Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эканамічныя рэформы для цяперашняй палітычнай улады Беларусі — гэта прамая пагроза», — эканаміст


Госьць «Інтэрвію тыдня» — беларускі эканаміст Леанід Фрыдкін. Ён тлумачыць, чаму кіраўнік дзяржавы бачыць у эканамічных рэформах палітычную пагрозу, распавядае, якія ўмовы ставіць МВФ, і адказвае на пытаньне, ці варта чакаць новай дэвальвацыі.

Сьцісла:

  • Міністры будуць выконваць толькі тое, што ім скажуць вышэй, і ні ў якім разе ня будуць рабіць крок управа ці ўлева, а тым больш скакаць уверх.
  • Вынікам эканамічных пераменаў можа стаць вельмі сур’ёзны падкоп пад вэртыкаль улады.
  • Калі даходы растуць у 5–6 разоў хутчэй за прадукцыйнасьць працы ў краіне — то гэта вельмі небясьпечная прыкмета.
  • МФВ цяпер ставіць пытаньне толькі адным чынам — спачатку рэформы, а потым грошы.

Калі ва ўраду і былі нейкія рэфарматарскія памкненьні, то міністры іх трымаюць пры сабе

— Сёньня Аляксандар Лукашэнка правёў сэлектарную нараду па пытаньнях жніва і ўвогуле працы сельскагаспадарчага комплексу. Раней, у 90-я, такія нарады праводзіліся даволі часта і гучна, але потым зьніклі з поля ўвагі СМІ. Тое, што цяпер Лукашэнка вярнуўся да гэтага жанру і праводзіў нараду ў сваёй традыцыйнай, адміністратыўна-каманднай манеры — з чым гэта зьвязана?

— На маю думку, гэта ніяк не зьвязана з выбарамі ці нейкім палітычным цыклем. Сэлектарныя нарады праводзяцца рэгулярна, проста яны ўжо не прыцягваюць той увагі, як калісьці. Раней людзі яшчэ зьдзіўляліся, як гэта можна вяртаць такі савецкі стыль. Але з часам высьветлілася, што гэта мае выключна рытуальны характар і нясе вельмі мала практычных наступстваў. Чарговы раз заклікалі ўмацаваць дысцыпліну, палепшыць працу, забясьпечыць усім неабходным — на гэтым усё і скончылася.

Леані Фрыдкін
Леані Фрыдкін

Але гэтая практыка кіраваньня сельскай гаспадаркай у ручным рэжыме, сьпісваньне даўгоў, непрыманьне рэформаў у гэтай сфэры — выклікае трывогу за пэрспэктыву гэтага сэктару.

— Многія беларускія эканамісты былі зьдзіўленыя, калі беларускі ўрад выдаў занадта аптымістычны прагноз на гэты год — рост ВУП каля 4 працэнтаў. Але вынікі першага паўгодзьдзя паказваюць, што гэты прагноз быў цалкам нерэалістычны.

— Ды не, гэта быў дастаткова рэалістычны прагноз, — з агаворкай, што не адбудзецца нічога нэгатыўнага. Але нас накрыў падатковы манэўр, і нафтапрадукты не далі чаканай прыбаўкі да ВУП. Цяпер зразумела, што 4 працэнты росту недасягальныя.

Незалежных эканамістаў бянтэжыла тое, што немагчыма ўвесь час граць адну музыку і спадзявацца, што адміністратыўна-камандныя мэтады бясконца будуць даваць высокія тэмпы росту. Нават бяз рэзкіх узрушэньняў на ўсясьветных рынках беларуская эканоміка ня ў стане разганяцца да больш высокага ўзроўню.

— У жніўні быў зацьверджаны фактычна новы склад ураду на чале з Румасам, на які многія ўскладалі пэўныя надзеі. Было такое меркаваньне, што ўрад дастаткова рэфармісцкі, але сам Лукашэнка не дае яму праводзіць тыя ці іншыя крокі. Ці лічыце вы, што чальцы гэтага ўраду маюць ці мелі нейкія рэальныя рэфарматарскія памкненьні?

— Калі ва ўраду і былі нейкія рэфарматарскія памкненьні, то міністры іх трымаюць пры сабе. Калі разумець, што галоўны чыньнік тут — глыбокі і нязьменны кансэрватызм найвышэйшай інстанцыі, то тады ня трэба чакаць, што нехта з ураду пойдзе насуперак гэтаму чыньніку. Любы ўрад у Беларусі апошніх 20 гадоў — гэта каманда прафэсійных бюракратаў, якія менш за ўсё хочуць ісьці насуперак жаданьню першай асобы. Вельмі наіўна чакаць ад іх нейкіх рэфарматарскіх крокаў. Ня менш наіўна прымаць ад іх намёкі наконт таго, што мы там «нешта рэфармуем ці лібэралізуем». Яны будуць выконваць толькі тое, што ім скажуць вышэй, і ні ў якім разе ня будуць рабіць крок управа ці ўлева, а тым больш скакаць уверх.

Калі бюракратыя страціць дзяржаўны сэктар як эканамічную базу для сваёй улады — дык яна страціць і ўсё астатняе

— Аднак у інтарэсах улады падвышаць дабрабыт грамадзян, каб карыстацца папулярнасьцю. А для гэтага патрэбныя калі не рэформы (бо Лукашэнка баіцца гэтага слова), то нейкія пераўтварэньні. Чаму ніхто яго ня можа пераканаць, што гэтыя зьмены прынясуць больш карысьці, а ня шкоды?

— Давайце падзяляць. Нейкую карысьць гэтыя перамены могуць прынесьці толькі ў пэўнай пэрспэктыве, але не адразу. І вынікам гэтых пераменаў можа стаць вельмі сур’ёзны падкоп пад вэртыкаль улады. Таму рынкавыя рэформы для цяперашняй палітычнай улады ў Беларусі — гэта прамая пагроза. Спрабаваць даказаць адваротнае, спасылаючыся на досьвед Кітаю ці Сынгапуру ці яшчэ каго — бессэнсоўна. У нас іншая сытуацыя, іншы гістарычны досьвед, культурны код — таму тут перамены ўладай успрымаюцца нэгатыўна.

— Нядаўна пра неабходнасьць пераменаў даволі рашуча загаварылі ня толькі незалежныя эканамісты, але і прадстаўнік Усясьветнага банку ў Беларусі Алекс Крэмэр. У артыкуле і пазьней у інтэрвію ён казаў, што падтрымка праблемнага дзяржаўнага сэктару абыходзіцца беларусам у 10 працэнтаў ВУП.

— Усясьветны банк мае рацыю, але ня кажа нічога новага. Пра неабходнасьць пераўтварэньняў у дзяржсэктары Ўсясьветны банк і іншыя міжнародныя арганізацыі нам кажуць ад 1992 году — і ўсё гэта прапускаецца міма вушэй. Тыя, хто прымае тут рашэньні аб эканамічнай палітыцы, вельмі добра засвоілі марксісцкія тэзісы, што пытаньне ўлады — гэта заўсёды пытаньне ўласнасьці. І калі бюракратыя страціць дзяржаўны сэктар як эканамічную базу для сваёй улады — дык яна страціць і ўсё астатняе. Таму заклікі незалежных эканамістаў, Усясьветнага банку і кагосьці яшчэ ня граюць ніякай ролі.

Аляксандар Лукашэнка выступае з пасланьнем
Аляксандар Лукашэнка выступае з пасланьнем

— Але той жа падатковы манэўр і ўвогуле зьмены палітыкі Расеі могуць прывесьці да таго, што Беларусь будзе зьвяртацца да МВФ ды іншых міжнародных структураў? Бо некалькі разоў у гісторыі Менск ужо атрымліваў крэдыты МВФ.

— Мы яшчэ не пазбавіліся канчаткова расейскіх датацыяў. За іх беларускія ўлады будуць змагацца да канца. Цалкам магчыма — пераможнага. Па-другое, атрымаўшы ў свой час крэдыты МВФ, беларускія ўлады пакарысталіся гэтымі грашыма для ўмацаваньня бягучай сытуацыі, але ніякіх рэформаў праводзіць ня сталі. І ў МВФ няма ніякіх гарантыяў, што гэта не адбудзецца зноў. Таму Фонд ставіць пытаньне толькі адным чынам — спачатку рэформы, а потым грошы.

Таму нашым уладам прасьцей зьвярнуцца да Кітаю ці некага яшчэ. Але не пагаджацца на тыя рэформы, якія пагражаюць стабільнасьці вэртыкалі ўлады.

— Гучыць нават тая думка, што калі Беларусь ня прыме таго комплексу крокаў, які прапануе Ўсясьветны банк, калі не пачне рэструктурызаваць тыя дзяржаўныя прадпрыемствы, якія вісяць на бюджэце, — то Беларусь чакае дэвальвацыя. Ці згодныя вы з такой ацэнкай?

— Цалкам магчыма, што крытычная маса праблемаў, якія нараджае неэфэктыўны дзяржсэктар, можа прывесьці да сур’ёзных крызісных зьяваў, ня толькі дэвальвацыі. Але гэта ня значыць, што ўлады не гатовыя заплаціць гэтую цану, — тым больш што рахунак будзе выстаўлены насельніцтву. Мы ўжо перажылі шмат дэвальвацыяў — і я не прыгадаю, каб яны прывялі да рэформаў.

— Эканамічнае становішча не паляпшаецца. Але ўлада знаходзіць рэсурсы апошні год падвышаць узровень жыцьця, заробкі растуць. Нядаўна пэнсіі падвысілі на 6,6 працэнта. Ці гэта запазычаньні, ці ўнутраныя рэсурсы беларускай эканомікі?

— На жаль, у гэтага росту дабрабыту ёсьць адна непрыемная рыса — ён не суправаджаецца ростам прадукцыйнасьці працы. Калі даходы растуць у 5–6 разоў хутчэй за прадукцыйнасьць працы ў краіне — то гэта вельмі небясьпечная прыкмета. Мы цяпер зьядаем тыя рэсурсы, якія мы не зарабілі, і гэта будзе мець самыя нэгатыўныя наступствы.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG