Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праціўніка акумулятарнага заводу пад Берасьцем аштрафавалі на 765 рублёў


Пікет праціўнікаў акумулятарнага заводу, 26 верасьня
Пікет праціўнікаў акумулятарнага заводу, 26 верасьня

Суд Берасьцейскага раёну 14 кастрычніка аштрафаваў на 765 рублёў праціўніка будаўніцтва акумулятарнага заводу Канстанціна Астапука, піша БелаПАН.

Што адбылося?

Паводле праваабаронцы Рамана Кісьляка, раніцай 15 жніўня група праціўнікаў акумулятарнага завода прыйшла да прахадной прадпрыемства. Астапук павітаў аднаго з актывістаў словамі: «Не — заводу АКБ». Міліцыя і суд палічылі гэта несанкцыянаваным пікетаваньнем.

«Гэта нейкі прававы тупізм. Улады выходзяць за межы цьвярозага розуму ў перасьледаваньні свабоды выказваньня думкі. Астапук будзе абскарджваць у абласны суд гэтую пастанову раённага суду», — сказаў Кісьляк.

Праваабаронца нагадаў, што актывіста аштрафавалі не ўпершыню. 30 верасьня 2018 году Астапук прыйшоў на плошчу Леніна ў Берасьці, дзе ў гэты дзень сабраліся больш за 90 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу, у вопратцы з налепкай супраць прадпрыемства. Астапука затрымалі, калі ён сыходзіў з плошчы. Суд Ленінскага раёну Берасьця прызнаў яго вінаватым на падставе ч. 1 арт. 23.34 КаАП і аштрафаваў на 14 базавых велічынь (343 рублі). Празь некалькі дзён гэты ж суд аштрафаваў Астапука на тры базавыя велічыні (73,5 рубля) за непадпарадкаваньне міліцыі падчас затрыманьня.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG