Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Румаса ня ўпісваецца ў беларускую сацыяльную мадэль?


Сяргей Румас, архіўнае фота
Сяргей Румас, архіўнае фота

25 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка, прымаючы першага намесьніка прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына, абрынуўся з крытыкай на ўрад. Зь якой прычыны?

Новаму ўраду Беларусі ўсяго два месяцы. Ён толькі што абнародаваў праграму сваёй дзейнасьці. Чакаць нейкіх вынікаў рана. Прынята лічыць, што толькі праз 100 дзён можна даваць першую ацэнку дзейнасьці ўладнай інстытуцыі. Аднак новы склад ураду пасьпеў выклікаць сур’ёзную незадаволенасьць кіраўніка дзяржавы.

Паводле кіраўніка дзяржавы, яму паступаюць некаторыя сыгналы, што ўрад бачыць сваю працу так: ён будзе займацца стратэгіяй, а не паўсядзённымі справамі.

І гэта моцна абурыла Лукашэнку, бо тут ён убачыў замах на ўласныя паўнамоцтвы. Таму ён хутка ставіць на месца ўрадоўцаў, якія зарваліся:

«Гэта, дарэчы, ня ваша прэрагатыва, стратэгія ў нас выпрацавана, яна вызначаецца прэзыдэнтам, уносіцца на галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах і зацьвярджаецца Ўсебеларускім народным сходам, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Магчымыя дзесьці карэкціроўкі, ураду ніхто не забараняе ўносіць зьмены па карэкціроўцы. Але рашэньне прымае прэзыдэнт».

Затым высьвятляецца, што ўрад адносна маладых тэхнакратаў, у адрозьненьне ад ранейшага ўраду «моцных гаспадарнікаў», няправільна разумее свае функцыі.

Гэта недзе там у Эўропе міністры займаюцца выпрацоўкай агульных правілаў гульні ў сваім ведамстве. Але такое разуменьне ўрадавай функцыі зусім ня ўпісваецца ў беларускую сацыяльную мадэль. Беларусь жа — не Эўропа, і калі маладыя тэхнакраты гэтага не зразумелі, то Лукашэнка ім папулярна растлумачыў, чым яны павінны займацца.

Урад у Беларусі заўсёды займаўся рэальным сэктарам эканомікі, зьвярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

«Таму прыйдзецца рабіць усё — і сеяць, і прыбіраць, і ля станка стаяць, і тэхнолягамі займацца. Урад, які будзе сядзець у кабінэтах і выпрацоўваць нейкую стратэгію, не разумеючы, што адбываецца на самой справе, у Беларусі не патрэбен», — заявіў ён.

Вось не адрамантаваў міністар будаўніцтва дах на заводзе ў Воршы — і страціў сваю пасаду.

Аляксандар Турчын з дакладам у Аляксандра Лукашэнкі
Аляксандар Турчын з дакладам у Аляксандра Лукашэнкі

Таму новы ўрад мусіць вучыцца на хаду. Як вядома, Лукашэнка патрабуе («кроў з носу») давесьці сярэдні заробак у краіне да 1 тысячы рублёў. Але, паводле зьвестак Белстату, намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў Беларусі ў верасьні склаў 963,6 рубля. Гэта на 23,9 рубля менш, чым месяц таму. З гэтай прычыны прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас 23 кастрычніка тэрмінова склікаў нараду. Трэба выпраўляцца.

Яшчэ адзін цікавы сюжэт размовы Лукашэнкі зь віцэ-прэм’ерам Турчыным. Кіраўнік дзяржавы патрабуе выразна захоўваць калегіяльнасьць у прыняцьці рашэньняў урадам. Прэзыдэнт нагадаў, што ўрад — калегіяльны орган, рашэньні там прымаюцца калектыўна, і гэта павінна сьвята выконвацца. «Гэтаму я аддаю вялікую ўвагу — стылю працы ўраду», — падкрэсьліў ён.

Вам не падаліся гэтыя разважаньні вельмі дзіўнымі? У краіне, дзе пануюць адміністрацыйна-камандныя мэтады кіраваньня, існуе жорсткая герархія, адзінаначальле, дзе даўно пануе прынцып «Я начальнік — ты дурны», раптам Лукашэнка ўзгадаў пра калегіяльнасьць, калектыўнасьць пры прыняцьці рашэньняў ураду. Толькі што пра дэмакратыю не ўзгадаў.

Адразу ўзьнікае пытаньне: а хто можа ва ўрадзе ігнараваць калегіяльнасьць, злоўжываць адзінаначальлем? Толькі кіраўнік ураду Сяргей Румас.

Пра тое, што Лукашэнка незадаволены прэм’ер-міністрам, сьведчыць шмат фактаў. Ён не прыйшоў у Палату прадстаўнікоў, каб асабіста рэкамэндаваць кандыдатуру Румаса. Дзяржаўныя СМІ пастараліся мінімізаваць увагу да зацьвярджэньня прэм’ер-міністра ніжняй палатай парлямэнту. У галоўнай газэце краіны «Советская Белоруссия» была толькі маленькая нататка пра гэтую падзею — у куце, на трэцяй паласе.

Мабыць, можна пагадзіцца з думкай былога старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага, выказанай агенцтву Sputnik: «Напэўна, гэта зьвязана зь некаторай рэўнасьцю на адрас Румаса. Паміж яго прызначэньнем і зацьвярджэньнем у парлямэнце ён даволі рэзка стаў дамінаваць у інфармацыйнай прасторы Беларусі, я гэта магу бачыць і па публікацыях у расейскай прэсе, таму што шмат спасылак ідзе на яго».

Лукашэнку не магло спадабацца, калі надзеі на адраджэньне эканомікі грамадзкасьць зьвязвае ня зь ім, а з новым кіраўніком ураду. Адпаведна вырасла палітычная вага Румаса. А як вядома, у краіне павінен быць толькі адзін палітык. Адсюль і такая рэакцыя.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG