Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік памежнага камітэту расказаў, колькі зброі затрымана на беларуска-ўкраінскай мяжы


На беларуска-ўкраінскай мяжы, ілюстрацыйнае фота

Беларускія і ўкраінскія памежнікі працуюць у зьвязцы. Пра гэта заявіў журналістам у Палаце прадстаўнікоў старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту генэрал-маёр Анатоль Лапо.

Ён сказаў, што праблема перавозу зброі празь беларуска-ўкраінскую мяжу ня можа не хваляваць ні беларусаў, ні ўкраінцаў. Таму адпаведныя ведамствы працуюць у зьвязцы. «Мы дапамагаем і далей будзем дапамагаць адзін аднаму», — заявіў генэрал.

Анатоль Лапо агучыў статыстыку затрыманьня зброі на ўкраінска-беларускай мяжы сёлета. Так, паводле ягоных дадзеных, украінскія памежнікі затрымалі 100 адзінак зброі, каля 12 тысяч боепрыпасаў і некалькі дзясяткаў гранат. Іх беларускія калегі — 800 адзінак зброі і 1200 боепрыпасаў.

Расказаў ён і пра тое, як ідзе дэмаркацыя дзяржаўная мяжы паміж Украінай і Беларусьсю. Яе агульная працягласьць 1804 кілямэтры, на сёньня ачышчана ўжо больш за 300 кілямэтраў. Сумесна памежнікі дзьвюх краін зьбіраюцца паставіць на мяжы 3200 знакаў, беларускі бок паставіў ужо 900.

«Цяпер тэмпы працы на мяжы запаволіліся, але гэта адбываецца з аб’ектыўных прычын. Мы пачыналі зь лёгкіх участкаў, — сказаў генэрал-маёр Лапо, — цяпер мы ідзём у больш складаныя мясцовасьці, асабліва там, дзе ёсьць балоты. Пакуль ніхто ня ведае іхную глыбіню, якая і колькі спэцыяльнай тэхнікі там патрэбна. Але праца працягваецца. Па ўзгадненьні зь беларускім і ўкраінскім кіраўніцтвам, дэмаркацыя павінна завяршыцца да 2026 году. Але я думаю, што мы зробім гэта раней».

На ўдакладняльнае пытаньне, наколькі раней, старшыня беларускага памежнага камітэту адказаў: «Жыцьцё пакажа».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG