Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрыемства былога ўласьніка Аршанскага авіязаводу фінансавала «ДНР»


Кантраляваныя Расеяй баевікі ў Сьнежным, чэрвень 2014 году

Служба бясьпекі Ўкраіны раскрыла схему фінансаваньня так званай «Данецкай народнай рэспублікі» Сьняжнянскім машынабудаўнічым заводам, які ўваходзіць у групу «Мотор Січ» — былога акцыянэра беларускага ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод».

Паводле СБУ, службовыя асобы машынабудаўнічага заводу ў Сьнежным (на непадкантрольнай Кіеву тэрыторыі Данецкай вобласьці) распрацавалі і рэалізавалі мэханізм правядзеньня некамэрцыйных апэрацый з суб’ектамі гаспадараньня, разьмешчанымі на тэрыторыі «ДНР». У выніку завод плаціў праз «Цэнтральны рэспубліканскі банк ДНР» так званыя «падаткі і іншыя абавязковыя плацяжы», не прадугледжаныя дзейным заканадаўствам Украіны.

У прыватнасьці, у 2015 годзе завод сплаціў у бюджэт «ДНР» больш за 32 мільёны расейскіх рублёў і перадаў на бязвыплатнай аснове таварна-матэрыяльныя каштоўнасьці на патрэбы так званага «Міністэрства даходаў і збораў Данецкай народнай рэспублікі», якое непасрэдна фінансуе незаконныя ўзброеныя фармаваньні баевікоў.

Сьледчыя завялі справу супраць дырэктара і кіраўніка фінансавага ўпраўленьня Сьняжнянскага заводу па факце фінансаваньня тэрарыстычнай дзейнасьці, а таксама спрабуюць вызначыць усіх іншых асобаў, датычных да гэтай схемы.

Прэзыдэнт групы «Мотор Січ» — народны дэпутат Украіны Вячаслаў Багуслаеў. Да кастрычніка 2018 году гэтая кампанія валодала 60% акцыяў Аршанскага авіярамонтнага заводу.

У красавіку 2018 году Генэральная пракуратура Беларусі распачала праверку прадпрыемства празь нібыта невыкананьне інвэстыцыйнай дамовы, а таксама завяла крымінальную справу на былога гендырэктара ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод» і службовых асобаў «Мотор Січ». Інвэстары меліся ўкласьці ў мадэрнізацыю заводу 12 млн даляраў, але не рэалізавалі гэтыя пляны з прычыны расейска-ўкраінскага канфлікту: расейцы адмовіліся пастаўляць на завод патрэбныя запчасткі, а колькасьць замоваў зьнізілася.

Кіраўніцтва групы «Мотор Січ» сьцьвярджала, што ўклала ў завод 20 мільёнаў даляраў і «падняла з руінаў» кампанію.

У ліпені 2018 году Аляксандар Лукашэнка пабываў на заводзе, расказаў, што нібыта «ўласьнікі адмовіліся ад заводу», і фактычна заявіў пра нацыяналізацыю прадпрыемства: маўляў, «якая розьніца, каму належаць гэтыя акцыі, гэта нашая задача, каб людзі тут атрымлівалі нармальныя заробкі».

У кастрычніку 2018 году працэс нацыяналізацыі Аршанскага заводу быў завершаны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG