Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 150 праціўнікаў акумулятарнага заводу сабраліся ў цэнтры Берасьця


Акумулятрны завод у Беларусі.

У Берасьці на плошчы Леніна 8 сьнежня каля поўдня сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода, перадае БелаПАН. Такія сустрэчы праходзяць кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі, як ідзе збор сродкаў для правядзеньня прафэсійнымі спэцыялістамі грамадзкай экалягічнай экспэртызы праекта акумулятарнага завода. Збор сродкаў арганізаваны на плятформе MolaMola. Усяго неабходна сабраць 9 тыс. рублёў, каб аплаціць працу спэцыялістаў.

Па дадзеных праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, а 12.40 на плошчы было ня менш за 150 чалавек. Міліцыя ў мэгафон папярэджвала сабраных аб адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Як паведаміў Зьміцер Бекалюк, на сёньня сабрана прыкладна 3,7 тыс. рублёў. Ён нагадаў, што грамадзка-экалягічная экспэртыза ініцыяваная на самым высокім узроўні. Пра яе казаў Аляксандр Лукашэнка, калі прыяжджаў у Брэст у верасьні.

Актывіст Зьміцер Бекалюк
Актывіст Зьміцер Бекалюк

«Грамадзкая экалягічная экспэртыза будзе праводзіцца спэцыялістамі ў гэтай сфэры, і да іх думкі павінны прыслухацца», — лічыць Бекалюк. Дакумэнты па грамадзкай экалягічнай экспэртызе будуць накіраваныя ў Мінпрыроды.

Удзельнікі сёньняшняй сустрэчы на плошчы паведамілі, што завод у цяперашні час не працуе. З адміністрацыйных памяшканьняў нават пачалі вывозіць офісную мэблю. Але дзяжурствы каля завода працягваюцца. Яны таксама заявілі, што будуць прыходзіць на плошчу да таго часу, пакуль завод не будзе закрыты канчаткова.

Пасьля сустрэчы на плошчы праціўнікі будаўніцтва завода прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасьця – Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра «Беларусь».

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG