Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паабяцаў ЗША выканаць усё, пра што яны дамовяцца. А што Амэрыцы трэба?


Ці думае Трамп пра Беларусь
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:34:10 0:00

Амэрыка прагаласавала — што азначаюць вынікі выбараў? Ці абвясьцяць Трампу імпічмэнт? Ці радуецца Пуцін вынікам амэрыканскіх выбараў? Ці вернецца ў Менск амэрыканскі пасол? — пра ўсё гэта ў сёньняшняй Зоне Свабоды.

У ёй удзельнічаюць Юры Дракахруст і Стывэн Гутэрман, палітычны аглядальнік нашага радыё, зь Менску — Віталь Цыганкоў.

У 1992 годзе новаабраны прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан пажартаваў: Амэрыканскі народ на выбарах сказаў сваё слова. Але спатрэбіцца час, каб зразумець, што ж ён сказаў.

6 лістапада амэрыканскі народ сказаў сваё слова. Рэспубліканцы захавалі і нават павялічылі сваю перавагу ў Сэнаце, але дэмакраты атрымалі большасьць у Палаце Прадстаўнікоў. Што ж меў на ўвазе народ?

Дзьмітры Гурневіч
Дзьмітры Гурневіч

Гурневіч: Стыў, амэрыканская эканоміка знаходзіцца на пад’ёме, беспрацоўе — на рэкордна мінімальным узроўні, біржа расьце. Дык чаму ж партыя дзейнага прэзыдэнта прайграла ніжнюю палату Кангрэсу? Што амэрыканцам яшчэ трэба?

Гутэрман: Незадаволеныя Трампам хацелі гэта паказаць і паказалі. Яны імкнуцца зьменшыць магчымасьці для рэалізацыі ягонай палітыкі. Дэмакраты намагаліся актывізаваць сваіх выбарцаў, каб яны ішлі на ўчасткі, ім гэта ўдалося. Так яны ўпершыню за 8 гадоў дамагліся большасьці ў ніжняй палаце. Эканоміка гэта фактар, але толькі адзін зь іх. Ёсьць і іншыя.

Гурневіч: Віталь, вы ўважліва сочыце за амэрыканскай палітыкай. Многія, у тым ліку і сам прэзыдэнт Дональд Трамп, гаварылі, што сёлетнія выбары — своеасаблівы рэфэрэндум аб даверы дзейнаму кіраўніку дзяржавы. Ну і з гэтага гледзішча, пра што сьведчаць вынікі — Трамп прайграў рэфэрэндум? Ці не?

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Вынік можна ацаніць, як нічыю. Варта разумець, што любы прэзыдэнт пераважна губляе падтрымку праз 2 гады пасьля ўступленьня на пасаду. Гэта правіла ў амэрыканскім жыцьці, якое амаль ня мае выключэньняў. Такое адбывалася нават з самымі папулярнымі амэрыканскімі прэзыдэнтамі — Рузвэльтам і Кэнэдзі. Амэрыканцы лічаць, што калі прэзыдэнт ад адной партыі, то парлямэнт мае быць ад іншай. Я бачыў апытаньне выбарцаў. 40% кажуць, што прышлі, каб выказаць пратэст, 30% — каб падтрымаць Трампа, а рэшта прыйшла проста галасаваць. То бок Трамп быў важнай рухаючай сілай для амэрыканцаў. Пасьля выбараў два гады таму СМІ пісалі пра яго нізкі рэйтынг, але цяпер пра гэта кажуць менш, бо ягоны рэйтынг расьце 2 гады і даволі пасьлядоўна. Цяпер ягоны рэйтынг нават вышэйшы, чым у той самы час у Абамы.

Гурневіч: Нядаўна Менск наведаў памочнік дзяржсакратара ЗША Уэс Мітчэл. Падчас гутаркі зь ім Аляксандар Лукашэнка выказаў спадзеў, што ў беларуска-амэрыканскіх адносінах адкрываецца новая старонка. Незадоўга ды візыту ў Менск Мітчэл заявіў, што ЗША бачаць у сувэрэнітэце Беларусі мур супраць расейскага нэаімпэрыялізму.

Юры, Ваш прагноз — ці адбудуцца істотныя зьмены ў стасунках Беларусі і ЗША? Як на гэта могуць паўплываць вынікі выбараў у Кангрэс?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: Сказаць, што зьмены будуць ужо зусім кардынальныя, то наўрад ці. Нейкае збліжэньне будзе, будзе большае спрыяньне. Прэзыдэнт Трамп два гады ў Белым доме. Да Беларусі рукі не даходзілі, бо было шмат іншых праблем. Цяпер, магчыма, дашлі. Ёсьць сюжэты, якія можна вырашыць, не мяняючы кардынальна палітыку. Можна дамовіцца пра паўнавартасную дыпляматычную прысутнасьць, пра зьняцьце санкцыяў. Беларусь таксама сёе-тое робіць у рэгіёне, у чым зацікаўленыя ЗША. Не скажу, што гэта нешта глябальнае, але нейкая зьдзелка можа адбыцца ў бліжэйшы год.

Гурневіч: Віталь, Аляксандар Лукашэнка паабяцаў Амэрыцы выканаць усё, пра што яны дамовяцца. А што Амэрыцы можа быць патрэбным ад Беларусі?

Цыганкоў: «Мы зробім усё, што вы захочаце, а нават больш» — гэта стабільная фраза Лукашэнкі. Ён абяцае гэта ўсім партнэрам па перамовах. Нешта стратэгічна важнага, з пункту гледжаньня амэрыканскіх інтарэсаў, Беларусь паабяцаць ня можа. Для Амэрыкі цяпер самае галоўнае — абараніць сувэрэнітэт Беларусі. Заходнія палітыкі за апошнія 2-3 гады адмянялі санкцыі, хаця і не да канца. Яны сваёй палітыкай паказваюць, што цяпер для іх важнае не ўсталяваньне дэмакратыі ў Беларусі, не зрынаньне Лукашэнкі, што было галоўнае ў 2000-ыя, а спадзяваньне, каб Беларусь захавала сувэрэнітэт і каб ня стала цалкам залежнай ад Расеі. Каб тут не было расейскіх базаў, войскаў. Гэта той мінімум, які Амэрыка чакае ад Беларусі.

Гурневіч: Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША ў 2016 годзе ў Дзярждуме Расеі на радасьцях пілі шампанскае. Магчыма, і дарма. А пасьля выбараў у гэты аўторак пілі? Ці сумавалі? Ці ім усё роўна? Стыў, вы працавалі карэспандэнтам у Маскве. Вынікі амэрыканскіх выбараў для Крамля — хутчэй небясьпека ці хутчэй шанец? Што можа зьмяніцца ў амэрыканска-расейскіх адносінах пасьля 6 лістапада?

Стывэн Гутэрман
Стывэн Гутэрман

Гутэрман: Ня думаю, што яны п’юць шампанскае. Ёсьць і небясьпека для Крамля, і шанцы. У дэмакратаў большасьць у ніжняй палаце і канца санкцыяў ня бачна. Нават многія рэспубліканцы падтрымліваюць санкцыі. Прэс-сакратар Пуціна сказаў, бадай, слушна, што цяжка ўявіць, каб адносіны былі яшчэ горшыя, але вынікі выбараў не даюць падставаў, каб яны палепшыліся. Але шанцам для Расеі можа быць супрацьстаяньне паміж партыямі, канфлікт. Для Крамля гэта можа быць важны момант.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG