Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ: Беларусь можа страціць да 5% ВУП. Улады: можа запаволіцца рост


Ілюстрацыйнае фота

У выпадку «інэрцыйнага разьвіцьця», зь якім улады Беларусі зьбіраюцца змагацца, рост эканомікі можа запаволіцца да толькі 2,5% валавага ўнутранага прадукту на год, перадае БелаПАН заяву намесьніка міністра эканомікі Дзьмітрыя Ярашука. Міжнародны валютны фонд бачыць пагрозу ня росту, а падзеньня.

Што робяць улады

Як расказаў Дзьмітры Ярашук на канфэрэнцыі, што зладзіла агенцтва Fitch Ratings 9 ліпеня ў Менску, структурныя зьмены ў беларускай эканоміцы «ідуць ня надта хутка», але «нельга сказаць», што яны не праходзілі.

Ён адзначыў скарачэньне долі дзяржаўнага сэктару ў ВУП, рост унёску ў эканоміку прадукцыйнага малога і сярэдняга бізнэсу, разьвіцьцё ІТ-сфэры. Але дадаў, што для ўстойлівага разьвіцьця «гэтага недастаткова», бо калі ўсё застанецца як ёсьць («пры інэрцыйным сцэнары разьвіцьця»), то рост эканомікі запаволіцца да 2,5% ВУП на год зь леташніх 3%.

Дзяржаўныя органы разам з Сусьветным банкам, кажа Ярашук, працуюць над «дарожнай мапай падвышэньня эфэктыўнасьці нацыянальнай эканомікі». Склад групы зацьверджаны, але праца «ідзе недзе ня так хутка, як хацелася б», бо беларускі бок «мусіць улічваць і сацыяльныя фактары», а з боку чальцоў працоўнай групы часта гучаць «прапановы, надта радыкальныя для нас».

Чаго баіцца МВФ

Стратаў ад расейскага падатковага манэўру, якія Ярашук ня згадваў.

Яны, як расказаў на канфэрэнцыі прадстаўнік МВФ у Беларусі Надзім Ілахі, могуць каштаваць краіне «да 5% ВУП да 2024 году», а пытаньне кампэнсацыі за падатковы манэўр не ўрэгуляванае дагэтуль. МВФ бачыць «вялікую рызыку» ў магчымым зьніжэньні даходаў у выпадку зьменаў умоваў паставак нафты.

Эканамісты Сусьветнага банку там часам прагназуюць, што рост беларускай эканомікі захаваецца, але будзе ніжэйшым за 2%, у выпадку адсутнасьці кампэнсацыі стратаў за падатковы манэўр. Але ў прагнозе Сусьветнага банку адзначалася і тое, што ў найгоршым сцэнары (без усялякай кампэнсацыі) беларуская эканоміка «можа скаціцца ў рэцэсію».

Fitch ацэньвала беларускія страты ад падатковага манэўру ў суму да 10,6 млрд даляраў за 5 гадоў, а гэта каля 18% ад ВУП за мінулы год.

Беларусь і Расея больш за год абмяркоўваюць кампэнсацыю падатковага манэўру, але Расея зьвязвае яе (а таксама цану на газ) з «паглыбленьнем інтэграцыі». Гэта можа стаць тэмай чарговых перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна, заплянаваных на 18 чэрвеня.

Лукашэнка казаў, што яны з Пуціным дамовіліся не ламаць дамову аб стварэньні «саюзнай дзяржавы» — але пра ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі ці наадварот «нават размаўляць ня трэба».

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр — зьмена спагнаньня экспартнага мыта на падатак на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Раней і да канца 2018 году ў Расеі экспарт сырой нафты абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны.
  • Мыта не спаганялася зь паставак у Беларусь на 18-20 мільёнаў тон у год.
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала 3 мільярды 600 мільёнаў даляраў, а за наступныя 4 гады недаатрымае 11 мільярдаў пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч казаў, што агульныя страты ад падатковага манэўру ацэньваюцца ў 8–12 млрд даляраў.
  • Віцэ-прэмʼер Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў, што Беларусь разьлічвала на кампэнсацыю каля 310–315 мільёнаў даляраў.
  • У якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля 405 млн даляраў. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG