Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах дыктар пасьля матчу ў мікрафон раскрытыкаваў улады горада за стаўленьне да футбола


Футбольны клюб «Баранавічы» вылецеў у другую лігу, атрымаўшы толькі дзьве перамогі ў чэмпіянаце. Пасьля заключнага матча дыктар выказаў крытычныя заўвагі на адрас гарадзкіх уладаў, паведамляе газэта Іntex-press.

23 лістапада ў заключным туры чэмпіянату Беларусі па футболе ў першай лізе ФК «Баранавічы» абыграў каманду «Слонім-2017» — 2: 1.

Аднак клюб «Баранавічы» трапляе ў другую лігу. Розніца забітых і прапушчаных 12:80. Дыктар стадыёна «Лякаматыў» у Баранавічах Уладзімер Майсюк пасьля матчу сказаў у мікрафон:

«На жаль, наш футбольны клюб ня вытрымаў канкурэнцыі і выбывае ў трэці дывізіён. Першая ліга, нібы нікому не патрэбны прадукт, забыты і кінуты ўладамі горада, выплюнула наш клюб у аматарскую лігу. А як там будзе — ніхто не ведае. Паўпрафэсійны фанацкі футбол сыходзіць на задворкі Беларусі. І гэта восьмы горад краіны. Сумна», — сказаў Майсюк.

Уладзімер Майсюк — фігура ў баранавіцкім футболе вядомая. У 1980-90-я гады ён гуляў за розныя баранавіцкія каманды. Яшчэ будучы футбалістам прыступіў да зьбіраньня архіва артыкулаў і статыстыкі, прысьвечаных беларускаму футболу.

У 2014 годзе Майсюка адхілялі ад працы камэнтатарам за крытычныя выказваньні аб стане футбольнага поля і працы стадыёна «Лякаматыў» у газэце Intex-press.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG