Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні прайшла цырымонія пахаваньня Кастуся Каліноўскага. ВІДЭА

абноўлена

22 лістапада цягам 8 гадзінаў Свабода трансьлявала ў жывым відэаэфіры віленскія ўрачыстасьці перапахаваньня Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага і яшчэ 18 удзельнікаў паўстаньня 1863–64 гадоў.

Сьцісла:

  1. На перапахаваньні былі прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа і прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Прысутнічалі дэлегацыі Латвіі і Ўкраіны.
  2. Афіцыйнай беларускай дэлегацыяй кіраваў намесьнік прэмʼер-міністра Ігар Петрышэнка. Ён сказаў, што Каліноўскі назаўжды ўпісаны ў гісторыю Беларусі, але яго асобу ня варта палітызаваць.
  3. Каталіцкі касьцёл Беларусі прадстаўляў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Дэлегацыю ад Рады БНР узначаліла Івонка Сурвіла.
  4. Шэсьце ад сабору-базылікі сьвятога Казіміра і сьвятога Ўладзіслава да могілак Росы расьцягнулася больш як на кілямэтар.
  5. Урачыстасьці з нагоды перапахаваньня паўстанцаў працягнуцца да 24 лістапада, праграма імпрэзаў тут. Капліца на могілках Росы, дзе ляжаць труны паўстанцаў, будзе адчынена для наведваньня з 9 да 21 гадзіны. Пазьней паўстанцаў пахаваюць у калюмбарыі капліцы.

Жывая трансьляцыя з Катэдральнага пляцу распачалася ў 9.30 і завершылася пасьля 17.00. Эфір вялі журналісты Свабоды Аляксандра Дынько і Дзьмітры Гурневіч.​ Трансьляцыя даступная на Facebook, «УКантакце» і YouTube.

18:30 З пятніцы па нядзелю каля капліцы могілак Росы будуць стаяць у ганаровай варце літоўскія і польскія скаўты, прадстаўнікі Літоўскага саюзу стралкоў, піша Delfi.lt. У выходныя капліца будзе адчынена для наведваньня з 9 да 21 гадзіны. Пазьней труны складуць у калюмбарыі капліцы.

17:27 Пачалося грамадзкае разьвітаньне з паўстанцамі ў капліцы. Яно цягнулася каля гадзіны.

17:22 Кіраўнік афіцыйнай дэлегацыі Беларусі Петрышэнка адмовіўся камэнтаваць Свабодзе цырымонію перапахаваньня паўстанцаў. Ён патлумачыў, што яму трэба ехаць на агульную сустрэчу з прэзыдэнтамі.

17:07 З капліцы выйшлі кіраўнікі Польшчы і Літвы. У капліцу пачалі заносіць вянкі ад дзяржаў і розных арганізацый.

17:00 Польскія і літоўскі жаўнеры перадалі прэзыдэнтам сваіх краін сьцягі зь гербам Рэчы Паспалітай. Труны паўстанцаў пачалі хаваць у сьцяну капліцы.

16:47 У капліцу заносяць апошнюю труну з паўстанцамі, пачынаецца малітва. Натоўпы людзей на вялікім экране назіраюць, што адбываецца ў капліцы.

16:35 Калёна прыйшла да могілак Росы. Парэшткі паўстанцаў заносяць у капліцу, дзе яны будуць пахаваныя.

16:13 Калёна набліжаецца да могілак Росы, дзе адбудуцца публічныя разьвітаньні з паўстанцамі. Іх пахаваюць у калюмбарыі капліцы. Шэсьце расьцягнулася больш як на кілямэтар.

15:59 Працэсія падышла Востай брамы, пачалася малітва. На пачатку калёны гучаць касьцёльныя сьпевы па-літоўску, польску і беларуску. Напрыканцы калёны скандуюць «Жыве Беларусь». Лафеты і катафалкі з трунамі паўстанцаў набліжаюцца да могілкаў Росы.

15:10 Урачыстая служба скончылася. З сабору-базылікі сьвятога Казіміра і сьвятога Ўладзіслава вынесьлі 18 трунаў з парэшткамі паўстанцаў. Кіраўнікоў паўстаньня Каліноўскага і Серакоўскага вязуць на лафетах, іншых паўстанцаў — на катафалках. Працэсія рухаецца да могілак Росы.

Фразу Петрышэнкі аб тым, што «асоба Каліноўскага не павінна выкарыстоўвацца ў палітычных мэтах», беларусы перад касьцёламі сустрэлі сьвістам і воклічамі «Ганьба!»
Фразу Петрышэнкі аб тым, што «асоба Каліноўскага не павінна выкарыстоўвацца ў палітычных мэтах», беларусы перад касьцёламі сустрэлі сьвістам і воклічамі «Ганьба!»

14.45 Віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка прамаўляе па-беларуску. Цырымонія, кажа ён, «сапраўды гістарычны момант, аднолькава важны для беларускага, літоўскага, польскага, украінскага і латыскага народаў».

«Падзеі 1863–64 гадоў, якія закранулі тэрыторыі адразу некалькіх дзяржаваў Усходняй Эўропы, адбываліся і на нашых землях. Большасьць асобаў, якім мы сёньня аддаём даніну памяці, зьяўляюцца сынамі беларускай зямлі, зьвязанымі зь ёй агульным лёсам. Для беларусаў гэта ня толькі ўспамін мінулага, але і што нават больш важна, магчымасьць аддаць належную пашану нашым продкам, спачыўшым на гэтай зямлі.

Дзейнасьць Кастуся Каліноўскага зьвязаная зь перарастаньнем беларускага нацыянальна-культурнага руху ў барацьбу за беларускую дзяржаўнасьць у форме народаўладзьдзя. Ужо ў той час дэкляравалася ідэя аб палітычнай суб’ектнасьці Беларусі ў адносінах з краінамі-суседзямі.

Знакава, што паролем паўстанцаў Кастуся Каліноўскага зьяўляліся словы „— Каго любіш? — Люблю Беларусь“. Запаветы змагароў ня страцілі актуальнасьці і знайшлі працяг у галоўным дэвізе нашай краіны „За моцную і квітнеючую Беларусь“ у нашай працы па стварэньні дзяржавы для народу.

Асоба Каліноўскага назаўжды ўпісаная ў гісторыю Беларусі, як і падзеі паўстаньня XIX стагодзьдзя. Памяць аб ім увекавечаная ў нашай краіне: у Сьвіслачы, дзе ён вучыўся, у творах беларускіх пісьменьнікаў, мастакоў, скульптараў, у назвах вуліц беларускіх гарадоў, школаў, а таксама ў мастацкіх стужках, паштовых марках і нават у партызанскай брыгадзе, якая вызваляла беларускі край падчас нацысцкага нашэсьця.

Калі літоўскія навукоўцы яшчэ ў 2017 годзе выказалі здагадку пра тое, што знойдзеныя парэшткі могуць належыць удзельнікам паўстаньня, нашая краіна ўключылася ў працэс іх ідэнтыфікацыі па дыпляматычнай, навуковай, гістарычнай і сьледчай лініях. Беларусь і Літва абмяняліся адмысловымі візытамі працоўных і экспэртных групаў. Беларуская мова прысутнічае ў афармленьні мэмарыялу, дзе будуць пакоіцца паўстанцы.
Мы ўдзячныя літоўскаму боку за праведзеную працу і плённую супрацу. І, безумоўна, за магчымасьць усім разам быць тут у Вільні дзеля ўшанаваньня нашых землякоў.

Перакананы, што капліца на могілках Росы стане тым месцам, куды будуць прыходзіць беларусы, літоўцы, палякі, латышы і ўкраінцы, каб аддаць даніну памяці сваім землякам.

Напрыканцы хачу адзначыць: для кожнай краіны ёсьць свой вобраз Кастуся Каліноўскага. Але ён не павінен стаць той гістарычнай постацьцю, якая выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах. Наадварот, гэта тая старонка нашага сумеснага мінулага, якую мы павінны шанаваць, і якая нас аб’ядноўвае зараз і ў будучыні».

14.30 Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда ў сваёй прамове сказаў, што вельмі важна, што на цырымоніі разам палякі, літоўцы, латышы, беларусы і ўкраінцы, пад сымбалямі Польшчы, Літвы і Русі. Паўстаньне, кажа ён, было «апошнім акордам сымфоніі розных культураў, моваў, канфэсіяў, якую сьпявала колішняя Рэч Паспалітая». Дэвіз паўстанцаў «За нашу і вашу свабоду» ён агучыў на польскай, беларускай і літоўскай мовах. Ён дадаў: «нас яднае тая самая, што іх, супольнасьць лёсаў і памяці, супольнасьць каштоўнасьцей». Дуда адзначыў, што дагэтуль знаходзяць целы і пазьнейшых паўстанцаў — антысавецкіх, як то польскіх «Выклятых жаўнераў» ці літоўскіх «Лясных братоў».

14.23 У сваёй прамове прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа кажа, што паўстанцы ішлі на змаганьне, бо ня бачылі іншага выбару — гэта была не прагматычная палітыка, а барацьба за ідэалы. Ён згадвае, што ў паўстаньні бралі ўдзел літоўцы, беларусы, палякі, украінцы. І хоць паўстаньне было жорстка разьбітае, пазьней гэтыя народы ўсё ж атрымалі незалежнасьць.

14.15 На цырымоніі выступіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Менска-Магілёўскі. У прамове ён казаў: «Паўстанцы былі прадстаўнікамі розных народаў і веравызнаньняў. Але ўсе яны змагаліся з царызмам за свабоду сваіх народаў і за іх агульную свабоду — змагаліся за „нашу і вашу свабоду“. Сярод іх — Канстанцін Каліноўскі, сын беларускага народу, лідэр нацыянальнага вызваленчага руху, публіцыст і паэт, высакародны чалавек, які вызначаўся незвычайнаю сілаю духу і зьяўляўся адным з кіраўнікоў паўстаньня. Таму сёньняшняя падзея мае вялікае значэньне таксама і для Беларусі».

13.55 Былы прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус выказаўся пра ўдзел афіцыйнай Беларусі ў пахаваньні паўстанцаў: «У маім разуменьні Лукашэнкa заняў няшчырую пазыцыю. Яны нібыта не адмаўляюцца ад свайго, але разам з тым ня хочуць выглядаць вельмі дрэннымі. Таму я з пэўным недаверам прымаю гэты іх крок. Я прымаю, што гэта іх вельмі маленькі крок наперад, які, магчыма, пазьней можа даць і лепшыя вынікі».

13.30 Ад імя старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, якая прысутнічае на цырымоніі ў Вільні, Рада апублікавала зварот да грамадзкасьці. У звароце пішуць: «Героі-паўстанцы яднаюць нашыя тры народы: беларускі, літоўскі, польскі. Многія зь іх нарадзіліся на тэрыторыі цяперашняй Беларусі. Усе яны былі патрыётамі нашай супольнай гістарычнай айчыны, старадаўняй Літвы. І спачын яны знайшлі ў горадзе, які гэтаксама зьяўляецца сваім і для беларусаў, і для літоўцаў, і для палякаў: у Вільні. Барацьба, якую вялі паўстанцы, праз 55 гадоў пасьля іхнае гераічнае сьмерці прывяла да абвяшчэньня незалежных Беларускай Народнай Рэспублікі, Літоўскай Рэспублікі і Польшчы».

13.05 У саборы пачалася імша, яна будзе цягнуцца каля гадзіны. Прысутных павіталі на літоўскай, польскай, беларускай і ангельскай мовах, затым сьвятары прамаўлялі па-літоўску, па-польску і па-беларуску.

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда (зьлева) цісьне руку прэзыдэнту Літвы Гітанасу Наўседу
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда (зьлева) цісьне руку прэзыдэнту Літвы Гітанасу Наўседу

12.45 Прыехалі прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа і прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. У саборы пачалася закрытая ўрачыстая цырымонія.

12.30 Да касьцёлу прыбыла беларуская дэлегацыя, у складзе якой віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка і амбасадар Беларусі ў Літве Валер Бараноўскі, іх суправаджае амбасадар Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас. Таксама ўжо прыбылі экс-прэзыдэнты Літвы Даля Грыбаўскайце і Валдас Адамкус.

У цэнтры: віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка, зьлева ад яго амбасадар Беларусі ў Літве Валер Бараноўскі, справа — амбасадар Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас
У цэнтры: віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка, зьлева ад яго амбасадар Беларусі ў Літве Валер Бараноўскі, справа — амбасадар Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас

12.15 Уваход у касьцёл зачыняюць — хутка маюць прыбыць афіцыйныя дэлегацыі ўладаў Літвы, Польшчы, Беларусі, Украіны і Латвіі. Прыблізна праз паўтары гадзіны пасьля пачатку імшы труны вынясуць з касьцёлу, парэшткі Каліноўскага і Серакоўскага панясуць на могілкі Росы.

12.05 Мінабароны Беларусі тым часам тлумачыць, што не накіравала роту ганаровай варты ў Вільню і ня зладзіла там урачысты салют, бо гэта «не ўяўляюцца магчымым». Іншых тлумачэньняў у афіцыйным адказе няма.

11.45 Віцэ-канцлер ураду Літвы Дэйвідас Матулёніс расказаў Свабодзе, што літоўскі бок запрасіў беларускіх прадстаўнікоў некалькі месяцаў таму – атрымалі адказ толькі на мінулым тыдні, што будзе ўдзельнічаць віцэ-прэм’ер. Яму будзе дадзенае слова пасьля прэзыдэнтаў. Ён спадзяецца, што прамова прадстаўніка Беларусі будзе на беларускай мове. Афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў аб магчымасьці перапахаваньня Каліноўскага ў Беларусі не паступала, адзначыў ён, але для беларускіх турыстаў абяцаюць зрабіць усё магчымае, каб яны маглі пакланіцца Каліноўскаму і сваім героям на могілках Росы. Магілы паўстанцаў будуць мець статус дзяржаўнага пахаваньня.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч
Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч

11.35 На плошчы перад Катэдральным касьцёлам зьявілася першая арганізаваная калёна палякаў. Таксама на плошчы і ў касьцёле ёсьць людзі з украінскімі сьцягамі.

11.15 Цырымонію ў Вільні маюць наведаць прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа і прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. На запрашэньне ўраду Літвы прыехалі і старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, і першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Прыехалі і лідэры апазыцыйных беларускіх партыяў Мікола Статкевіч, Уладзімер Някляеў, Павал Севярынец, Аляксей Янукевіч, палітык Лявон Баршчэўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мастакі Алесь Пушкін і Гэнік Лойка... Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка тым часам будзе праводзіць у Віцебску нараду па разьвіцьці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласьці, а ў Вільні Беларусь прадстаўляе віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка.

10.50 Адна зь беларускіх наведніц цырымоніі расказвае, што «яшчэ многія беларусы стаяць на мяжы, многія бязь візаў — ня ўсім пашчасьціла сюды трапіць».

10.45 Прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту Рымантас Янкаўскас, які кіраваў раскопкамі на гары Гедзіміна, у эфіры Свабоды расказаў, што для ідэнтыфікацыі паўстанцаў выкарыстоўвалі і дасьледаваньні ДНК, і параўнаньне парэшткаў з фота, і мэтад супастаўленьня з гістарычнымі зьвесткамі, і выключэньня. Усе магчымыя месцы на гары ўжо дасьледаваныя і перакапаныя, адзначыў ён. Тым часам на плошчы перад касьцёлам яшчэ багата людзей чакаюць сваёй чаргі разьвітацца з паўстанцамі.

10.25 Цырымонія пахаваньня паўстанцаў — у галоўных навінах на сайтах Tut.by, Onliner.by, «Нашай нівы», «Белсату», «Эўрарадыё»… Але навінаў пра цырымонію зусім няма на галоўных старонках дзяржаўных выданьняў БелТА, «СБ. Беларусь сегодня», «Звязда» і Белтэлерадыёкампаніі. У Вільні ж беларусы дамінуюць па колькасьці і сярод наведнікаў, і сярод журналістаў. Абноўлена: у 11:02 навіна пра цырымонію зьявілася на сайце дзяржаўнага тэлеканалу АНТ.

10.15 Зьбіраем фота нашых карэспандэнтаў тут, галерэя будзе абнаўляцца.

10.05 Пачалася адкрытая цырымонія грамадзкага разьвітаньня. Любы ахвочы можа падысьці да трунаў паўстанцаў у Катэдральным касьцёле. А каля ўваходу ў касьцёл, піша блогер Эдуард Пальчыс, фармуецца беларуская калёна, пачынаюць раздаваць бел-чырвона-белыя сьцягі і сьцяжкі.

9.45 Труны з парэшткамі паўстанцаў унесьлі ў Катэдральны касьцёл. Спачатку цырымоніі там будзе праходзіць адкрытае разьвітаньне — зайсьці зможа любы ахвочы. Пад касьцёлам шмат людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі — беларуская «грамадзкая дэлегацыя» самая масавая, хоць з афіцыйнага боку краіну прадстаўляе віцэ-прэм’ер. Труну Каліноўскага несьлі польскія вайскоўцы.

***

Мы пакажам перанос трунаў з парэшткамі паўстанцаў з Палаца валадароў ВКЛ у віленскі Катэдральны сабор і цырымонію грамадзкага разьвітаньня.

У нашым эфіры вы пабачыце гутаркі з нашчадкамі паўстанцаў, беларускімі, польскімі і літоўскімі гісторыкамі, чальцамі Рады БНР, чыноўнікамі, сьвятарамі, прадстаўнікамі беларускай грамадзкасьці і проста ўдзельнікамі ўрачыстасьці.

У Вільні перад пачаткам цырымоніі
У Вільні перад пачаткам цырымоніі

У нас вы таксама пабачыце Сьвятую імшу з удзелам беларускага, літоўскага і польскага біскупаў, выступы прадстаўнікоў вышэйшага кіраўніцтва Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны.

Нашыя журналісты пройдуць шлях у 3 кілямэтры разам з працэсіяй на віленскія могілкі Росы, дзе парэшткі паўстанцаў будуць пахаваныя ў капліцы.

Усе публікацыі пра Кастуся Каліноўскага>>>

Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага

Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў 22 лістапада на віленскіх могілках Росы. Што вядома на гэты момант.

Раскопкі на Замкавай гары, дзе знайшлі парэшткі паўстанцаў
Раскопкі на Замкавай гары, дзе знайшлі парэшткі паўстанцаў

  • Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
  • У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
  • У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
Парэшткі Кастуся Каліноўскага
Парэшткі Кастуся Каліноўскага

  • У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
  • Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
  • Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
  • У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
  • У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.

Публікацыі на тэму

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG