Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Воршай пачалі будаваць завод стралковай зброі


Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў дорыць Аляксандру Лукашэнку аўтамат Калашнікава, 19 лютага 2015 году
Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў дорыць Аляксандру Лукашэнку аўтамат Калашнікава, 19 лютага 2015 году

«Пакуль гэта службовая і цывільная зброя. Але гэта баявая зброя».

Старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Беларусі Раман Галоўчанка расказаў у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» пра будаўніцтва заводу для вытворчасьці агнястрэльнай зброі.

Цяпер у Беларусі стралковая зброя зьбіраецца з замежных камплектных частак, але «ідзе асваеньне» вытворчасьці частак зброі на беларускіх прадпрыемствах, расказаў Галоўчанка. Пакуль, дадаў, зьбіраюць службовую і цывільную зброю, але гэта таксама баявая зброя, якая «адрозьніваецца толькі некаторымі парамэтрамі ад той, што выкарыстоўваецца ва Ўзброеных сілах».

Новы завод будуецца недалёка ад Воршы, на ім будуць вырабляць найперш патроны для стралковай зброі, але арганізуюць і ўчасткі зборкі самой зброі, а затым і яе вытворчасьці.

«Мы, вядома, задавальняем уласныя патрэбы, — казаў Галоўчанка пра вытворчасьць зброі. — Але, як кіраўнік дзяржавы і патрабуе, трэба зарабляць у першую чаргу валюту за мяжой ад продажаў».

Ён таксама згадаў Аршанскі авіярамонтны завод, нацыяналізаваны на загад Аляксандра Лукашэнкі: прадпрыемства вырашылі захаваць як асобную юрыдычную асобу, а не далучаць да іншых, а таксама захаваць яго менавіта як авіярэмонтны завод, не мяняючы сфэру дзейнасьці. У цэхах на гэты момант, кажа Галоўчанка, ужо ідзе рамонт верталётаў.

Беларусь, дадаў ён, імкнецца да таго, каб сярод усёй авіяцыі доля бесьпілётных апаратаў дасягнула траціны. Галоўчанка кажа, цяпер чакае ад вытворчасьці такіх апаратаў у Беларусі «скачка» – невялікія беларускія бесьпілётнікі ўжо паставілі на ўзбраеньне, ідзе распрацоўка ўдарных апаратаў.

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з Галоўчанкам 12 лістапада загадаў за год падвоіць заробкі на вайсковай вытворчасьці. Як гэта зрабіць, ён не ўдакладняў, але акцэнтаваў увагу на «высокім попыце на разумную высокадакладную зброю і асабліва на сродкі барацьбы з гэтай зброяй». Ён таксама адзначыў, што «мы вырабляем абаронныя сыстэмы» і «наступаць ні на кога не зьбіраемся».

За месяц да таго, 5 кастрычніка на вайсковым палігоне ў Берасьцейскай вобласьці Лукашэнка казаў, што «аўтаматы, пісталеты, кулямёты і боепрыпасы да іх, ня дай божа вайна, мы раздамо ў кожную сям'ю».

Паводле ягоных падлікаў, раздаць давядзецца 7 млн адзінак зброі (пры насельніцтве краіны каля 9,5 млн чалавек). Ці разьлічваюць цяпер вырабіць у Беларусі менавіта гэтыя 7 млн, ці нейкі іншы аб’ём, невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG