Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Праз 100 гадоў уздымаюць галаву старыя дэманы». Што казалі на Парыскім форуме міру


Ва ўрачыстасьцях з нагоды сотых угодкаў завяршэньня Першай сусьветнай вайны прысутнічалі 70 кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў з усіх кантынэнтаў. Аляксандар Лукашэнка быў таксама запрошаны, але сам не паехаў, накіраваў у Парыж Міхаіла Мясьніковіча.

«Больш ніколі!»

Парыскі форум міра стане штогадовым, заявіў прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон, для якога гэтая ініцыятыва сталася адной з самых важных за ўсю ягоную кар’еру.

Макрон першапачаткова заклікаў лідэраў краін сьвету сабрацца ў Парыжы ня толькі дзеля таго, каб успомніць аб стагодзьдзі завяршэньня Вялікай вайны, але і для таго, каб разам паспрабаваць стрымаць абяцаньне, дадзенае ў 1918 годзе: «Больш ніколі!»

«Старыя дэманы зноў узьнікаюць. Яны гатовыя сеяць хаос і сьмерць. Новыя ідэалёгіі маніпулююць рэлігіямі, прапаведуюць заразны абскурантызм. Часам гісторыя пагражае зноў пайсьці па трагічным шляху і падарваць наш мір, які, як мы верым, ужо канчаткова змацаваны крывёй нашых продкаў», — заявіў Эмануэль Макрон на ўрачыстасьцях з нагоды сотых угодкаў завяршэньня вайны.

Пагрозамі сучаснага сьвету ён назваў расізм, антысэмітызм экстрэмізм.

Форум адкрыла змагарка з сэксуальным гвалтам

На пленарнай сэсіі Парыскага форуму міра першай выступіла грамадзкая дзяячка з Індыі Трыша Шэці, якая была абраная віцэ-прэзыдэнтам арганізацыйнага камітэту форуму.

Яна заснавала ў Індыі арганізацыю SheSays, якая займаецца праблемамі полавай роўнасьці і гвалту. Арганізацыя сабрала вакол сябе 60 тысяч валянтэраў, якія вядуць маштабную кампанію барацьбы з сэксуальным гвалтам з адукацыйнай, мэдыцынскай, юрыдычнай і псыхалягічнай дапамогай, у тым ліку праз інтэрнэт і сацыяльныя сеткі.

«Працуючы з тымі, хто перажыў сэксуальны гвалт, зь сем’ямі, якія страцілі сваіх дзяцей, я бачыла сваімі вачыма, як гвалт разбурае грамадзтвы. Мы жывем у небясьпечны час, у час вялікіх супярэчнасьцяў, калі мясцовыя праблемы становяцца глябальнымі выклікамі», — сказала грамадзкая дзяячка з Індыі.

222 узброеныя канфлікты і 69 мільёнаў уцекачоў

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель на адкрыцьці Форуму заявіла, што «міжнароднае супрацоўніцтва і эўрапейскі мірны праект цяпер ізноў ставяць пад сумнеў».

«Першая сусьветная вайна прадэманстравала нам згубныя наступствы ізаляцыянізму. Калі сто гадоў таму ізаляцыя ўжо не была рашэньнем, як яна можа стаць рашэньнем сёньня, у такім пераплеценым сьвеце?», — казала Ангела Мэркель, выступаючы перад дзясяткамі кіраўнікоў дзяржаў.

Паводле Мэркель, летась у сьвеце адбылося 222 узброеныя канфлікты, 69 мільёнаў чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы, а гэта больш, чым насельніцтва ўсёй Францыі.

«52 працэнта ўцекачоў — гэта дзеці. Каля 250 тысяч дзяўчынак і хлопчыкаў пацярпелі ад гвалту з боку салдат. Гэтыя лічбы наводзяць на нас жах, як здымкі з Сырыі і Емэну. Гэта галоўны ўрок, які мы павінны вынесьці з гісторыі — мы не павінны прымаць узброены канфлікт, незалежна ад таго, наколькі блізкі ці далёкі ён ад Эўропы», — заявіла Мэркель.

Трамп і Пуцін сустрэчу не правялі

​Генэральны сакратар ААН Антоніа Гутэрэш параўнаў цяперашнюю сытуацыю з падзеямі, якія прывялі да Першай і Другой сусьветных войнаў.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на пачатак Парыскага форуму міру не прыехаў, ён ушаноўваў памяць амэрыканцаў, якія загінулі ў Францыі пад час першай сусьветнай вайны і пахаваныя на вайсковых могілках у горадзе Сюрэн пад Парыжам.

А прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін усклаў кветкі да помніка салдатам расейскага экспэдыцыйнага корпусу, які пад час Першай сусьветнай вайны ваяваў у Францыі.

Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп плянавалі правесьці 11 лістапада ў Парыжы свае двухбаковыя перамовы, але францускі МЗС пераканаў іх устрымацца ад такой сустрэчы, бо ў мэдыйным пляне яна магла б адсунуць у цень сам форум міру. Такім чынам перамоваў Трапма і Пуціна не было.

Парашэнка гаварыў аб міратворцах у Данбасе

​Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў Парыжы працягнуў перамовы аб накіраваньні міратворцаў ААН на Данбас, якія маглі б спыніць абстрэлы і гібель людзей.

Ён сустрэўся з Ангелай Мэркель і Эмануэлем Макронам, у рамках Нармандзкай групы яны бяз Уладзіміра Пуціна абмеркавалі выкананьне Расеяй Менскіх дамоўленасьцяў па Данбасе.

«Мы скарысталіся гэтай падзеяй, каб адрэагаваць на жахлівую падзею, якая адбываецца на акупаванай тэрыторыі Данбасу, дзе Расейскай Фэдэрацыя сёньня праводзіць фэйкавыя выбары. Абсалютная большасьць нашых партнэраў, Эўразьвяз, ЗША, Канада заклікалі Расеі да адказнасьці, назвалі гэтыя выбары парушэньнем Менскіх дамоўленасьцяў, выказалі салідарнасьць з Украінай», — заявіў па выніках сустрэчы ў Парыжы прэзыдэнт Пятро Парашэнка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG