Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая Зэляндыя адмаўляецца ад ацэнкі ВУП. А што такі крок даў бы Беларусі?


Калі прыгнаць на будаўнічую пляцоўку тэхніку і пабудаваць дом, то ВУП краіны вырасьце. Калі на наступны дзень гэты дом разбурыць, то ВУП вырасьце яшчэ больш. Толькі што ад гэтага людзям? Менавіта таму краіны пачынаюць адмаўляцца ад ВУП як паказьніка дабрабыту і шчасьця грамадзян.

Сёлета прэм’ер-міністарка Новай Зэляндыі Джасінда Ардэрн заявіла, што краіне трэба плянаваць свой бюджэт не з улікам Валавага ўнутранага прадукту, як гэта прынята амаль ва ўсім сьвеце, а з улікам дабрабыту і шчасьця грамадзян — Валавага нацыянальнага шчасьця.

Джасінда Ардэрн
Джасінда Ардэрн

Што такое Валавае нацыянальнае шчасьце?

Канцэпцыя Валавага нацыянальнага шчасьця (ВНШ) зьявілася ў другой палове ХХ стагодзьдзя. Гэтае словазлучэньне прынята асацыяваць з фразай караля маленькага каралеўства ў Гімалаях — Бутана.

Манарх заявіў, што Валавае нацыянальнае шчасьце важнейшае за Валавы ўнутраны прадукт. Гэта прывяло да таго, што ў 2008 годзе ўрад краіны пачаў распрацоўваць канцэпцыю індэкса ВНШ.

Індэкс складаецца са шматлікіх фактараў — жыхары краіны адказваюць на 300 пытаньняў адмысловага апытаньня. За гэта ім выплачваюць кампэнсацыю як за працоўны дзень. Сярод пытаньняў ёсьць і такія, якія эўрапейцу могуць падацца дзіўнымі: як часта чалавек моліцца, як у яго справы з яго кармай, якія адносіны ў яго з суседзямі і гэтак далей. Па высновах гэтых апытаньняў складаецца індэкс ад якога адштурхоўваецца кіраўніцтва краіны, плянуючы свой бюджэт.

Валавае нацыянальнае шчасьце гэта, у нейкім сэнсе, бутанскі эксклюзіў. Тым ня менш, ідэя мераць узровень шчасьця не зьяўляецца нечым выключна бутанскім. Вялікабрытанія мае цэлы дэпартамэнт ва ўрадзе, які зьбірае статыстыку, якая сьведчыць аб узроўні шчасьця насельніцтва каралеўства. Падобны інстытут існуе і ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. На рэгіянальным узроўні гэтыя зьвесткі зьбіраюцца ў шматлікіх краінах Заходняй Эўропы, а таксама ў ЗША.

Чаму не хапае аднаго ВУП?

Як вядома, ВУП падлічвае агульную колькасьць тавараў і паслуг, якія вырабляе тая ці іншая краіна. Ён адлюстроўвае памеры эканомікі краіны, але ня цалкам — бо звычайна ня ўлічваецца «ценявы сэктар», які ў некаторых краінах можа быць досыць вялікім. Ня ўлічваюцца і такія фактары як сацыяльная няроўнасьць, якая ўзьнікае па эканамічных прычынах, устойлівасьць эканамічнага росту, амартызацыя капіталу, нэгатыўныя наступствы добрага эканамічнага росту (напрыклад, адмоўны ўплыў на экалёгію і на здароўе жыхароў).

І нарэшце, адна з галоўных прычын, якую называюць прыхільнікі зьмены сыстэмы вымярэньня — ВУП добры для ацэнкі матэрыяльных дасягненьняў краіны, але не нясе ніякай карысьці, калі нас цікавіць агульны дабрабыт грамадзтва.

Калі мы пачынаем вымяраць матэрыяльнае становішча грамадзтва, то атрымліваецца, што нас цікавіць толькі матэрыяльны бок. Насамрэч, сёньня патрэбны больш усеабдымны падыход да эканомікі. Эканоміка і яе стан не зьяўляюцца мэтай самой па сабе. Мэтай павінен быць дабрабыт грамадзян.

Нават аўтар канцэпцыі ВУПа, дарэчы ўраджэнец Пінска і Нобэлеўскі ляўрэат, Сайман Кузьнец, папярэджваў, што ня трэба разглядаць ВУП як паказчык эканамічнага разьвіцьця краіны.

Чаму ідэя арыентавацца на дабрабыт жыхароў спадабалася ня ўсім

Эканоміка Новай Зэляндыі лічыцца дастаткова моцнай — магчыма адной з самых моцных у сваім рэгіёне. Тым ня менш, нават у такой пасьпяховай краіне як Новая Зэляндыя, ёсьць вялікі слой насельніцтва, які мае падставы лічыць, што пра іх дбаюць недастаткова. У краіне існуе праблема з жытлом (яно, мякка кажучы, ня вельмі даступнае), з колькасьцю самагубстваў і дзіцячай беднасьцю (адныя з самых горшых паказьнікаў сярод краінаў Арганізацыі Эканамічнага Супрацоўніцтва і Разьвіцьця) ды бяздомнасьцю. І нават ВУП у разьліку на душу насельніцтва будзе паказваюць выключна стан матэрыяльнага дабрабыту грамадзян краінаў — іх пакупніцкай здольнасьці. ВУП вымярае тое, што вырабляецца і прадаецца краінай, але не заўсёды гэта супадае з тым, чаго хочуць жыхары краіны. Рост, безумоўна, карысны крытэрый, але чаму менавіта ён павінен быць асноўным?

Ёсьць і крытыка такога падыходу — кажуць, што арыентавацца на даволі абстрактны паказчык можа быць ня вельмі эфэктыўна і можа нанесьці шкоду бюджэту краіны. Крытыкі называюць такую ідэю ўтапічнай. Філязофская крытыка таксама прысутнічае — шчасьце гэта індывідуальная справа і ня вельмі ясна, як улады зьбіраюцца даваць вызначэньне шчасьцю. Наколькі ўнівэрсальным такое вызначэньне можа быць? Нарэшце, сама ідэя можа і выглядае як спроба нешта зьмяніць у лепшы бок, але ці лёгка знайсьці станоўчыя прыклады такога падыходу да эканомікі?

На жаль, не зусім. Паводле ААН, на сёньняшні момант самай шчасьлівай краінай сьвету, як бы парадаксальна гэта не гучала, лічыцца Фінляндыя. Бутан, зь яго дзяржаўнай праграмай, паводле ўсё той жа ААНаўскай статыстыкі, знаходзіцца на 97-м месцы — ніжэй за Беларусь, якая на 81 месцы ў гэтым сьпісе.

Падрыхтаваў Ян Поклад

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG