Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эксклюзіў: украінскі міністар Клімкін пра лёс захопленых Расеяй маракоў


Павел Клімкін
Павел Клімкін

Міністар замежных спраў Украіны Павел Клімкін, які пайшоў у «дыпляматычны адпачынак», у інтэрвію «Настоящему Времени» заявіў, што ў яго ёсьць падставы лічыць, што захопленыя Расеяй маракі хутка вернуцца дадому.

«Тое, што абмяркоўвалася паміж прэзыдэнтам Расеі і нашымі сябрамі і партнэрамі, дае мне магчымасьць сказаць, што разьвіцьцё сытуацыі будзе. А вось калі і як, я не хачу гаварыць», — сказаў Клімкін.

Пры гэтым ён зноў адзначыў, што для Ўкраіны непрымальна забраць маракоў у якасьці асуджаных.

«Па-першае, самі нашы матросы не прызнаюць, што маглі нават тэарэтычна зьдзейсьніць нейкія злачынствы. Яны — ваеннапалонныя. Расея парушыла імунітэт нашых ваенных судоў. Расея спрабуе прадставіць усе так, быццам акупацыя — гэта факт, які павінен быць прызнаны. Але гэта прызнаецца толькі Расеяй. Але ўвесь сьвет гэтага не прызнае. Ёсьць пазыцыя ўсяго сьвету, ёсьць рашэньне Міжнароднага трыбуналу, што яны павінны быць вызваленыя неадкладна і безумоўна», — лічыць ён.

«Існуюць палітычныя і юрыдычныя канструкцыі, якія дазваляюць Расеі іх вызваліць у любы момант. Для гэтага неабходнае толькі палітычнае рашэньне ў Маскве», — адзначае Павел Клімкін.

На пытаньне пра ролю Віктара Медведчука, кума Ўладзіміра Пуціна, у перамовах паміж Расеяй і Ўкраінай аб абмене і вызваленьні палонных, ён адказаў: «Медведчук пэўны час прымаў удзел у перамовах на Менскай пляцоўцы. Гэтыя перамовы былі сканцэнтраваныя толькі на акупаваным Данбасе і на нашых закладніках. У дадзеным выпадку я не хачу аналізаваць, да чаго гэта прывяло. Я б хацеў зусім іншага выніку».

Пра апошнее вызваленьне чатырох людзей, якія знаходзіліся ў так званых «ДНР» і «ЛНР», Клімкін адзначыў: «Лічу, што гэты крок быў нейкім чынам прывязаны да наступных парлямэнцкіх выбараў. Я так разумею, што ў Маскве ёсьць ідэя, каб павялічыць яго [Віктара Медведчука] уплыў як палітычнага гульца ва ўкраінскім палітычным полі. І такім чынам яму дапамаглі. Але тым ня менш хлопцы дома. І гэта вельмі добра».

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 1 ліпеня папрасіў прэм’ер-міністра Уладзіміра Гройсмана прыцягнуць Клімкіна да дысцыплінарнай адказнасьці. Адразу ж пасьля гэтага Клімкін заявіў, што сыходзіць «у дыпляматычны адпачынак» і на адпачынку зоймецца «стварэньнем сапраўднай каманды».

Канфлікт паміж Зяленскім і Клімкіным зьвязаны са справай 24 украінскіх маракоў, захопленых Расеяй у Керчанскай затоцы ў лістападзе 2018 году.

25 траўня Міжнародны трыбунал па марскім праве ў Гаазе запатрабаваў ад Расеі вызваліць маракоў на працягу месяца і даць справаздачу аб гэтым. Тэрмін, на працягу якога Трыбунал прадпісаў Расеі гэта зрабіць, мінаў 25 чэрвеня.

Аднак замест рэальнага вызваленьня маракоў 26 чэрвеня МЗС РФ накіраваў ноты Ўкраіне і Трыбуналу па марскім праве. У іх, як заявілі ва ўкраінскім МЗС, зьмяшчалася «цынічная прапанова» суду над захопленымі маракамі. Украінскім уладам, па словах Клімкіна, прапаноўвалася даць Расеі пісьмовыя гарантыі таго, што крымінальны перасьлед маракоў на радзіме будзе працягнуты, прычым «у адпаведнасьці з расейскім заканадаўствам». І толькі на гэтых умовах маракоў маглі перадаць Украіне.​

МЗС Украіны ў ноце на адрас Расеі адхіліў гэтую прапанову і выказаў пратэст у сувязі з тым, што Крэмль так і ня выканаў рашэньне Трыбуналу па марскім праве. Гэта не спадабалася офісу Зяленскага. 27 чэрвеня прэзыдэнт Украіны публічна абурыўся, што кіраўнік МЗС, не параіўшыся зь ім, «робіць сьцьвярджэньні ад Украіны як ад краіны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG