Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пагаворым пра нечакана карысныя ўласьцівасьці ўсім вядомага напою — зялёнай гарбаты.

Рызыка падзеньняў

З папярэдніх артыкулаў вы маглі даведацца, што ў людзей сталага веку назіраецца шэраг зьменаў у мышцах, што праяўляецца ў выглядзе зьніжэньня мышачнай сілы. Зь цягам часу гэта стварае сур’ёзную перашкоду для выкананьня паўсядзённых гаспадарчых спраў.

стары чалавек, які хоць адзін раз упаў, мае страх перад магчымасьцю ўпасьці яшчэ раз і атрымаць пры гэтым пашкоджаньні

Напрыклад, сталы чалавек пачынае скардзіцца на тое, што ён ня ў стане апрацаваць звыклы для яго кавалак гароду ці ня можа падняць торбу звычайнай вагі. Гэтыя ўзроставыя зьмены ў мышцах называюцца саркапэніяй.

Такое ўзроставае зьніжэньне мышачнай сілы зьяўляецца моцным фактарам рызыкі падзеньняў, а значыць — розных траўм і псыхалягічнага дыскамфорту, бо стары чалавек, які хоць адзін раз упаў, мае страх перад магчымасьцю ўпасьці яшчэ раз і атрымаць пры гэтым пашкоджаньні.

Ці маеце рызыку ўпасьці вы

Каб даведацца, ці ёсьць у канкрэтнага сталага чалавека рызыка ўпасьці, існуе досыць просты тэст, які называецца «ўстань з крэсла і пайдзі». Падчас тэсту стары чалавек павінен сесьці на крэсла, пасьля ўстаць, прайсьці тры мэтры, павярнуцца, вярнуцца да крэсла і сесьці. Калі час, які спатрэбіўся чалавеку на выкананьне гэтага простага заданьня, перавышае 13,5 сэкунд, то ў такога чалавека высокая рызыка ўпасьці.

Для высьвятленьня прычын замаруджанага выкананьня тэсту «ўстань з крэсла і пайдзі» трэба зьвярнуцца да адмысловага лекара-спэцыяліста. Сярод магчымых прычын можа быць і паніжаная гнуткасьць у суставах, і галавакружэньне, і зьніжэньне памяці й увагі, і шмат іншага. Усе гэтыя хваробы ў наш час можна кампэнсаваць шляхам ужываньня спэцыяльных лекаў і проста не мэдыкамэнтозных парадаў.

На што трэба зьвярнуць увагу

Напрыклад, мы ня раім сталым людзям з высокай рызыкай падзеньня насіць акуляры з падвоеным шклом — для бачаньня ўдалечыню і блізка, бо ў такім выпадку можа зьніжацца прасторавае ўспрыманьне рэчаў. Чалавек можа ўпасьці праз тое, што яму, напрыклад, здаецца, што парог далей, чым насамрэч, таму за яго можна зачапіцца і ўпасьці.

Асабліва важна ведаць, што 75% усіх падзеньняў здараецца пры спуску па лесьвіцы ўніз. Таму нават тым сталым людзям, якія ня маюць відавочнае рызыкі ўпасьці, трэба быць асабліва пільнымі падчас хады па прыступках і ўважліва глядзець сабе пад ногі.

Станоўчы ўплыў зялёнай гарбаты

Ну і, вядома, даволі частай прычынай падзеньня зьяўляецца тая самая саркапэнія. Цяпер зьявіўся шэраг артыкулаў, у якіх на падставе дадзеных сур’ёзных навуковых дасьледаваньняў сьцьвярджаецца, што на ўзроставыя зьмены мышцаў станоўчае дзеяньне аказваюць некаторыя элемэнты зялёнай гарбаты.

Дакладная дазіроўка зялёнай гарбаты, якая можа быць карыснай для прафіляктыцы аслабленьня мышцаў, пакуль не ўдакладненая

Лічацца, што зялёная гарбата карысная і пры ішэмічнай хваробе сэрца, і пры зьніжэньні памяці ў сталых людзей. Дакладная дазіроўка зялёнай гарбаты, якая можа быць карыснай для прафіляктыцы аслабленьня мышцаў, пакуль не ўдакладненая.

Мы лічым, што калі вы часам будзеце «пераходзіць» з чорнай гарбаты на зялёную на тыдзень-два, гэта акажа добры ўплыў на ваша здароўе, у тым ліку і на стан мышцаў. І да таго ж зробіць харчаваньне больш разнастайным і карысным.

XS
SM
MD
LG