Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі інвэстар пацьвярджае сыход з аршанскага заводу, нацыяналізаванага ў Беларусі


Запароскае прадпрыемства «Мотор Січ» разьлічвае, што на працягу наступнага тыдня зможа ўзгадніць умовы перадачы беларускай дзяржаве свайго пакету акцый Аршанскага авіярамонтнага заводу.

«Вядома, што прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка быў на аршанскім заводзе, зрабіў заяву. Так, мы сапраўды адтуль сыходзім, а дэталі будуць узгодненыя найбліжэйшым часам. Па выніках мы абавязкова паінфармуем», — паведаміў Свабодзе дырэктар «Мотор Січ» у пытаньнях сувязяў з грамадзкасьцю Анатоль Малыш.

У той жа час ён пазьбегнуў адказу на пытаньне, ці прадугледжваецца выплата беларускім бокам кампэнсацыі за перадачу ўкраінскім інвэстарам акцый прадпрыемства: «На працягу наступнага тыдня ўсё будзе разгледжана».

Дагэтуль 60% акцыяў заводу належала ўкраінскай кампаніі «Мотор Січ», а 40% — беларускай кампаніі «Сыстэмы інвэстыцыяў і інавацыяў», якой валодае беларускі бізнэсовец Аляксандар Садовы. Але 11 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра нацыяналізацыю прадпрыемства.

У час візыту на Аршанскі авіярамонтны завод Лукашэнка заявіў, што «гэта дзяржаўнае прадпрыемства ад сёньняшняга дня», бо «ўласьнікаў тут ужо няма».

Аляксандар Лукашэнка ў часе наведваньня ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод»
Аляксандар Лукашэнка ў часе наведваньня ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод»

Ён падпісаў даручэньне аб «аднаўленьні эфэктыўнай працы» Аршанскага авіярамонтнага заводу, але пакуль яно не апублікаванае — як будзе адбывацца нацыяналізацыя, невядома.

У траўні Генпракуратура Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да былога гендырэктара ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод» і службовых асобаў ПАТ «Мотор Січ» (Украіна).

«Падставай паслужыла прычыненьне службовымі асобамі заводу шкоды ў асабліва буйным памеры, а таксама істотнай шкоды яго інтарэсам», — паведамляла Генпракуратура.

Сёлета ў траўні прэзыдэнт «Мотор Січ» Вячаслаў Багуслаеў лётаў у Беларусь на перамовы пра зьмену беларускага акцыянэра аршанскага заводу. Пасьля перамоваў ён заявіў украінскім журналістам, што «Мотор Січ» сваю частку інвэстыцыйных абавязаньняў «выканаў на 110%» і ўклаў у разьвіцьцё авіярамонтнага заводу прыкладна 20 мільёнаў даляраў.

Паводле Вячаслава Багуслаева, 2017 год аршанскі завод завяршыў з прыбыткам.

У красавіку прыватны самалёт Вячаслава Багуслаева, на якім прэзыдэнт «Мотор Січ» прыляцеў на сход акцыянэраў, ня змог пакінуць аэрадром у пасёлку Балбасава (Віцебская вобласьць), дзе месьціцца завод. Тады паведамлялася, што самалёт Як-40, на якім ён прыляцеў у Беларусь, быў арыштаваны беларускім бокам, каб прымусіць Багуслаева адмовіцца ад фінансавых прэтэнзій да беларускага заводу.

Камэнтуючы Свабодзе сытуацыю з самалётам, дырэктар «Мотор Січ» у пытаньнях сувязяў з грамадзкасьцю Анатоль Малыш удакладніў:

«Самалёт ня быў арыштаваны. Яму не давалі магчымасьці выляцець. Але цяпер самалёт ужо дома, у нас».

Лукашэнка заявіў аб нацыяналізацыі Аршанскага авіярамонтнага заводу, 60% якога належаць украінцам

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG