Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт WADA прапанаваў адхіліць Расею ад Алімпіяды і іншых міжнародных спаборніцтваў на 4 гады


Камітэт Усясьветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) рэкамэндаваў прызнаць Расейскае антыдопінгавае агенцтва (РУСАДА) не адпаведным стандартам антыдопінгавага кодэксу і адхіліць Расею ад міжнародных спаборніцтваў на чатыры гады.

Канчатковага рашэньня пакуль няма. Выканкам WADA разгледзіць рэкамэндацыі на пасяджэньні 9 сьнежня ў Парыжы.

Камітэт рэкамэндаваў не пускаць Расею на Алімпійскія і Паралімпійскія гульні, усе чэмпіянаты сьвету, арганізаваныя тымі, хто падпісаў антыдопінгавы кодэкс WADA, ды іншыя буйныя спаборніцтвы. Пад гэтае абмежаваньне, у прыватнасьці, можа трапіць і чэмпіянат сьвету ў футболе, бо ФІФА ўваходзіць у лік тых, хто падпісаў кодэкс WADA.

Да буйных спаборніцтваў прапануюць дапускаць толькі «чыстых» расейскіх спартоўцаў, якіх не падазравалі ў прыёме допінгу, пад нэўтральным сьцягам. У выпадку перамогі атлетаў на спаборніцтвах расейскі гімн гучаць ня будзе.

Камітэт таксама прапанаваў забараніць кіраўнікам Алімпійскага і Паралімпійскага камітэтаў Расеі працаваць у арганізацыях, якія падпісалі антыдопінгавы кодэкс WADA.

Прычынай такога рашэньня WADA сталі «супярэчнасьці», якія ўтрымліваюць зьвесткі, атрыманыя WADA ад Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі ў студзені 2019 году. Маскоўскую лябараторыю падазраюць у падрабляньні зьвестак аб допінг-пробах да іх перадачы ў WADA.

Праз дыскваліфікацыю РУСАДА на зімовых Гульнях 2018 году ў Паўднёвай Карэі расейскія спартоўцы выступалі пад нэўтральным сьцягам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG