Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў міністрам спорту свайго ахоўніка. «Генэрал не спрацаваў, таму бралі ніжэй, хоць ня вельмі нізка»


Сяргей Кавальчук на спаборніцтвах «​Менская лыжня», люты 2018

Аляксандар Лукашэнка падпісаў рашэньне аб прызначэньні міністрам спорту і турызму 49-гадовага Сяргея Кавальчука.

Сяргей Кавальчук нарадзіўся ў сяле Журавок Янаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці, з 1989-га па 2004 год служыў ва Ўзброеных сілах (у 1999-м скончыў Вайсковую акадэмію Беларусі), ад 2004 году працаваў у Службе бясьпекі Лукашэнкі. Мае дзяржаўныя ўзнагароды: ордэн «За службу Радзіме» ІІІ ступені, мэдалі «За бездакорную службу» І, ІІ і ІІІ ступеняў. Іншых зьвестак пра новага міністра не публікавалася.

«Пакуль у нас у спорце больш праблем, чым перамог і посьпехаў, — казаў Лукашэнка новаму міністру. — Думай, глядзі, з кім працаваць, выбудоўвай сыстэму. Але галоўнае — там не хапае дысцыпліны. Трэнэрскі склад працуе агідна, за выключэньнем некаторых».

Лукашэнка дадаў, што новаму міністру трэба падвышаць заробкі трэнэрам, але «каб у кожнага трэнэра быў расклад, як у настаўніка ў школе».

Таксама Аляксандар Лукашэнка наракаў на недастатковую запаўняльнасьць трыбунаў падчас падчас нядаўніх біятлённых спаборніцтваў, дзе выступаў і заняў трэцяе месца ягоны сын Мікалай: «Нуль чалавек на трыбунах, для каго гэтыя людзі выступаюць?»

Таксама 5 сакавіка Лукашэнка прызначыў шэраг новых кіраўнікоў райвыканкамаў, прызначыў амбасадарам ва Ўзбэкістане Леаніда Марыніча, намесьнікам старшыні Вярхоўнага суду — Юрыя Кобца, генэральным дырэктарам «Гомельтранснафты» — Алега Барысенку, генэральным дырэктарам «Беларусьфільму» — Уладзімера Карачэўскага, былога дырэктара Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі.

Папярэдняга міністра спорту Аляксандра Шамко Лукашэнка «адкамандзіраваў» ў Міністэрства надзвычайных сытуацыяў празь «непрыняцьце дзейсных захадаў у барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэньнямі ў падведамных установах».

Гэта ўжо трэцяе за апошнія чатыры месяцы высокае прызначэньне ахоўнікаў Лукашэнкі

«Генэрал не спрацаваў, таму бралі ніжэй, хоць ня вельмі нізка», — пракамэнтаваў Лукашэнка замену Шамко на Кавальчука.

Месяц таму Лукашэнка прызначыў «памочнікам у агульных пытаньнях» Мікалая Латышонка, які працаваў у Службе бясьпекі Лукашэнкі ад 1995 году. У канцы сьнежня мінулага году Лукашэнка прызначыў кіраўніком Апэратышна-аналітычнага цэнтру Андрэя Паўлючэнку, які да таго кіраваў службай бясьпекі Лукашэнкі меней за год.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG