Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СБУ падазрае прадпрыемства былога ўласьніка Аршанскага авіязаводу ў падрыхтоўцы дывэрсіі супраць Украіны


Завод «Мотор Січ» у Запарожжы

Служба бясьпекі Ўкраіны падазрае групу «Мотор Січ» (былога акцыянэра беларускага ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод») у падрыхтоўцы да дывэрсіі і дзяржаўнай здрады.

У адказе на запыт украінскай службы Свабоды Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла аб расьсьледаваньні адпаведнай крымінальнай справы:

«Дасудовае расьсьледаваньне праводзіцца паводле дзеяньняў, накіраваных на зьнішчэньне акцыянэрнага таварыства "Мотор Січ" як аб’екта, які мае важнае эканамічнае і абароннае значэньне, а таксама зьдзяйсьненьня дапамогі Расейскай Фэдэрацыі ў правядзеньні дывэрсійных дзеяньняў супраць Украіны шляхам пастаўкі прадукцыі вайсковага і падвойнага выкарыстаньня», — адзначаецца ў дакумэнце.

У той жа час СБУ не паведаміла іншых падрабязнасьцяў, у тым ліку і магчымага выкарыстаньня Аршанскага авіязаводу ў схемах паставак, спасылаючыся на нормы Крымінальна-працэсуальнага кодэксу аб недапушчальнасьці раскрыцьця зьвестак апэратыўна-вышуковай дзейнасьці.

Сёлета ў лютым стала вядома, што Нацыянальная паліцыя Ўкраіны з жніўня 2018 году расьсьледуе крымінальную справу паводле фактаў адмываньня даходаў праз Аршанскі авіярамонтны завод. На той час група «Мотор Січ» яшчэ была акцыянэрам беларускага прадпрыемства.

У ліпені Служба бясьпекі Ўкраіны заявіла аб раскрыцьці схемы фінансаваньня так званай «Данецкай народнай рэспублікі» Сьняжнянскім машынабудаўнічым заводам, які таксама ўваходзіць у склад «Мотор Січ».

На момант, калі беларускія ўлады абвясьцілі аб нацыяналізацыі Аршанскага авіярамонтнага заводу, украінскія ўлады ўжо расьсьледавалі абставіны продажу акцый «Мотор Січ» кітайскай кампаніі — гэтая ўгода была аформленая на шэсьць афшорных кампаній, і былі падазрэньні, што пэўная частка кіраваньня ўкраінскага прадпрыемства перайшла Расеі. Антыманапольны камітэт Украіны таксама працягвае разглядаць гэтую справу.

23 жніўня The Wall Street Journal паведаміў са спасылкай на крыніцы ў адміністрацыі ЗША, што ЗША спрабуюць перашкодзіць канцэнтрацыі акцый украінскага прадпрыемства «Мотор Січ» кітайскай кампаніяй Beijing Skyrizon Aviation. Паводле публікацыі, дарадца па нацыянальнай бясьпецы ЗША Джон Болтан у часе візыту ў Кіеў плянаваў пераканаць кіраўніцтва адмовіцца ад такой апэрацыі.

Прэзыдэнт групы «Мотор Січ» — народны дэпутат Украіны Вячаслаў Багуслаеў. Да кастрычніка 2018 году гэтая кампанія валодала 60% акцыяў Аршанскага авіярамонтнага заводу.

У красавіку 2018 году Генэральная пракуратура Беларусі распачала праверку прадпрыемства празь нібыта невыкананьне інвэстыцыйнай дамовы, а таксама завяла крымінальную справу на былога гендырэктара ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод» і службовых асобаў «Мотор Січ». Інвэстары меліся ўкласьці ў мадэрнізацыю заводу 12 млн даляраў, але не рэалізавалі гэтыя пляны з прычыны расейска-ўкраінскага канфлікту: расейцы адмовіліся пастаўляць на завод патрэбныя запчасткі, а колькасьць замоваў зьнізілася. Кіраўніцтва групы «Мотор Січ» сьцьвярджала, што ўклала ў завод 20 мільёнаў даляраў і «падняла з руінаў» кампанію.

Лукашэнка на авіярамонтным заводзе ў ліпені 2018 году.
Лукашэнка на авіярамонтным заводзе ў ліпені 2018 году.


У ліпені 2018 году Аляксандар Лукашэнка пабываў на заводзе, расказаў, што нібыта «уласьнікі адмовіліся ад заводу», і фактычна заявіў пра нацыяналізацыю прадпрыемства: маўляў, «якая розьніца, каму належаць гэтыя акцыі, гэта нашая задача, каб людзі тут атрымлівалі нармальныя заробкі». У кастрычніку 2018 году працэс нацыяналізацыі Аршанскага заводу быў завершаны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG