Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка звольніў міністраў лясной гаспадаркі і спорту за правал у барацьбе з карупцыяй


Аляксандар Шамко, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка вызваліў ад пасадаў міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча і міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко за «непрыняцьце дзейсных захадаў у барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэньнямі ў падведамасных арганізацыях», паведамілі ​БЕЛТА ​ў прэс-службе Лукашэнкі.

Кіраўніца Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Натальля Качанава, камэнтуючы сытуацыю са звальненьнем міністраў, адзначыла, што патрабаваньні прэзыдэнта Беларусі па барацьбе з карупцыяй у дзяржаўных органах і арганізацыях вядомыя і што «любы такі факт наносіць непапраўную шкоду іміджу ўлады і грамадзкім дачыненьням у дзяржаве».

«У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы яшчэ раз зьвярнуў увагу кіраўнікоў усіх узроўняў на ўзмацненьне пэрсанальнай адказнасьці за выкананьне патрабаваньняў антыкарупцыйнага заканадаўства, недапушчэньне правапарушэньняў у гэтай сфэры», — сказала Качанава.

«Усюды правал». Лукашэнка прысароміў трэнэраў за футбол

Чыноўніца падкрэсьліла, што ў дачыненьні кіраўнікоў, у падведамных арганізацыях якіх выявяць падобныя факты, будуць ужывацца «самыя жорсткія, але справядлівыя захады, уключаючы вызваленьне ад займаных пасадаў».

Чым запомніліся Шамко і Амельяновіч

Аляксандар Шамко
Аляксандар Шамко

49-гадовы Алякандар Шамко быў прызначаны на пасаду міністра спорту і турызму 31 кастрычніка 2012 году, да таго працаваў 4 гады намесьнікам міністра па надзвычайных сытуацыях, раней працаваў на розных пасадах у ратавальных службах. Калі Шамко заступіў на пасаду міністра спорту і турызму, то на словах абвясьціў «вайну допінгу». Аднак чыноўніка наўрад ці можна абвяшчаць пераможцам ў ёй. Напярэдадні цяперашніх Алімпійскіх гульняў Шамко заяўляў, што ў міністэрстве «адмовіліся ад мэдальнага плянаваньня».

Пры Шамко Беларусь увяла 5-дзённы бязьвізавы рэжым для грамадзянаў васьмі дзясяткаў краінаў – у межах «бязьвізу» Беларусь наведалі за год 83 тысячы турыстаў. Але таксама пры Шамко былі гучныя суды, зьвязаныя з карупцыяй у спорце, як то справа футбольнага арбітра, які «спрыяў» прызначэньню правільных судзьдзяў на гульні за 100–200 даляраў, або справа з дамоўнымі гульнямі з удзелам ФК БАТЭ.

Міхаіл Амельяновіч
Міхаіл Амельяновіч

60-гадовы Міхаіл Амельяновіч стаў міністрам лясной гаспадаркі ў сакавіку 2010 году, да таго больш за 10 год быў генэральным дырэктарам Менскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднаньня, перад тым ад 1980-га працаваў у розных лясгасах.

Пры Амельяновічы была фактычна праваленая мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі, дазволеныя пастаўкі беларускай неапрацаванай драўніны за мяжу. Таксама пры ім у Беларусі зьнішчылі амаль ўсіх дзікоў — калі дзікі скончыліся, Амельяновіч прапанаваў паляўнічым пераключыцца на ласёў, аленяў і казуляў.

Мінантыманапрэгіг! Тэст пра беларускія міністэрствы

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG