Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кепскі Румас і добры Румас


Што здолеў зрабіць і чаго не зрабіў кіраўнік ураду, прызначаны год таму Як мяняліся ключавыя парамэтры эканомікі, на якія зважаюць усе: заробак, беспрацоўе, інфляцыя Чым адрозьніваецца ўрад Румаса ад ураду Кабякова?

Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць эканаміст, навуковы супрацоўнік Беларускага дасьледча-адукацыйнага цэнтру BEROC Зьміцер Крук і эканамічны аглядальнік, рэдактарка палітыка-эканамічнага блёку навінаў парталу Tut.by Вольга Лойка.

Румас і рэформы

Дракахруст: 18 жніўня 2018 году Сяргей Румас быў прызначаны новым прэм’ер-міністрам Беларусі. Зьмяніўся шэраг іншых ключавых міністраў і віцэ-прэмʼераў.

Нядаўна публіка горача абмяркоўвала нататкі пра Менск расейскага трэвэл-блогера Ільлі Варламава. Нататкі складаліся, як заўжды ў яго, з дзьвюх частак — «Кепскі Менск» і «Добры Менск».

Давайце паспрабуем гэтак жа ацаніць дзейнага прэмʼера: кепскі Румас і добры Румас.

Пры яго прызначэньні шэраг назіральнікаў выказвалі спадзяваньні, што ўрад Румаса правядзе патрэбныя эканоміцы структурныя рэформы, пра якія столькі кажа МВФ. Ці адбыліся, ці хаця б пачаліся гэтыя рэформы?

Лойка: Было б перабольшаньнем сказаць, што рэформы пачаліся. Аднавіліся кантакты з МВФ, аднавілася праца над «дарожнай мапай» з Усясьветным банкам. Так што пэўны рух ёсьць.

Нельга сказаць, што ў новага ўраду быў carte blanche.

Крук: Я нязгодны, што былі вялікія чаканьні ад ураду Румаса. Наадварот, прэзыдэнт Лукашэнка, прызначаючы ўрад, казаў: ваша задача — ня страціць тое, што напрацавана, кіраваць гаспадаркай больш эфэктыўна, але істотна яе не мяняць.

Ад гэтага ўраду можна было чакаць больш эфэктыўных крокаў у бягучым кіраваньні. І гэта сапраўды адбылося.

Але гэта пачалося ня з Румаса, пэўная рэвалюцыя адбылася яшчэ ў 2015 годзе. Урад Румаса працягвае рабіць тое, што рабіў урад Кабякова і робіць Нацбанк.

Адносна прыватнай часткі эканомікі ўрад Румаса спрабуе скарачаць адміністрацыйныя барʼеры, а адносна дзяржаўнай часткі эканомікі — урад спрабуе палепшыць мэнэджмэнт, але без істотных зрухаў у бізнэс-мадэлі гэтых прадпрыемстваў.

Стратэгія «вывазу гною на палі»

Дракахруст: Праз пару месяцаў пасьля прызначэньня Румаса Лукашэнка зладзіў прэмʼеру разнос, маўляў, справа ўраду — не распрацоўваць стратэгіі, а «вазіць гной на палі». Так і атрымалася, гэтым урад і займаўся?

Крук: Вядома, што гэта мэтафара. Але чальцы цяперашняга ўраду зразумелі памылкі папярэднікаў і ня сталі лезьці ў стратэгічныя пытаньні. У пытаньнях уласнасьці, узроўню дзяржаўнай падтрымкі, бюджэтных патокаў урадоўцы спасылаюцца на праграму пяцігодкі, зацьверджаную спадаром Лукашэнкам.

Лойка: Ёсьць спроба рэфармаваньня сыстэмы кіраваньня дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Але, спрабуючы намацаць межы «паляны» дазволенага, яны ўвесь час натыкаюцца на абмежаваньні, пра якія казаў Лукашэнка. Я ня веру ў посьпех палавіністых рэформаў без супольнага разуменьня мэты.

Праблему дзяржаўнага сэктару безь яго рэфармаваньня, проста паляпшэньнем мэнэджмэнту, ня вырашыць. Паляпшаць мэнэджмэнт, безумоўна, трэба. Але гэта не рашэньне.

«У нас цяпер гістарычны пік па рэальных заробках»

Дракахруст: Рэформы, стратэгія — гэта наўпрост не закранае звычайнага беларуса. Што закранае — дык гэта, напэўна, заробак, беспрацоўе, інфляцыя. Як мянялася сытуацыя з гэтымі паказьнікамі? Якой была іх дынаміка ў параўнаньні з часам прэмʼерства Андрэя Кабякова?

Лойка: Па заробках ёсьць станоўчая дынаміка, хаця і даволі сьціплая. Яна прыкладна адпавядае тэмпу росту прадукцыйнасьці працы, хоць тэмп росту заробкаў крыху вышэйшы, чым прадукцыйнасьці працы. Але ад выбарчага году можна было чакаць і больш хуткага росту заробкаў.

Па інфляцыі пляны вытрымліваюцца, хоць гэта было і няпроста. У цэлым я б сказала, што па ўсіх трох пунктах — на «добра» яны спрацавалі.

Крук: Па гэтых паказьніках стан Беларусі найлепшы за 15 гадоў. У нас цяпер гістарычны пік па рэальных заробках.

Урад някепска спрацаваў і па сальда бягучага рахунку, і па фіскальнай пазыцыі.

Наколькі гэта залежала ад ураду? Паўтару — яны працягваюць курс, закладзены ў 2015 годзе. Тое, што яны яго выконваюць даволі эфэктыўна — гэта дасягненьне.

У нашай сытуацыі кіраўнік ураду — гэта кіроўца тралейбуса, маршрут пракладзены, і ад яго залежыць няшмат.

Калі мы паглядзім на суадносіны нашых заробкаў з заробкамі ў суседзяў. З 2014 году сфармаваўся нэгатыўны трэнд. Разрыў з заробкамі ў краінах ва Ўсходняй Эўропе пачаў павялічвацца.

Калі мы параўноўваем з самімі сабой некалькі гадоў таму — мы жывем лепш. Калі зь нейкім міжнародным эталёнам, ганарыцца асабліва няма чым.

Румас і даўгі

Дракахруст: На партале Tut.by у гадавіну прызначэньня новага прэмʼера быў апублікаваны артыкул пра вынікі працы новага ўраду. Я прапаную абмеркаваць асноўныя тэзы гэтай публікацыі. «Мінфін ведае, што рабіць са зьнешнім доўгам». Паводле публікацыі, крыніцы запазычанасьці ўдалося дывэрсыфікаваць, цана заёмных рэсурсаў будзе зьніжацца.

Але ж самая запазычанасьць, здаецца, расьце. Але яна і раней расла. Дык якую адзнаку варта паставіць Румасу па гэтым «прадмеце»?

Лойка: Сёлета зьнешні доўг крыху зьніжаецца — каля 100 мільёнаў менш. Крыху паляпшаецца якасьць, зьніжаюцца адсоткі па доўгу. Зь іншага боку, было б дзіўна, калі б пры росьце ў 1% ВУП мы маглі хутка аддаць тое, што мы гадамі пазычалі.

Мне падабаецца, што цяпер міністар фінансаў Ермаловіч дае прагнозы на сярэднетэрміновую пэрспэктыву. Раней ён казаў — да канца году пратрымаемся. Цяпер ён гаворыць пра год-два.

Крук: Сытуацыя са зьнешняй запазычанасьцю паляпшаецца, але падставы для хваляваньня захоўваюцца.

Суадносіны доўгу да ВУП крыху скараціліся за апошнія 2 гады. На дэпазытах ураду былі назапашаныя даволі вялікія сродкі і ў рэзэрвах Нацбанку. Так што на працягу прынамсі году мы можам вытрываць нават сурʼёзны шторм.

Але ў пэрспэктыве 2-5 гадоў усе тыя перасьцярогі, якія выказваў некалькі гадоў МВФ, захоўваюцца.

Урад і манапалісты: хто каго?

Дракахруст: Яшчэ адна тэза публікацыі на TUT.BY: манапалістаў прыціскаюць. А іх праўда прыціскаюць? Сяргей Румас меў рэпутацыю эканаміста, які як раз умее разьбірацца з прадпрыемствамі дзяржаўнай уласнасьці. Наколькі ён здолеў выкарыстаць гэты досьвед у крэсьле прэмʼера?

Лойка: У нас рэгуляваныя цэны растуць удвая хутчэй, чым рынкавыя. І манапалісты ўмеюць вельмі спрытна лабіраваць свае інтарэсы. Калі цэны на нафту растуць, «Белнафтахім» узьнімае цану на бэнзін. Але калі цана на нафту падае, яны цану на бэнзін таксама падвышаюць. Яны ўмеюць абгрунтаваць усё.

Белтэлекам павялічвае тарыфы на 8.5%. А чаму настолькі, калі інфляцыя ў нас значна ніжэйшая?

Крук: МВФ яшчэ гадоў 5 таму казаў, што каб зразумець, што рабіць з дзяржаўным сэктарам, трэба зразумець, якія прадпрыемствы на якім сьвеце знаходзяцца. Нехта ўжо і нежывы, і падтрымліваць іх жыцьцядзейнасьць — гэта марная справа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG