Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белы колер павінен быць вось такім. А гэты чырвоны нават не чырвоны». Лукашэнка раскрытыкаваў форму беларускіх спартоўцаў


Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў парадную і спартовую форму беларускіх атлетаў для II Эўрапейскіх гульняў

Аляксандру Лукашэнку 2 кастрычніка ў Палацы Незалежнасьці паказалі форму беларускіх атлетаў для II Эўрапейскіх гульняў. Увечары на дзяржаўнай тэлевізіі паказалі запіс, у якім прагучалі словы Лукашэнкі, якіх не перадавалі ў дзённых рэпартажах і відэа ягонай прэс-службы.

«Белы колер — ён павінен быць вось такім белым, — казаў Аляксандар Лукашэнка. — Вось нават вазьмі гэты белы колер і гэты. Нейкай аддае сінявой».

Ён крытыкаваў белы колер на сіняй форме. Дырэктар кампаніі «Сола-Пінск» Васіль Гарагляд паспрабаваў запярэчыць: маўляў, гэта за кошт сіняга колеру побач белы аддае сінявой. Лукашэнка адказаў: «Ня толькі ад гэтага».

«Або вось глядзі: чырвоны гэты колер нават не чырвоны, — паказаў Лукашэнка Гарагляду. — Яскрава ўсё гэта відаць».

Прапанаваныя варыянты формы Лукашэнка часткова ўхваліў: адзін прапанаваў узяць за ўзор паводле яркасьці, выразнасьці і кідкасьці, іншыя ацаніў «на ступень ніжэй». Герб на форме ён прапанаваў зрабіць «каб ня быў як плямка герб, а каб быў герб як герб».

Лукашэнка таксама запатрабаваў растлумачыць яму, чаму не дзяржаўныя, а прыватныя прадпрыемствы распрацавалі форму для спартоўцаў і валянтэраў. Першы віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Андрэй Асташэвіч растлумачыў, што дзяржаўныя прадпрыемствы не прайшлі конкурс.

На гэта Лукашэнка адказаў, што яму неістотна, ці дзяржаўнае прадпрыемства рабіла форму, ці прыватнае, але «галоўнае, каб гэта было беларускае і каб гэта было годна». Недахопы формы Лукашэнку паабяцалі выправіць.

Акрамя таго, Лукашэнка пытаў, у чым «беларуская разынка» формы (яму адказалі, што на форме ёсьць арнамэнт у стылі беларускай выцінанкі» і раскрытыкаваў абутак для беларускіх спартоўцаў:

«Ты кажаш беларускае, але гэта Nike», — заявіў Лукашэнка пра абутак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG