Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Празь міліцыянтаў, што мяне затрымалі, я страціў авечку». Кандыдат-фэрмэр распавёў пра сваё затрыманьне


Юры Ганцэвіч (справа) і Аляксей Елісееў
Юры Ганцэвіч (справа) і Аляксей Елісееў

У Гомелі 15 лістапада прайшоў пікет васьмі кандыдатаў у дэпутаты. На сустрэчу ня трапіў кандыдат у дэпутаты, фэрмэр Юры Ганцэвіч. Яго затрымалі разам з трактарам, прычэпам і казой.

Прыяцеляў, якія прыйшлі на дапамогу фэрмэру, зьбілі супрацоўнікі міліцыі.

Юры Ганцэвіч распавёў журналістам пра абставіны свайго затрыманьня. Яго без дай прычыны пратрымалі больш за пяць гадзін супрацоўнікі ДАІ.

«Пакуль мяне трымалі, я страціў авечку. Бо каровы, козы, авечкі былі галодныя, сасьмяглыя, пакуль супрацоўнікі ДАІ мяне трымалі. У выніку я прыехаў каля 00.30 дахаты ў вёску — а адну авечку іншыя прыдушылі. Яны лезьлі адна на адну, бо іх ніхто не пакарміў, не напаіў. Такі гвалт стаяў — на ўсю вёску, калі я прыехаў», — зазначыў фэрмэр.

Юры выправіўся на пікет на трактары з прычэпам. Яго прычэп абсталяваны гукаўзмацняльнай апаратурай і сьвятламузыкай. Раней кандыдат праводзіў з дапамогай цуда-прычэпу пікеты. Прыхапіў фэрмэр і казу.

«Я раней прывозіў на пікеты і казу, і карову. Людзям гэта падабалася. Прэзыдэнт жа сказаў, што выбары — гэта сьвята. Я таксама хацеў учора зладзіць сьвята», — патлумачыў кандыдат.

Па дарозе яго спынілі супрацоўнікі ДАІ. Юры паказаў усе паперы, толькі не было тэхагляду.

«Склалі пратакол, я пагадзіўся з ім. Але яны пачалі чапляцца, што на крышцы, якая закрывае акумулятар, нібыта мусіць быць шыльдачка з нумарам трактару. Гэтыя ўсе дзеяньні праводзіў супрацоўнік ДАІ Ўладзімер Кадзетаў. Ён абвясьціў мне, што трактар мой затрыманы. Тады я прапанаваў пакінуць ім трактар, а прычэп перачапіць на іншы трактар. Яны дачапіліся да прычэпу — маўляў, там нібыта пашкоджаныя нумары. У выніку мяне гвалтам закінулі ў мой жа трактар, пасадзілі са мной міліцыянэра і прымусілі ехаць на нейкую стаянку», — зазначыў Юры Ганцэвіч.

Яго доўга трымалі на «нейкай стаянцы», у выніку адпусьцілі — пасьля 22.00. Якраз на час з 16.00 да 22.00 быў замоўлены пікет.

«Ніякай паперы, ніякага дакумэнту мне на рукі не далі. Забралі маю маёмасьць і усё. Ранкам сёньня патэлефанавалі і кажуць, каб я забраў трактар. Хай мне яго Лукашэнка прыгоніць, я ня буду яго забіраць», — дадаў фэрмэр.

На дапамогу Юры Ганцэвічу паехалі давераныя асобы іншага кандыдата, Алены Давыдавай.

«Мы плянавалі пікет, каб ён быў нармальны — са сцэнай, гукаўзмацняльнай апаратурай, музыкай. У выніку сцэну нашу разабралі, а Юру, які вёз прычэп і апаратуру — спынілі міліцыянты. Мы паехалі разабрацца. Проста спытацца — на якой падставе яго затрымалі? У выніку мы размаўлялі з супрацоўнікамі ДАІ, пад’ехалі міліцыянэры (ці хто яны, у цывільным) і нас чатырох паклалі тварам у асфальт і бруд. Першага павалілі Дзіму. Я бачыў, як па ім скакалі чатыры чалавекі. Яго проста ў бруд утапталі. На мяне накінуліся, сябры потым распавялі, сем чалавек. Я ляжаў і адчуваў калена на сваім твары. Па сьпіне скакалі — і сёньня баліць. Завезьлі нас усіх у ДАІ, прычым не ў будынак, а на тэрыторыю за калючым дротам. Аляксандру скруцілі нагу, калі нас «вінцілі», мы выклікалі «хуткую». Калі я сказаў мэдыку, што бачце, як міліцыянты людзей б’юць, яна сказала ў такім духу «Я бы вас, мярзотнікаў, яшчэ больш біла», — распавёў Аляксей Елісееў, давераная асоба кандыдата Алены Давыдавай.

З ДАІ затрыманых павезьлі ў Чыгуначны РАУС. Адтуль — у Сьледчы камітэт. «Там проста цягнулі час да 22.00 — пакуль не скончыцца час, які мы замаўлялі на пікет. У Сьледчым камітэце нас проста раскідалі па кабінэтах, і мы сядзелі там. Мне сьледчы сказаў, што «Я наогул ня ведаю, хто ты, што ты і навошта ты тут», — зазначыў жыхар Гомеля.

Пасьля 22.00 іх пачалі адпускаць са Сьледчага камітэту.

«Мы гэта так не пакінем. Будзем высьвятляць — хто, па чыёй камандзе такое робіць. Гэты цырк трэба скончыць неяк. Уявіце — калі нас паклалі тварамі ў асфальт на вуліцы, на прыпынку стаялі 20-30 чалавек, і ніхто не спытаўся нічога, не дапамог, усе толькі здымалі на мабільныя», — падкрэсьліў Аляксей.

Ён лічыць, што гэтыя «прыгоды» былі загадзя сплянаваныя супрацоўнікамі міліцыі, каб сарваць пікет. Бо такім чынам на пікеце не было ані гукаўзмацняльнай апаратуры, ані музыкі, ані сьвятла, ані адных з самых актыўных удзельнікаў. Прычым і вулічнае асьвятленьне «нехта» выключыў па ўсім квартале.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG