Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Там людзі бранзавеюць на пасадах», — Лукашэнка раскрытыкаваў Міжнародны алімпійскі камітэт


Аляксандар Лукашэнка падчас генэральнай асамблеі Эўрапейскага алімпійскага камітэту ў Менску, 21 кастрычніка 2016 году
Аляксандар Лукашэнка падчас генэральнай асамблеі Эўрапейскага алімпійскага камітэту ў Менску, 21 кастрычніка 2016 году

Аляксандар Лукашэнка, які апрача пасады Прэзыдэнта Беларусі 21 год ўзначальвае Нацыянальны алімпійскі камітэт, раскрытыкаваў Міжнародны алімпійскі камітэт за бюракратычнасьць і «забранзавеньне».

У час сустрэчы з генэральным сакратаром Міжнароднай фэдэрацыі баскетболу (FIBA) Патрыкам Баўманам Аляксандар Лукашэнка выказаў свае прэтэнзіі да МАК, піша ТАСС.

«Мне здаецца, гэтая структура ня проста бюракратычная, яна часам безадказная. Там вельмі хутка „бранзавеюць“ людзі, знаходзячыся на гэтай пасадзе, — казаў Лукашэнка. — І я як кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэту вымушаны на чарговым мерапрыемстве давесьці [гэта] да ведама міжнароднай спартовай грамадзкасьці».

Лукашэнка таксама раскрытыкаваў МАК за «ператварэньне спорту ў частку бруднай палітыкі» і за «абвінавачаньне цэлай каманды» ва ўжываньні допінгу (якой — не ўдакладніў), выказаўся за «празрыстасьць» WADA — Усясьветнага антыдопінгавага агенцтва.

Сам Лукашэнка ўжо больш за 21 год кіруе Нацыянальным алімпійскім камітэтам Беларусі — мае там пасаду прэзыдэнта. Пры тым, згодна прынцыпам Алімпійскай хартыі, пасады кіраўнікоў Нацыянальных алімпійскіх камітэтаў ня могуць займаць людзі, якія знаходзяцца на вышэйшых дзяржаўных пасадах.

У лютым Лукашэнка зьняў з пасады міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко за «непрыняцьце дзейсных захадаў у барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэньнямі ў падведамасных арганізацыях», пасьля «адкамандзіраваў» яго ў Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Новым міністрам Лукашэнка прызначыў свайго ахоўніка, бо «генэрал не спрацаваў, таму бралі ніжэй, хоць ня вельмі нізка».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG