Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка дазволіў вывозіць лес за мяжу. Экспэрт: «Мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі правалілася»


На нарадзе 24 студзеня Аляксандар Лукашэнка дазволіў паставіць за мяжу 1,8 млн кубамэтраў неапрацаванай драўніны.

Паводле ўказу, падпісанага ў 2015 годзе, продаж такой драўніны іншым дзяржавам без асабістага дазволу кіраўніка краіны, забараняецца. Выключэньне можа быць зроблена толькі ў надзвычайных выпадках — напрыклад, калі моцныя ўраганы павалілі дрэва на дзясятках тысячаў гектараў, як гэта адбылося ў 2015-2016 гадах. Аднак цяпер урад прапанаваў дазволіць вываз неапрацаванага лесу.

Гэтую прапанову міністар лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч патлумачыў недазагрузкай айчынных прадпрыемстваў, а таксама іх незавершанай мадэрнізацыяй.

— Відавочна, сёньня дзяржаве цяжка прызнаць, што сродкаў проста няма. Улады шукаюць ва ўсіх галінах эканомікі рэсурсы, каб зьвесьці канцы з канцамі. Ніякія пастаўкі за мяжу лесаматэрыялаў не заменяць Беларусі нафту і не збалянсуюць экспарт, які значна ўпаў апошнім часам, — сказаў у інтэрвію Свабодзе старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук.

Паводле Ярашука, беларускія прадпрыемствы не атрымалася пасьпяхова мадэрнізаваць, нягледзячы на спадзяваньні кіраўніцтва краіны.

— Сапраўды, у нас вялікі запас сьпелых лясоў, прыдатных для апрацоўкі ўласнымі сіламі, але ва ўмовах цэнтралізаванай эканомікі ажыцьцявіць гэта не ўдалося. Без прыцягненьня сур’ёзных інвэстараў з боку нічога не атрымалася. На сёньняшні дзень ёсьць падставы казаць пра тое, што мадэрнізацыя дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў правалілася. Калі Лукашэнка вырашыў дазволіць экспарт значнай партыі сыравіны, значыць, ён сам негалосна прызнаў неэфэктыўнасьць сваёй эканамічнай стратэгіі, — лічыць Ярашук.

Паводле статыстычных дадзеных Міністэрства лясной гаспадаркі, экспарт лесапрадукцыі і адпаведных паслугаў рэалізуецца ў 25 краінаў сьвету. 97% экспарту прыпадае на краіны далёкага замежжа і 3% — блізкага.

Агульны запас драўніны ў Беларусі, паводле ацэнкі Міністэрства лясной гаспадаркі, каля 263 млн кубамэтраў. У 2016 годзе плянавалася нарыхтаваць 15,2 мільёна круглага лесу.

Глядзець камэнтары (1)

XS
SM
MD
LG