Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская кампанія ўклала 20 мільёнаў даляраў у аршанскі завод, які Лукашэнка хоча нацыяналізаваць


Завод «Мотор Січ» у Запарожжы

На запароскім прадпрыемстве «Мотор Січ», якое належыць украінскаму бізнэсоўцу Вячаславу Багуслаеву і валодае 60 адсоткамі акцый Аршанскага авіярамонтнага заводу, пакуль не камэнтуюць заяву Аляксандра Лукашэнкі пра нацыяналізацыю гэтага беларускага прадпрыемства.

«Гэтую тэму ў нас ніхто не ўпаўнаважаны камэнтаваць, апроч кіраўніка», — сказалі Свабодзе ў прымальні дырэктара «Мотор Січ» па пытаньнях сувязяў з грамадзкасьцю Анатоля Малыша і параілі зьвярнуцца з адпаведным афіцыйным лістом на імя Вячаслава Багуслаева.

У той жа час стала вядома, што цяпер на прадпрыемстве адбываецца нарада.

Украінскі ўласьнік настойваў на выкупе акцый

Сёлета ў траўні прэзыдэнт «Мотор Січ» Вячаслаў Багуслаеў лётаў у Менск на перамовы пра зьмену беларускага акцыянэра аршанскага заводу. Паводле дэпутата, які ўваходзіць у топ-25 найбольш заможных бізнэсоўцаў Украіны, менавіта «мясцовы інвэстар» адмовіўся выконваць сваю частку інвэстыцыйных абавязаньняў.

«Таму ўвесь „сыр-бор“. Сваю частку інвэстыцыйных абавязаньняў «Мотор Січ» выканаў на 110%», — казаў Вячаслаў Багуслаеў украінскім журналістам, камэнтуючы ў траўні паведамленьні пра магчымую перадачу кантрольнага пакету акцый Аршанскага авіярамонтнага заводу дзяржаўнаму прадпрыемству «Белспэцзьнештэхніка».

«Не разумею, адкуль гэта: узяць і забраць. На рынку можна толькі купіць або выкупіць. Так працуе ўся Эўропа. Трэба разьлічыцца з акцыянэрамі», — сказаў у траўні Вячаслаў Багуслаеў. Паводле яго, Аршанскі авіярамонтны завод завяршыў 2017 год з прыбыткам.

І тады ж прэзыдэнт «Мотор Січ» удакладніў, што з моманту набыцьця ў 2012 годзе кантрольнага пакета акцый Аршанскага заводу, на той момант праблемнага і выстаўленага ўладамі Беларусі на прыватызацыю, украінскае прадпрыемства ўклала ў разьвіцьцё авіярамонтнага заводу прыкладна 20 мільёнаў даляраў.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка на заводзе «Мотор Січ», 2014 год
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка на заводзе «Мотор Січ», 2014 год

Украінскія СМІ паведамлялі, што Вячаслаў Багуслаеў пасьля апошняга раўнду перамоў вымушаны быў вярнуцца зь Менску ў Кіеў рэйсавым самалётам, бо ягоны «Як-40» арыштавалі на аэрадроме ў Воршы ў якасьці закладу, каб прымусіць яго адмовіцца ад фінансавых прэтэнзій да беларускага заводу і да таго ж выплаціць «няўстойку» за нібыта невыкананьне інвэстыцыйных абавязаньняў. Пазьней, як сьцьвярджаюць некаторыя крыніцы, украінскі бізнэсовец не паехаў на сустрэчу ў адміністрацыю беларускага прэзыдэнта абмяркоўваць умовы перадачы акцый Беларусі, хоць і пацьвердзіў сваю гатоўнасьць адмовіцца ад акцый.

Кітайскія, расейскія ці беларускія інтарэсы?

Ва Ўкраіне шэраг экспэртаў рынку не выключаюць, што беларускія ўлады вырашылі нацыяналізаваць Аршанскі авіярамонтны завод, бо падазравалі, што ён можа перайсьці ва ўласнасьць Расеі з прычыны продажу 56% акцый украінскага «Мотор Січ» кітайскай карпарацыі Beijing Skyrizon Aviation Industry Investment Co.

Тая ўгода летась стала прадметам крымінальнай справы, якую распачала Служба бясьпекі Ўкраіны. Паводле сьледчых, тое, што акцыі ўкраінскага прадпрыемства прадаваліся замежнікам пакетамі па 10% праз афшоры, выклікала падазрэньні, што новым рэальным уласьнікам найважнейшага для абароны Ўкраіны прадпрыемства можа аказацца зусім ня тая кампанія, што была заяўлена.

Рухавік вытворчасьці «Мотор Січ»
Рухавік вытворчасьці «Мотор Січ»

У той жа час украінскія экспэрты выключаюць, што беларускія ўлады нацыяналізуюць беларускія актывы Вячаслава Багуслаева на заказ свайго ўкраінскага калегі Пятра Парашэнкі. Хутчэй справа ў тым, што на магутнасьцях Аршанскага авіярамонтнага заводу рыхтаваліся выпускаць мадыфікацыю верталёта «Мі-8», які дзякуючы новаму ўкраінскаму рухавіку значна пераўзыходзіў бы расейскага канкурэнта «Мі-17». І гэта ўжо не магло спадабацца Расеі.

Паводле асобных інфармацыйных крыніц, Аршанскі авіярамонтны завод пасьля банкруцтва будзе аб’яднаны ў холдынг з аналягічным прадпрыемствам у Баранавічах і перададзены ў склад дзяржпрадпрыемства «Белспецзнештэхніка». Выказваецца і такая вэрсія, што Аршанскі авіярамонтны завод, дакладней, яго ўзьлётна-пасадачная паласа вельмі спадабаўся беларускай кампаніі «Брэміна груп», якая будуе побач мультымадальны лягістычны цэнтар.

Ва Ўкраіне чакаюць тлумачэньняў

Кіраўнік праўленьня кіеўскага Цэнтру сацыялягічных і паліталягічных дасьледаваньняў «Соціовимір» Сяргей Таран мяркуе, што беларускі бок мусіць патлумачыць сваё рашэньне Ўкраіне:

Сяргей Таран (Сергій Таран)
Сяргей Таран (Сергій Таран)

«Слова „нацыяналізацыя“ ўспрымаецца як алергія ў цывілізаваным сьвеце, асабліва калі гаворка ідзе пра інвэстыцыі і прыватныя інвэстыцыі. Гэта вельмі кепскі знак для краіны.

Ва Ўкраіне пра нацыяналізацыю шмат гавораць, але ніколі яе не выкарыстоўваюць. Падобных гісторый у нас было літаральна некалькі, але ўсе яны мелі надзвычай нэгатыўны рэзананс. Гэта вельмі кепска ня толькі для тых краін, адкуль прыйшоў капітал, але і для іншых, бо з такімі краінамі лепш ня мець спраў.

Калі ж гаворка ідзе аб прадпрыемствах, зьвязаных з абаронкай, гэта звычайна будзе мець палітычны эфэкт. Цяжка сказаць, як на Ўкраіне стратэгічна адабʼецца перадача [беларускай] дзяржаве прадпрыемства, бо стратэгія абароннай сфэры нашай краіны якраз палягае ў тым, каб сканцэнтраваць поўны цыкль вытворчасьці менавіта ва Ўкраіне.

Але гэта падарве давер між Беларусьсю і Ўкраінай, калі Беларусь не пакажа вельмі дакладных мэханізмаў, узгодненых з украінскім бокам, не пакажа, у чым праблемы і як з гэтых праблем выйсьці так, каб прыватны капітал не пацярпеў».

Лукашэнка заявіў аб нацыяналізацыі Аршанскага авіярамонтнага заводу, 60% якога належаць украінцам

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG