Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва правядзе ў кастрычніку 4-дзённыя вучэньні на выпадак аварыі на БелАЭС


Беларуская АЭС

З 1 па 4 кастрычніка ў Літве заплянаваныя вучэньні, у рамках якіх будзе змадэляваны ядзерны або радыялягічны інцыдэнт на Беларускай атамнай электрастанцыі, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў Літвы.

1 кастрычніка па ўсёй краіне будзе праверана сыстэма апавяшчэньня і інфармаваньня насельніцтва: будуць гучаць сырэны, жыхары будуць атрымліваць паведамленьні на мабільныя тэлефоны.

2 кастрычніка будзе мадэлявацца эвакуацыя насельніцтва. Таксама ў дзень вучэньняў змадэлююць разьмеркаваньне таблетак ёду, імітацыю дэзактывацыі, чыстку і падрыхтоўку абсталяваньня.

Вучэньні 3 кастрычніка будуць уключаць у сябе паветраную радыяцыйную выведку, разгортваньне верталётаў, наземную радыяцыйную выведку і забруджваньне навакольнага асяродзьдзя.

4 кастрычніка Міністэрства ўнутраных спраў Літвы падвядзе вынікі вучэньняў.

У вучэньнях возьмуць удзел замежныя экспэрты і назіральнікі — экспэрты зь Вялікай Брытаніі, Латвіі, Эстоніі і Польшчы. Яна прадставяць свае ацэнкі і абмяркуюць недахопы і магчымасьці для паляпшэньня, выяўленыя ў ходзе вучэньняў.

Увесь ход выкананьня практыкаваньняў можна будзе адсачыць у рэжыме рэальнага часу на вэб-сайтах МУС і Літоўскай службы гатоўнасьці да надзвычайных сытуацый.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзіцца пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, у 22 км ад мяжы зь Літвой, у каля 50 км ад Вільні і 125 км ад Менску.

  • Запуск першага энэргаблёку запляналі на пачатак 2020 году, другога — на ліпень 2020-га. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што тэрміны сарвала Расея.
  • Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту расейцы ў 2018 годзе запусьцілі Ленінградзкую АЭС-2.
  • Астравецкая АЭС узводзіцца расейцамі — дзяржаўнай кампаніяй «Росатом» — за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу ў эксплёатацыю АЭС, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. То бок праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычынаў не будаваць БелАЭС. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG