.

Сёньня шматлікія дасьледаваньні скіраваныя на тое, каб пры дапамозе ў тым ліку прадуктаў харчаваньня павялічыць працягласьць жыцьця. Спэцыялісты ў галіне біягеранталёгіі лічаць, што старэньне адбываецца на трох узроўнях: на ўзроўні малекул, на ўзроўні клеткі і на ўзроўні ўсяго арганізму. У сёньняшнім артыкуле вы даведаецеся пра сучасныя навуковыя дасягненьні ў галіне малекулярнага старэньня.

Аказваецца, што старэць мы пачынаем задоўга да зьяўленьня першых зморшчын, і адбываецца гэта на ўзроўні малекул. Кожная клетка нашага арганізму складаецца з трох рэчываў — бялкоў, нуклеінавых кіслот і ліпідаў. Старэньне пачынаецца тады, калі парушаюцца нармальныя ўзаемаадносіны паміж гэтымі кампанэнтамі клеткі. Адбываецца гэта таму, што бялкі, нуклеінавыя кіслоты і ліпіды атакуюцца так званымі свабоднымі радыкаламі, якія ўяўляюць з сябе актыўныя формы кіслароду. У невялікай колькасьці свабодныя радыкалы патрэбныя клетцы, каб зьнішчыць непажаданыя прадукты сваёй асабістай жыцьцядзейнасьці. Але калі з павелічэньнем узросту ў чалавека зьяўляюцца розныя хранічныя хваробы, калі чалавек мае шкодныя звычкі, напрыклад, курэньне, свабодныя радыкалы пачынаюць ня толькі ачышчаць клеткі, але і разбураць іх. Яны ўплываюць на ДНК клеткі, што садзейнічае назапашваньню мутацый. Свабодныя радыкалы мяняюць праходнасьць абалонкі клеткі і ў выніку яна «задыхаецца» ад шкодных рэчываў унутры. Акрамя таго, у выніку шкоднага ўплыву свабодных радыкалаў зьяўляюцца паталягічныя бялкі, якія перашкаджаюць нармальнай дзейнасьці клеткі — гэта завецца «катастрафічным накапленьнем бялковых памылак». У выніку гэтых працэсаў клетка пачынае дрэнна працаваць, што перадаецца ўсёй тканіне, а пасьля і арганізму. Так, «знутры», і старэе чалавек.

Навукоўцы сталі шукаць адказ, што з гэтым можна зрабіць. Аказалася, што супраць свабодных радыкалаў у арганізму ёсьць абарона — гэта спэцыяльныя фэрмэнты, якія нэўтралізуюць іх шкодны ўплыў. Для таго, каб зьнізіць узровень і актыўнасьць свабодных радыкалаў і каб павысіць узровень фэрмэнтаў-абаронцаў, былі праведзеныя экспэрымэнты на жывёлах-грызунах з выкарыстаньнем розных прадуктаў харчаваньня.

Якія жа вынікі атрымаліся? Аказваецца, што для зьніжэньня працэсаў аксыдатыўнага стрэсу, пра які мы вядзем гаворку, вельмі карыснымі могуць быць вітамін Е, расьліна Ginkgo biloba (зь яе вырабляюць знаёмы многім прэпарат танакан), а таксама поліфэнолы садавіны і гародніны, асабліва чарніцаў, клубніцаў і шпінату.

Дабаўленьне вітамну Е і Ginkgo biloba ў ежу жывёл садзейнічала прафіляктыцы хваробы Альцгаймэра, паляпшала дзейнасьць імуннай сыстэмы за кошт зьніжэньня актыўнасьці свабодных радыкалаў. Але найбольш эфэктыўнымі ў экспэрыменце аказаліся поліфэнолы садавіны і гародніны, якіх асабліва шмат у чарніцах, клубніцах і шпінаце. Цягам чатырох месяцаў дабаўленьня іх у ежу жывёл-грызуноў, у тых палепшылася памяць, увага, а таксама біяхімічныя паказчыкі дзейнасьці галаўнога мозга.

Такім чынам, на аснове атрыманых дадзеных навукоўцы-герантолягі раяць штодзённа ўжываць 400 — 500 грамаў сьвежай садавіны і гародніны, а пры гэтым не забываць пра нашых старых добрых знаёмцах — чарніцы, клубніцы і шпінат, якія тармозяць аксыдатыўны стрэс і праз гэта патэнцыйна запавольваюць старэньне на малекулярным узроўні.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG