Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марадона: «Я хачу, каб Лукашэнка стаў заўзятарам «Дынама-Брэст»


16 ліпеня Дыега Марадона быў прэзэнтаваны ў Берасьці ў якасьці новага старшыні праўленьня футбольнага клюбу «Дынама-Брэст». На прэс-канфэрэнцыю сабралася больш за сто журналістаў зь Беларусі і іншых краін. Каля 15 гадзіны Марадона прыляцеў у Берасьце чартэрным рэйсам. У гатэль яго завезьлі за паўгадзіны, завялі праз чорны ўваход.

«У першую чаргу я хачу падзякаваць сваёй маці, якая цяпер на нябёсах. Яна мяне накіроўвае ва ўсіх маіх справах... Мне падаецца, гэта вельмі сур’ёзны праект („Дынама-Брэст“. — РС), — сказаў Марадона журналістам. — Калі я скончу сваю кар’еру ў Берасьці, то я, напэўна, застануся тут жыць. Я паўтара года ня быў у Аргентыне, ня бачыў сваіх родных. Хацеў бы пачаць зь невялікага адпачынку, які дазволіў бы мне зарадзіцца».

Пры гэтым акурат у дзень прыезду Марадоны ў Беларусь стала вядома, што паводле кантракту зь берасьцейскім клюбам ён ня будзе жыць у Берасьці.

«Дыега з намі, я віншую ўсіх нас. Асабліва тых, хто заўзее за «Дынама-Брэст», — сказаў дырэктар клюбу па разьвіцьці Віктар Радзькоў.

Ён прэзэнтаваў эскіз будучага стадыёна на 30 тысяч чалавек, які павінен зьявіцца ў Берасьці. Разам са стадыёнам, паводле Радзькова, пабудуюць футбольную акадэмію і гатэльны комплекс. Месца для новага стадыёна абралі за горадам, каля Камянецкага кальца. У ФК «Дынама-Брэст» спадзяюцца, што на новы стадыён берасьцейцы будуць прыяжджаць на ўвесь дзень цэлымі сем’ямі.

Новы кіраўнік праўленьня берасьцейскага «Дынама» Дыега Марадона таксама пацьвердзіў намер сустрэцца з кіраўніком Беларусі.

«Я хачу сустрэцца з Лукашэнкам, — сказаў Марадона. — Я знаў Чавэса, Фідэля, Кадафі. Я знаю Пуціна. Я хачу сфатаграфавацца з Лукашэнкам. Спадзяюся, ён стане нашым заўзятарам».

На прэс-канфэрэнцыі з удзелам Марадоны таксама прагучалі пляны будучага разьвіцьця клюбу. Паводле арабскага партнэра ФК «Дынама-Брэст» Таджэдзіма Саіфа, у Беларусь будуць прыяжджаць і арабскія футбалісты. Разам з тым ён адмовіўся сказаць, якую кампанію прадстаўляе і колькі грошай інвэставаў у беларускі клюб.

«У нас ёсьць кампанія ў Дубаі, у нас вельмі шмат спраў у Беларусі і іншых краінах. Размова тут ня пойдзе пра грошы альбо нейкія іншыя інвэстыцыі. Колькі грошай мы ўклалі ў гэты праект. Дыега Марадона — наша самая вялікая інвэстыцыя».

У Берасьці Дыега Марадона прабудзе да заўтра, 17 ліпеня. Дата наступнага яго візыту ў Беларусь пакуль не вядомая.

Прадай БелАЗ, купі Марадону. Адкуль грошы ў берасьцейскага «Дынама»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG