Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць беларускіх міністраў складана напалохаць адстаўкай, — эканаміст


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Беларускі эканаміст, старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб тлумачыць, чаму міністры не баяцца адстаўкі, адказвае на пытаньне, адкуль бяруцца грошы для росту даходаў насельніцтва, і тлумачыць, да якога часу над беларускай эканомікай будзе вісець пагроза вялікага крызісу.

Сьцісла

  • Пагроза адправіць урад у адстаўку становіцца ўжо рытуальнай.
  • Крызісы ў нас будуць, але яны будуць насіць іншы характар.
  • Беларусь павінна расьці тэмпамі 5–8 працэнтаў у год, і даволі доўга — толькі для таго, каб скараціць сваё адставаньне ад суседзяў.
  • Пакуль існуюць стратныя дзяржаўныя прадпрыемствы — ёсьць пагроза моцнага крызісу.
  • Пагроза адправіць урад у адстаўку становіцца ўжо рытуальнай

— Нядаўна, выступаючы на эканамічныя тэмы, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што калі ўрад ня выканае прагнозныя парамэтры на гэты год, то будзе накіраваны ў адстаўку. Але на дадзены момант відавочна, што тыя лічбы, якія ставіліся як задачы на 2019 год — напрыклад, рост ВУП на 4 працэнты — ня будуць выкананыя. Як тады можна пракамэнтаваць гэтае выказваньне Лукашэнкі? Ці сапраўды ён можа накіраваць урад у адстаўку, ці гэта проста карцінка для выбарнікаў?

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб

— Найхутчэй, гэта карцінка. Бо калі ўзгадаць ранейшую гісторыю, кожную восень эканамічныя пляны на наступны год праходзяць па звыклым сцэнары. Па-першае, калі ўрад прадстаўляе дастаткова рэалістычныя прагнозы, прэзыдэнт патрабуе зрабіць іх болей напружанымі. Па-другое, пагроза адправіць урад у адстаўку становіцца ўжо рытуальнай. Такія пагрозы гучаць значна часьцей, чым рэальна чальцы ўраду пазбаўляюцца сваіх партфэляў.

— Сапраўды, урад быў прызначаны летась у жніўні, і ў беларускай гісторыі амаль не было выпадкаў, каб урад працаваў так нядоўга. Ці могуць скласьціся такія палітычныя і эканамічныя абставіны, каб Лукашэнка вырашыў адправіць урад у адстаўку?

— Ва ўсім сьвеце пагроза адстаўкі для міністраў — гэта сапраўды сурʼёзная пагроза. Асьмелюся меркаваць, што ў Беларусі свая ўнікальная сытуацыя, у якой большасьць міністраў (прынамсі з эканамічнага блёку) наўрад ці моцна трымаюцца за свае крэслы. Думаю, любы зь іх можа знайсьці сабе працу ў прыватным сэктары. Для іх сядзець ва ўрадзе і слухаць пагрозы ад прэзыдэнта — гэта хутчэй нейкая павіннасьць. Думаю, напалохаць іх адстаўкай вельмі складана.

— Якія ў цэлым эканамічныя вынікі на гэты момант? Як краіна можа скончыць гэты год па асноўных парамэтрах?

— На цяперашні момант, пасьля жніўня, эканамічны рост складае 1,1% ВУП. У канцы году, верагодна, будуць закрытыя пэўныя этапы будаўніцтва АЭС, і адзін гэты праект можа даць істотную прыбаўку да ВУП. У такім выпадку рост ВУП можа скласьці 2–2,5 працэнта.

Што да інфляцыі і яе прагнозу на год не вышэй за 5 працэнтаў — то ёсьць шанцы гэты прагноз выканаць. Магчыма, інфляцыя акажацца трошкі вышэйшая, 5,5 працэнта, але гэтыя паўпрацэнта наўрад ці заўважыць звычайны спажывец. Тут сапраўды ёсьць пэўны прагрэс, але гэта заслуга ня столькі ўраду, колькі каманды Нацбанку.

— Нягледзячы на сьціплы рост ВУП, даходы насельніцтва сёлета растуць нашмат большымі тэмпамі. Адкуль на гэта бяруцца грошы?

— Па-першае, ня трэба думаць,што цяпер грошы друкуюцца, як гэта было раней. Грошы ёсьць у бюджэце, бо папярэднія некалькі гадоў бюджэт меў сурʼёзны прафіцыт. І, дарэчы, у бюджэце загадзя закладваліся сродкі для будучага росту даходаў.

Безумоўна, калі рост даходаў апярэджвае рост прадукцыйнасьці працы — для эканомікі гэта кепска. Але важна, што браць за пункт адліку. У 2015–2016 годзе ў нас было сурʼёзнае падзеньне рэальных даходаў насельніцтва. Той рост, які мы назіраем цяпер, гэта аднаўленьне. Таму вялікай пагрозы гэта не ўяўляе. Беларускі рубель умацоўваецца, інфляцыя на гістарычных мінімумах.

Аднак экспэрты нагадваюць ураду, што калі такая практыка будзе працягвацца і далей, то зь цягам часу можа ўзьнікнуць пагроза і падзеньня курсу рубля, і росту інфляцыі.

Стратныя дзяржаўныя прадпрыемствы — асноўная пагроза для беларускай эканомікі

— Беларусы памятаюць, як у 2009–10 годзе даходы таксама расьлі вельмі хутка і вырасьлі да 500 даляраў, але потым, у 2011 годзе, адбылася дэвальвацыя ў тры разы. Ці выклікаюць у вас занепакоенасьць тыя працэсы напампоўваньня росту даходаў насельніцтва, што адбываюцца цяпер?

— Мне падаецца, што такія перасьцярогі збольшага не апраўданыя. Крызісы ў нас будуць, але яны будуць насіць іншы характар.

Чым адрозьніваецца сытуацыя? Тады ў нас быў адміністратыўна вызначаны курс даляра, пры якім таюць рэзэрвы і адбываюцца рэзкія скачкі курсу. Цяпер у нас курс плавае, і на любыя зьмены ў палітыцы курс рэагуе імгненна, а не выстрэльвае ў выглядзе штучна сьціснутай спружыны.

Па-другое, крыніцы грошай, якія цяпер накіроўваюцца на рост даходаў насельніцтва, зусім розныя. Тады была практыка друкаваньня грошай і раздаваньня іх прадпрыемствам і насельніцтву. Цяпер рост даходаў усё ж ідзе за кошт заробленых эканомікай грошай. Друкарскі станок не ўключаюць і нібыта не плянуюць яго ўключаць. Таму пагрозы крызісу такога маштабу, як у 2011-м, я цяпер ня бачу. Толькі калі дзяржава радыкальна не памяняе сваю эканамічную палітыку і ня вернецца да варʼяцкай практыкі друкаваньня грошай.

— Але ж рост даходаў адбываецца і за кошт павелічэньня замежных даўгоў, якія набіраюць і дзяржава, і прадпрыемствы.

— Я б не перабольшваў рост гэтай крыніцы. Сапраўды, замежны доўг у нас да нядаўняга часу рос вельмі хутка, але за апошнія 2–3 гады ён стабілізаваўся. Адносіны замежнага доўгу да ВУП апошнія гады нават зьніжаюцца.

— У апошнія тыдні прагучала некалькі даволі рэзкіх выступаў прадстаўніка Ўсясьветнага банку ў Беларусі спадара Крэмэра, які заявіў, што падтрымка дзяржавай дзяржаўных прадпрыемстваў цягне ўніз беларускую эканоміку і можа прывесьці да сурʼёзнага крызісу. Ці рэагуюць эканамічныя ўлады на гэтыя аргумэнты?

— На жаль, не. І праблема тут не ў чальцах ураду, а выключна ў кіраўніку дзяржавы. Неэфэктыўныя дзяржаўныя прадпрыемствы — гэта асноўная пагроза для беларускай эканомікі. Без рэформы дзяржпрадпрыемстваў Беларусь можа разьлічваць у лепшым выпадку, пры добрай каньюнктуры, на 2–2,5 працэнта росту ў год. А краіна, якая разьвіваецца — такая, як Беларусь, — павінна расьці тэмпамі 5–8 працэнтаў у год, і даволі доўга — толькі для таго, каб скараціць сваё адставаньне ад суседзяў.

Праблема дзяржаўных прадпрыемстваў павінна вырашацца за кошт іхняй рэструктурызацыі. У тым ліку маецца на ўвазе, што хранічна неэфэктыўныя і стратныя прадпрыемствы трэба пазакрываць, ліквідаваць.

Але гэта цалкам супярэчыць уяўленьням кіраўніка дзяржавы пра тое, як павінна працаваць эканоміка. Пры Лукашэнку ніводзін урад ня здолее вырашыць гэтую праблему. Таму пагроза глыбокага крызісу ці, як мінімум, надта павольнага росту будзе вісець над намі заўжды, да таго часу, пакуль Лукашэнка ня зьменіць свайго стаўленьня да гэтай праблемы.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG