Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадай БелАЗ, купі Марадону. Адкуль грошы ў берасьцейскага «Дынама»


Дыега Марадона ў Берасьці 16 ліпеня 2018
Дыега Марадона ў Берасьці 16 ліпеня 2018

Кампанія, якая два гады таму стала ўладальніцай ФК «Дынама-Брэст», зарабляе на гандлі беларускімі грузавікамі, трактарамі і угнаеньнямі. Ёй кіруюць людзі з досьведам працы ў структурах улады, аднак імёны ўлаcьнікаў застаюцца невядомымі.

13 траўня 2015 году навіны пра ФК «Дынама-Брэст» трапілі нават на неспартыўныя сайты. Прычына была кранальнай і адначасова бязьлітаснай. Клюб так зьбяднеў, што ня мог набыць форму для ўласных футбалістаў. У выніку яе купілі фанаты, якія сабралі для гэтай мэты каля 10 тысяч даляраў.

Роўна праз тры гады, 15 траўня 2018 году, «Дынама-Брэст» зноў трапіла на старонкі неспэцыялізаваных сайтаў. На гэты раз ня толькі беларускіх, але і вядучых замежных. Прычынаю стала прызначэньне на пасаду прэзыдэнта праўленьня Дыега Марадоны. Аргентынская зорка падпісала зь беларусамі кантракт на тры гады. Сума дамовы не разгалошваецца.

На пачатку дзесяцігодзьдзя, калі Марадона працаваў трэнэрам у Дубаі, спартовыя выданьні назвывалі яго адным з самых высокааплатных трэнэраў сьвету, ён атрымоўваў штогод прынамсі 10 мільёнаў даляраў. Клюб «Аль-Ўасл», які тады трэнаваў Марадона, таксама адмаўляўся называць суму кантракту.

Падпісаньне кантракту Марадоны з берасьцейцамі адбывалася ў Абу-Дабі
Падпісаньне кантракту Марадоны з берасьцейцамі адбывалася ў Абу-Дабі

За крок да банкруцтва

У першым футбольным чэмпіянаце незалежнай Беларусі «Дынама-Брэст» стала трэцім. У 2007 узяло Кубак краіны. Каманда была ціхім моцным сераднячком, пакуль ня трапіла пад пагрозу банкруцтва ў 2015 годзе. Каб уратавацца ад поўнага зьнішчэньня, клюб нават выставіў на продаж свой офіс. Аднак будынак нікому не спатрэбіўся. А да кранальнай гісторыі з купленай фанатамі формай для футбалістаў дадаўся анэкдатычны выпадак з пошукам 3G-мадэма праз сацсеткі. Грошай не было нават на мабільны інтэрнэт.

Сэзон 2016 году мог стаць для «Дынама-Брэст» апошнім у найвышэйшай лізе. У першым жа туры здарыўся хатні разгром ад БАТЭ з лікам 4:1. Тады ніхто і падумаць ня мог, што ўсяго праз год «Дынама-Брэст» зь лёгкасьцю будзе перамагаць БАТЭ на хатнім стадыёне, адолее багаты «Шахцёр» у фінале Кубку і ўвогуле стане адным з фаварытаў чэмпіянату краіны.

Усяго два гады таму на форму гульцам клуба скідваліся фанаты
Усяго два гады таму на форму гульцам клуба скідваліся фанаты

Таямнічыя інвэстары

Да сярэдзіны лета 2016 году юрыдычна ФК «Дынама-Брэст» быў грамадзкім аб’яднаньнем і фінансаваўся дзяржавай. Аднак 6 ліпеня 2016 году Берасьцейскі аблвыканкам зарэгістраваў новую юрыдычную асобу — Таварыства з абмежаванай адказнасьцю ФК «Дынама-Брэст». Яе ўласьнікамі сталі ўжо згаданае грамадзкае аб’яднаньне «Футбольны клюб „Дынама-Брэст“» (24%) і прадпрыемства свабоднай эканамічнай зоны Sohra Overseas (76%). Статутны фонд новага ТАА склаў усяго 100 беларускіх рублёў.

Выпіска з Адзінага дзяржаўнага рэестра юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў пра ўладальнікаў ФК "Дынама-Брэст" на 24 траўня 2018
Выпіска з Адзінага дзяржаўнага рэестра юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў пра ўладальнікаў ФК "Дынама-Брэст" на 24 траўня 2018

Кампанія Sohra Overseas зарэгістраваная ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Неўзабаве пасьля зьяўленьня новага інвэстара клюбу ўладальнікам асноўнага пакету акцыяў называлі шэйха Поля Даэра, які адначасова займаў у Sohra пасаду мэнэджара. Аднак у траўні 2018 году прэс-сакратар «Дынама-Брэст» Вольга Хіжынкова паведаміла, што Поль Даэр больш ня ёсьць адным з уладальнікаў клюбу. Маўляў, ён прадаў сваю долю яшчэ год таму. А новыя ўладальнікі — людзі непублічныя і для кантактаў з прэсай закрытыя. Google на запыт Sohra Overseas выдае некалькі спасылак (напрыклад), дзе ў якасьці мэнэджэра кампаніі пазначаны Яўген Мацюхін. Пры гэтым у рэестрах ААЭ Sohra Overseas зарэгістраваная як кампанія з беларускім капіталам, яна мае рэгістрацыю ў вольнай эканамічнай зоне.


У Беларусі існуе кампанія з сугучнай назвай — ТАА «Сохра». З 2014 да сярэдзіны 2017 году яна называлася «Сохра груп», затым да 6 красавіка 2018 году мела назву ТАА «Тим Индастриал Сервис Кампани». Згодна рэестру Міністэрства юстыцыі, ТАА «Сохра» належыць замежнай юрыдычнай асобе — таварыству з абмежаванай адказнасьцю «Timak General Trading Co.», зарэгістраванаму ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Пошук у інтэрнэце выводзіць нас на чарговы сайт, дзе ў якасьці мэнэджэра пазначаны Яўген Мацюхін. Таксама вядома пра таварыства з абмежаванай адказнасьцю «БСТД Сохра», зарэгістраванае на Сахаліне, дырэктарам якога названы ўсё той жа Яўген Мацюхін. Свабода спрабавала зьвязацца з мэнэджарам, але адказу не атрымала.

З прыходам інвэстараў прэсавай сакратаркай клюбу стала Міс Беларусь Вольга Хіжынкова
З прыходам інвэстараў прэсавай сакратаркай клюбу стала Міс Беларусь Вольга Хіжынкова

Гандаль БелАЗамі і ўгнаеньнямі

«Асноўным кірункам нашай дзейнасьці ёсьць прасоўваньне і рэалізацыя на рынках Афрыкі і краін Арабскай затокі прадукцыі прамысловага комплексу Рэспублікі Беларусі, — гаворыцца на афіцыйным сайце Sohra Overseas. — Грузавыя аўтамабілі, трактары, кар’ерныя самазвалы, высокатэхналягічная спэцыяльная тэхніка, шыны і многае іншае. Акрамя таго, Sohra Overseas займаецца пастаўкамі будаўнічых матэрыялаў, а таксама прадуктаў харчаваньня».

БелАЗы
БелАЗы

Кампанія фактычна зьяўляецца дылерам асноўных беларускіх вытворцаў аўтамабільнай і трактарнай тэхнікі. У краіны Азіі і Афрыкі Sohra Overseas прадае грузавікі MAZ-MAN, БелАЗ, МАЗ, трактары МТЗ, спэцыяльную тэхніку «Амкадор» і шэраг іншых найменьняў. Аб’ёмы кантрактаў немалыя. У 2017 годзе толькі ў Зымбабвэ Sohra Overseas паставіла каля 50 кар’ерных самазвалаў БелАЗ. На сайце вытворцы Sohra Overseas пазначаная як афіцыйны дылер у гэтай афрыканскай краіне.

Які прыбытак можна атрымаць ад такой угоды, даведацца немагчыма. Камэрцыйнай таямніцай ёсьць нават цана аднаго самазвала. Вядома толькі, што БелАЗ грузападымальнасьцю каля 200 тонаў каштуе прыкладна 2 мільёны даляраў. Такім чынам, цана пастаўленай у 2017 годзе ў Зымбабвэ партыі можа сягаць нават 100 мільёнаў. Займаецца Sohra Overseas і экспартам беларускіх угнаеньняў на азіяцкія рынкі.

За Паўла Савіцкага (у цэнтры) берасьцейцы заплацілі 200 тысяч даляраў
За Паўла Савіцкага (у цэнтры) берасьцейцы заплацілі 200 тысяч даляраў

Памочнікі Сідорскага і Лукашэнкі

Да трагічнай сьмерці ў верасьні летась адным з вядучых мэнэджараў Sohra Overseas быў Андрэй Філіпюк, які ўзначальваў беларускае прадстаўніцтва. З 2003 па 2011 гады Філіпюк працаваў у Савеце міністраў, быў памочнікам тагачаснага прэм’ера Сяргея Сідорскага. Пасьля працаваў у Беларускай гандлёва-прамысловай палаце, прадстаўляў інтарэсы беларускіх прадпрыемстваў у Аўстраліі і Новай Зэляндыі.

Яшчэ адной фігурай, зь якой зьвязваюць бізнэс кампаніі Sohra Overseas, выяўляецца Аляксандар Зайцаў. Паводле інфармацыі спартовага сайту «Трыбуна», менавіта гэты чалавек прывёў у Берасьце грошы Sohra Overseas.

Згодна рэйтынгу выданьня «Ежедневник», у 2017 годзе Аляксандар Зайцаў займаў 69 месца сярод 200 самых пасьпяховых беларускіх бізнэсоўцаў. Ён валодае лягістычнай кампаніяй «Брэміна груп», якой належыць лягістычны цэнтар у Брузгах каля Горадні, а ў плянах будаўніцтва яшчэ некалькіх цэнтраў на іншых памежных пунктах. Вядома, што да сыходу ў бізнэс Зайцаў працаваў у МЗС Беларусі. Паводле інфармацыі парталу tut.by, ён таксама быў асабістым памочнікам Віктара Лукашэнкі.

Нягледзячы на прыход у клюб вялікіх грошай, берасьцейцы сёлета ў чэмпіянаце краіны займаюць пакуль толькі шостае месца
Нягледзячы на прыход у клюб вялікіх грошай, берасьцейцы сёлета ў чэмпіянаце краіны займаюць пакуль толькі шостае месца

Новы 30-тысячны стадыён і футбольная акадэмія ў Александрыі

Паводле выданьня «Прэсбол», бюджэт ФК «Дынама-Брэст» на 2017 год складаў каля 3,5 мільёна даляраў. Да прыходу новых уладальнікаў клюб у год траціў усяго 420 тысяч. Для параўнаньня — гадавы бюджэт БАТЭ ў 2017 годзе складаў каля 5 мільёнаў даляраў, менскага «Дынама» і салігорскага «Шахцёра» — каля 3 мільёнаў.

Памер бюджэту на 2018 год афіцыйна не агучваўся. Згодна ацэнцы нямецкага спэцыялізаванага сайту transfermarkt.com, агульны рынкавы кошт футбалістаў клюба складае больш за 11 мільёнаў даляраў.

Дыега Марадона ў Берасьці 16 ліпеня 2018
Дыега Марадона ў Берасьці 16 ліпеня 2018

Трансфэры вядомых футбалістаў і прыход Марадоны — не адзіныя выдаткі клюбу. Пасьля навіны аб пераезьдзе зорнага аргентынца ў Беларусь зьявіліся паведамленьні пра будаўніцтва ў Берасьці новага футбольнага стадыёну на 30 тысяч гледачоў. Кіраўніцтва гарвыканкаму ўжо пацьвердзіла, што гатовае бясплатна вылучыць для гэтага ўчастак каля трасы М1 на менскім кірунку. Кошт праекту пакуль невядомы. 13-тысячная «Барысаў-Арэна» ў свой час каштавала каля 50 мільёнаў даляраў, рэканструкцыя 22-тысячнага менскага стадыёну «Дынама» — каля 150 мільёнаў. Крыніцы фінансаваньня будаўніцтва новага стадыёну для «Дынама-Брэст» не называюцца.

Акрамя Берасьця, клюб чынны ў іншых рэгіёнах краіны. Яшчэ ў 2016 годзе быў адкрыты офіс у Менску. А ў пачатку чэрвеня БелТА паведаміла, што ў жніўні «Дынама-Брэст» адкрые філію футбольнай акадэміі на радзіме кіраўніка дзяржавы ў Александрыі Шклоўскага раёну. «Александрыя для стварэньня філіі акадэміі выбраная невыпадкова, — гаварылася ў паведамленьні. — Тут ідэальныя ўмовы для жыцьця, вучобы і трэніровак юных футбалістаў. Але галоўнае — гэта прафэсійнае рыхтаваньне гульцоў».

Маўчаньне ўласьнікаў

У кампаніі Sohra Overseas сваю ролю ў кіраваньні і фінансаваньні футбольнага клюбу «Дынама-Брэст» не камэнтуюць, адсылаючы журналістаў у клюбную прэс-службу. Таксама невядомымі застаюцца імёны ўласьнікаў Sohra Overseas.

На ўсе пытаньні пра сёньняшніх уласьнікаў клюбу і ўмовах кантракту Марадоны ў «Дынама-Брэст» адказваюць маўчаньнем. Маўляў, уладальнікі — людзі непублічныя, а ўмовы кантракту — камэрцыйная таямніца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG