Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Вазіць гной на палі — таксама праца ўраду


Аляксандар і Мікалай Лукашэка падчас суботніка ў Александрыі Магілёўскай вобласьці, 21 красавіка 2018 году
Аляксандар і Мікалай Лукашэка падчас суботніка ў Александрыі Магілёўскай вобласьці, 21 красавіка 2018 году

Прэс-служба Лукашэнкі не перадала гэтае ягонае выказваньне, а на дзяржаўнай тэлевізіі словы пра гной паказалі.

На сустрэчы зь віцэ-прэм’ерам Аляксандрам Турчыным 25 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка абурыўся «некаторымі сыгналамі» аб тым, што ўрад сабраўся займацца выпрацоўкай стратэгіі, хоць стратэгія ўжо выпрацаваная — «яна вызначаецца прэзыдэнтам», казаў ён.

Паводле Лукашэнкі, стратэгія «ўносіцца на прэзыдэнцкіх выбарах і зацьвярджаецца Ўсебеларускім народным сходам». Ураду можна толькі ўносіць прапановы ў карэктаваньні, але «рашэньні прымае прэзыдэнт», заявіў Лукашэнка.

Такую заяву перадалі і прэс-служба Лукашэнкі, і дзяржаўная тэлевізія. Але на нарадзе прагучала прынамсі адна фраза, якую не перадала прэс-служба, а дзяржаўная ТВ перадала:

«Урад у Беларусі заўжды займаўся і рэальным сэктарам эканомікі, і іншымі пытаньнямі, таму давядзецца рабіць усё: і гной вывозіць на палі, і сеяць, і ўбіраць, і ля станка стаяць, і тэхналёгіямі займацца», — казаў Лукашэнка, што відаць на кадрах дзяржаўнага тэлеканала АНТ тут ад 1:29.

Тым часам прэс-служба Лукашэнкі прапусьціла адну дэталь: перадала, што Лукашэнка сказаў, што ўраду «давядзецца рабіць усё: і сеяць, і ўбіраць…»

Раней прэс-служба Лукашэнкі «зацэнзурыла», напрыклад, словы Лукашэнкі пра тое, што студэнтаў, якія вучацца на аграномаў, на першым курсе трэба «акунаць у г...но» — з пэдагагічнай нарады перадавалі шмат чаго, а гэтай фразы не было ў тэксьце, толькі на жывой відэатрансьляцыі. Таксама прэс-служба Лукашэнкі не перадавала, напрыклад, як Лукашэнка разважаў, якім павінен быць белы колер — а ў вячэрніх навінах тое паказалі.

Што да ўраду, то, казаў Лукашэнка, калі ўрад ня будзе рабіць гэтага, а «сядзець у канторы і выпрацоўваць нейкую стратэгію», то не зразумее, «што адбываецца ўнізе» — а «Беларусі такі ўрад не патрэбен».

Пасьля словаў пра вываз гною сіламі ўраду Лукашэнка і Турчын абмеркавалі разьвіцьцё ІТ-сфэры і лічбавай эканомікі, згадвалі ідэю Міністэрства лічбавай эканомікі і разьвіцьцё Парку высокіх тэхналёгіяў.

Ды Лукашэнка расказаў, што не ў захапленьні ад ІТ-тэматыкі: «Гэта, вядома, модна, але справа ня ў модзе».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG