Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў аб нацыяналізацыі Аршанскага авіярамонтнага заводу, 60% якога належаць украінцам


Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод»

«Якая розьніца, каму належаць гэтыя акцыі», — заявіў Лукашэнка і «выказаў шэраг нараканьняў у адрас Міністэрства транспарту за тое, што яно і ў папярэдні пэрыяд самаадхілілася ад сытуацыі на прадпрыемстве».

У час візыту на Аршанскі авіярамонтны завод 11 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «гэта дзяржаўнае прадпрыемства зь сёньняшняга дня», бо «ўласьнікаў тут ужо няма». Ён падпісаў даручэньне аб «аднаўленьні эфэктыўнай працы» Аршанскага авіярамонтнага заводу, але пакуль яно не апублікаванае — як будзе адбывацца нацыяналізацыя, невядома.

Паведамляецца, што Лукашэнка «выказаў шэраг нараканьняў у адрас Міністэрства транспарту за тое, што яно і ў папярэдні пэрыяд самаадхілілася ад сытуацыі на прадпрыемстве».

«Тут працуюць мае людзі, твае людзі, беларусы працуюць, расейцы – нашы грамадзяне Беларусі, — казаў Лукашэнка. — Якая розьніца, каму належаць гэтыя акцыі. Гэта нашая задача, каб людзі тут атрымлівалі нармальныя заробкі».

Ён таксама запатрабаваў да 7 лістапада завяршыць добраўпарадкаваньне мястэчка Балбасава, дзе месьціцца завод, і стварыць новыя працоўныя месцы, бо Балбасава і суседняя Барань — «шыкоўнае месца, лепей не прыдумаеш для жыцьця», «толькі нашая бесталковасьць не дазволіць загрузіць тут людзей.

Дагэтуль 60% акцыяў заводу належала ўкраінскай кампаніі «Мотор Січ», а 40% – беларускай кампаніі «Сыстэмы інвэстыцыяў і інавацыяў», якой валодае Аляксандар Садовы.

У ліпені 2017 году ва Ўкраіне пачалі расьсьледаваць некалькі крымінальных справаў у дачыненьні «Мотор Січ», бо «вялікую частку акцыяў, якія былі раней выведзеныя на афшорныя кампаніі, ва ўласнасьць перадалі ў неўстаноўленым заканадаўствам парадку». Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева наклаў арышт на 56,5% акцыяў запароскага прадпрыемства, якія набылі кітайскія інвэстары. Праўленьне «Мотор Січ» адмаўляе парушэньні законаў і называе ператрусы на прадпрыемстве «рэйдэрскім захопам».

У сакавіку 2018 году Генпракуратура Беларусі пачала справу супраць службовых асобаў «Мотор Січ» праз «прычыненьне службовымі асобамі заводу шкоды ў асабліва буйным памеры, а таксама істотнай шкоды яго інтарэсам».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG