8 верасьня парлямэнт Грузіі выказаў вотум даверу новаму кабінэту міністраў, які ўзначальвае новы прэм’ер-міністар Гіоргі Гахарыя. Як паведамляе грузінская служба Радыё Свабода, апазыцыя ў паседжаньні ня ўдзельнічала.
Такім чынам, Гахарыя стаў пятым прэм’ер-міністрам ад кіруючай партыі «Грузінская мара» за сем гадоў. Ён зьмяніў на гэтай пасадзе Мамуку Бахтадзэ, які кіраваў урадам год і два месяцы і сышоў у адстаўку ў пачатку верасьня.
Самай рэзананснай акцыяй Міністэрства ўнутраных спраў падчас кіраваньня Гахарыі стаў разгон мітынгу на праспэкце Руставэлі ў Тбілісі сёлета ў ноч на 21 чэрвеня, калі больш за сем тысяч чалавек пратэставалі супраць візыту і выступу расейскага дэпутата Сяргея Гаўрылава ў парлямэнце Грузіі.
Тады сотні людзей, у тым ліку больш за 30 журналістаў, атрымалі раненьні ў выніку сутычак з паліцыяй і выкарыстаньня спэцназу. Дзясяткі людзей атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджаньні, а двое маладых людзей страцілі па воку.
Сам Гахарыя тады растлумачыў дзеяньні паліцыі нібыта прадухіленьнем «гвалтоўнага штурму парлямэнту». Пазьней удзельнікі акцыі пратэсту запатрабавалі адстаўкі самога міністра ўнутраных спраў.