Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памежнікі не знайшлі каналаў паставак зброі з Украіны, пра якія казаў Лукашэнка


Ілюстрацыйнае фота

І беларускія, і ўкраінскія памежнікі канстатавалі адсутнасьць выяўленых арганізаваных каналаў паставак зброі, амуніцыі і выбухоўкі на мяжы Беларусі і Ўкраіны, піша беларускі Дзяржаўны памежны камітэт.

Дэлегацыі беларускіх і ўкраінскіх памежных ведамстваў правялі сустрэчу 23 кастрычніка ў Камянюках, што ў Белавескай пушчы, на якой дамовіліся працягваць каардынацыю дзейнасьці па процідзеяньні такім пастаўкам, «улічваючы патэнцыйныя пагрозы». Бакі таксама абмеркавалі бясьпеку ў Чарнобыльскай зоне, зацьвердзілі альгарытм супольных расьсьледаваньняў інцыдэнтаў на мяжы.

Вынікае, што такім чынам памежнікі дзьвюх краін зьняпраўдзілі словы Аляксандра Лукашэнкі, які 24 верасьня казаў, што трэба «закрыць мяжу» з Украінай «для бандытаў, якія вязуць зброю», бо «мы бачым, колькі адтуль ідзе сёньня бяды для Беларусі, у тым ліку зброі перапраўляецца».

Дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Беларусі Станіслаў Зась тлумачыў 9 кастрычніка, што факт затрыманьня на мяжы зброі «не адзінкавы», проста ведамства не агучвае кожнае затрыманьне.

16 кастрычніка старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту генэрал-маёр Анатоль Лапо заяўляў, што сёлета на ўкраінска-беларускай мяжы украінскія памежнікі затрымалі 100 адзінак зброі, каля 12 тысяч боепрыпасаў і некалькі дзясяткаў гранат. Іх беларускія калегі нібыта затрымалі 800 адзінак зброі і 1200 боепрыпасаў.

Так ужо было са «справай патрыётаў»

Летась 20 сакавіка беларускія памежнікі заявілі, што спынілі спробу «прарыву мяжы» з боку Ўкраіны, стралялі па парушальніках. Але ўкраінскі бок сьцьвярджаў, што такі аўтамабіль, пра які пісаў беларускі бок, не перасякаў мяжы Ўкраіны.

Праз тры дні Лукашэнка заявіў аб затрыманьні «некалькіх дзясяткаў баевікоў, якія трэнаваліся ў лягерах з зброяй», а таксама аб выкрыцьці лягераў баевікоў: аднаго «у раёне Бабруйску і Асіповічаў» і астатніх «ва Ўкраіне, па-мойму, у Літве ці ў Польшчы». Толькі пасьля той заявы пачаліся затрыманьні людзей, большасьць зь якіх была зьвязаная са вайскова-спартовым клюбам «Патрыёт» і колішнім «Белым легіёнам».

Ды «справа Белага легіёну» праз паўгода развалілася, была спыненая, затрыманыя былі вызваленыя (зьняволеньне ім не кампэнсавалі). Ні ў Беларусі, ні ва Ўкраіне не паведамлялася пра знойдзеныя «лягеры баевікоў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG