Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вілейцы зьявіцца расейскі радыёэлектронны комплекс «Самарканд». І гэта законна


РЭБ «Самарканд», ілюстрацыйнае фота
РЭБ «Самарканд», ілюстрацыйнае фота

На сайте дзяржаўных закупак Расеі разьмешчана інфармацыя пра тэндэр на комплекс работ дзеля падаўжэньня тэрмінаў эксплюатацыі і бягучага рамонту, мантажу, дапрацоўкі сродкаў радыёэлектроннай барацьбы згодна зь пералікам, зацьверджаным Міністэрствам абароны Расеі.

У прыватнасьці, гэта тычыцца апрацоўкі, мантажу і падключэньня складовых частак комплексу радыёэлектроннага заглушэньня (РЭП) «Самарканд» да сыстэмы перадачы дадзеных абароннага ведамства. Расейскі вузел сувязі за 100 кілямэтраў ад Менску Агулам тэндэр ахоплівае 13 адрасоў, сярод іх ёсьць і такая пазыцыя, як дапрацоўка, мантаж і падключэньне частак комплексу «Самарканд ПУ-ПРД-Д» у вайсковай частцы 49390 у Вілейцы. Тут разьмешчаны 43-і вузел сувязі «Антэй» ваенна-марскога флёту Расеі. Тэрмін завяршэньня закупкі — да 10 лістапада 2019 году.

Як заявілі карэспандэнту Свабоды ў Міністэрстве абароны Расеі, ніякай сэнсацыі ў гэтым няма, усё робіцца ў рамках існуючай паміж Беларусьсю і Расеяй дамовы аб станцыі «Вілейка».

Расейская вайсковая ўстанова каля Вілейкі ня мае статусу базы. Юрыдычна гэта вайсковы аб’ект, разьмешчаны на тэрыторыі Беларусі ў адпаведнасьці з пагадненьнем 1995 году паміж урадамі Расеі і Беларусі «Аб парадку выкарыстаньня і ўтрыманьня радыёстанцыі «Вілейка». Дамова набыла моц праз год, у чэрвені 1996-га. Згодна з дакумэнтам, на вузьле не павінна быць больш за 250 расейскіх вайскоўцаў.

У Міністэрстве абароны Беларусі зьвесткі пра разьмяшчэньне расейскіх «Самаркандаў» на станцыі пакуль не камэнтуюць:

«Уся інфармацыя пра новыя ўзбраеньні зьяўляецца ці зьявіцца на нашым сайце», — сказаў Свабодзе прэсавы сакратар МА Беларусі Ўладзімер Макараў. Аднак пакуль там нічога няма наконт разьмяшчэньня ў Беларусі расейскіх «Самаркандаў».

Экспэрт: «Расея рыхтуецца да выхаду ЗША з дамовы аб ракетах сярэдняга радыюсу»

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

​«Не выключаю, што гэта адзін з элементаў падрыхтоўкі Расеі да выхаду ЗША з дамовы аб ракетах сярэдняга радыюсу дзеяньня, і пачалася гэтая падрыхтоўка ня сёньня, а значна раней», — кажа Свабодзе вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін.

Паводле Алесіна, разьмяшэньне ў Беларусі комплексаў «Самарканд» тлумачыцца тым, што яны пераўзыходзяць тыя сродкі радыёлякацыйнага знаходжаньня і пагашэньня сыгналаў зброі верагоднага праціўніка, у тым ліку крылатых ракет, якія цяпер стаяць на ўзбраеньні.

«Ня выключана, што Беларусь можа закупіць комплексы „Самарканд“ паводле ранейшых дамоў паміж абароннымі ведамствамі Беларусі і Расеі. Кошт „Самаркандаў“ мне цяжка ацаніць, бо гэта найноўшая і вельмі складаная тэхніка; хоць відавочна, што яна супэрдарагая. „Самарканды“ лічацца абарончай зброяй, і таму, калі Беларусь разьмяшчае іх у сябе, яна не парушае ніякіх міжнародных дамоў», — мяркуе экспэрт Аляксандар Алесін.

Пры гэтым ён заўважае, што «месца дысьлякацыі комплексаў „Самарканд“ можа быць любым, бо яны пастаўленыя на колы».

Аляксандар Алесін назваў перабольшваньнем меркаваньне, што са зьяўленьнем «Самаркандаў» у Беларусі для краіны адразу павялічваецца рызыка стаць аб’ектам ядзернага ўдару з Захаду.

«Гэта абарончая зброя, зь ёй павялічваецца наш абарончы патэнцыял. Але праўда і тое, што праз адмову ад пагадненьня аб ракетах сярэдняга радыюсу павышаецца агульная ваенная напружанасьць у Эўропе», — мяркуе Аляксандар Алесін.

Расея хоча падоўжыць час выкарыстаньня станцыі «Вілейка»

Экспэрты зьвяртаюць увагу на тэрмін дзеяньня дамовы аб расейскай станцыі «Вілейка» — ён заканчваецца ў 2021 годзе. Гэта значыць, што Масква ўпэўненая ў яго пралянгаваньні — у іншым выпадку наўрад ці мэтазгодна ўкладаць значныя сродкі ў мадэрнізацыю аб’екта. Як вынікае з тэндэра, на Вілейку мяркуецца накіраваць 5 мільёнаў расейскіх рублёў з агульных 60 мільёнаў, выдаткаваных на пераўзбраеньне такіх аб’ектаў Міністэрствам абароны Расеі.

Экспэрт у вайсковай галіне Ягор Лебядок лічыць, што пытаньне падаўжэньня тэрміну дысьлякацыі расейскіх вайсковых аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі практычна вырашанае, прынамсі што тычыцца 43-га вузла сувязі ВМФ Расеі «Вілейка». Пры тым, што канчатковае рашэньне мусіць быць аформлена пісьмовай дамоўленасьцю: у выпадку нежаданьня працягваць тэрмін дзеяньня пагадненьня з боку Менску мусіць паступіць заява не пазьней чым за 12 месяцаў да заканчэньня дзеяньня, г. зн. да 6 чэрвеня 2020 году.

Ягор Лебядок
Ягор Лебядок

«Што да працягу тэрміну пагадненьня, міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў яшчэ летась адзначыў: калі прадстаўнікі Расеі зьвернуцца наконт працягу ці спыненьня тэрмінаў арэнды, пытаньне будзе вырашацца на дзяржаўным узроўні. Але наўрад ці расейскае Міністэрства абароны ўзялося б за дапрацоўку і мантаж комплексу „Самарканд ПУ-ПРД-Д“ да 2019 году, ня маючы пэўных гарантый таго, што праз 2 гады вузел сувязі не закрыюць», — перакананы Ягор Лебядок.

Таксама экспэрт нагадвае, што зьвесткі пра аўкцыён разьмешчаныя на сайце дзяржзакупак літаральна праз два дні пасьля сустрэчы ў Менску міністраў абароны дзьвюх краінаў — Андрэя Раўкова і Сяргея Шайгу. Гэта не выключае, што падчас перамоваў тэрміны дзеяньня вайсковых аб’ектаў Расеі на тэрыторыі Беларусі быў узгоднены прадметна — у тым ліку як працяг умоваў фінансавай дапамогі з боку Масквы на нядаўніх перамовах Аляксандра Лукашэнкі з расейскім калегам Уладзімірам Пуціным.

Са слоў Ягора Лебядка, 43-і вузел сувязі ВМФ Расеі «Вілейка» і радыёлякацыйная станцыя «Волга», якая ўваходзіць у вузел «Баранавічы», маюць стратэгічнае значэньне для Расеі. Таму цалкам зразумела, што для Масквы важна вызначыцца зь іх лёсам як можна раней.

Комплекс «Самарканд» распрацаваны на санкт-пецярбурскім прадпрыемстве «Невос» у рамках досьледна-канструктарскай працы, пачатай яшчэ ў 2012 годзе. Да рэалізацыі праекту былі далучаныя навукова-тэхнічны інстытут «Радыёсувязь» і аддзел перашкод радыёсувязі і радыёнавігацыі 34-га інстытуту сувязі ВМФ. Сэрыйны выраб распачаты ў канцы 2013 году, комлекс пастаўляецца ў стацыянарныя падразьдзяленьні частак радыёэлектроннай барацьбы ваенна-марскога флёту Расеі. Афіцыйная пазыцыя Міністэрства абароны Беларусі наконт разьмяшчэньня комплексу «Самарканд» у Вілейцы пакуль не агучвалася.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG