Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Італіі скарацілі на траціну колькасьць дэпутатаў у парлямэнце


Парлямэнт Італіі амаль аднагалосна скараціў колькасьць сваіх дэпутатаў больш чым на траціну. Пасьля наступных выбараў іх будзе толькі 600 замест цяперашніх 945: 200 прадстаўнікоў у Сэнаце замест цяперашніх 315, і 400 дэпутатаў у ніжняй Палаце дэпутатаў замест цяперашніх 630.

Паколькі закон прадугледжваў унясеньне зьменаў у Канстытуцыю Італіі, для яго прыняцьця патрабавалася абсалютная большасьць чальцоў ніжняй палаты парлямэнту, або 316 галасоў. Але ў выніку закон прайшоў зь вялікай перавагай: за скарачэньне чальцоў парлямэнту прагаласавалі 553 чальцы Палаты дэпутатаў. Толькі 14 чалавек былі супраць, а яшчэ двое ўстрымаліся.

Раней скарачэньне колькасьці дэпутатаў парлямэнту таксама падтрымала большасьць чальцоў Сэнату. Сёньня Італія займае другое месца ў Эўропе ў колькасьці парлямэнтароў у абедзьвюх палатах пасьля Вялікай Брытаніі, і многія прадстаўнікі папулісцкіх партый настойвалі, што колькасьць дэпутатаў і выдаткі на іх неабходна скараціць.

«Гэта гістарычная рэформа, вялікая перамога італьянскіх грамадзян», — заявіў адзін зь лідэраў «Руху пяці зорак» Луіджы Ды Маё.

«Для Італіі гэта гістарычны дзень, — напісаў прэм’ер-міністар Італіі Джузэпэ Контэ ў твітэры пасьля прыняцьця закону. — Гэтая рэформа закранае выдаткі на палітыку і робіць функцыянаваньне палат больш эфэктыўным».

Наступныя парлямэнцкія выбары ў Італіі павінны адбыцца ў 2023 годзе. Ад таго, што колькасьць мандатаў будзе скарочана, Італію ў наступныя гады чакае маштабная рэарганізацыя выбарчых акругаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG