Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стала Беларусь за 25 гадоў незалежнай у ваеннай сфэры?


Вынікі ваеннага будаўніцтва ў Беларусі за чвэрць стагодзьдзя — расейскія ваенныя аб’екты, супольная з РФ сыстэма СПА, АДКБ.

Глод: Я думаю, што няма патрэбы расшыфроўваць пытаньне і тлумачыць, ад каго можа быць незалежнай Беларусь. Усе разумеюць, што размова ідзе аб Расеі.

Экспэрты, якія займаюцца гэтым пытаньнем, падзяліся на дзьве групы. Першая лічыць, што Беларусь у вайсковай сфэры настолькі залежная ад Расеі, што яе войска можна нават успрымаць як частку расейскага. Другая група прытрымліваецца думкі, што працэс беларуска-расейскіх вайсковых дачыненьняў за 25 гадоў не такі просты і ў ім заўсёды існаваў парадокс адначасовага збліжэньня і аддаленьня.

Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што ў выпадку нападзеньня на саюзную дзяржаву менавіта беларуская армія прыме на сябе першы ўдар. Але парадокс сытуацыі ў тым, што так званая саюзная дзяржава не мае пагадненьня, у якім афіцыйна было б прапісана, што зьнешняя агрэсія на адну частку дзяржавы аўтаматычна азначае напад на ўсю саюзную структуру.

Пытаньне аб узмацненьні абароннага складніку саюзнай дзяржавы ставіцца час да часу. Міністар абароны Расеі Сяргей Шойгу даволі эмацыйна выказаўся пра гэта і ... не прыехаў у Менск на пасяджэньне Вышэйшага дзяржсавету. А Аляксандар Міхневіч, сёлетняй вясной, калі ён быў яшчэ першым намесьнікам міністра замежных спраў, спэцыяльна падкрэсьліваў гэты аспэкт — маецца на ўвазе адсутнасьць двухбаковай дамовы — на круглым стале у Вільні.

Такі пункт аб дапамозе, пяты, зафіксаваны ў іншай дамове — дамове аб АДКБ, куды ўваходзяць і Расея, і Беларусь, і яшчэ некалькі краінаў. Дарэчы, гэткі самы прынцып «Адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго» (мушкэтэрскі) зафіксаваны і ў статуце НАТА. Іншае пытаньне: як гэты прынцып працуе ў АДКБ. Канфлікт паміж Армэніяй, якая ўваходзіць у гэтую структуру, і Азэрбайджанам, які не зьяўляецца часткай АДКБ, паказаў, што ніяк. Гэта, дарэчы, і выклікала такое нэгатыўнае стаўленьне ў Армэніі да Расеі, бо ўсе разумеюць, хто верхаводзіць у Арганізацыі калектыўнай бясьпекі.

Адмова ад стварэньня авіябазы адлюстроўвае шырэйшы трэнд спробаў Беларусі зьменшыць вайсковую залежнасьць

Аднак з пачаткам падзеяў ва Ўкраіне, аналітыкі гэта падкрэсьліваюць, працэс аддаленьня Беларусі ад Расеі ў вайсковай галіне ўзмацніўся. Пра гэта сьведчыць адмова беларускага кіраўніка ў разьмяшчэньні расейскай авіябазы на беларускай тэрыторыі. Ды і наагул пасьля ўкраінскіх падзеяў ня толькі вайсковая, але і замежная палітыка Беларусі, на мой погляд, становіцца больш незалежнай ад Масквы.

Адмова ад стварэньня авіябазы адлюстроўвае шырэйшы трэнд спробаў Беларусі зьменшыць вайсковую залежнасьць. Так, навучаньне беларускіх вайскоўцаў у Расеі заўсёды мэнтальна зьвязвала беларускае і расейскае войскі — цяжка знайсьці сярод найвышэйшых вайсковых чыноў Беларусі хоць каго, хто не вучыўся ў Расеі. Аднак цяпер колькасьць беларускіх вайскоўцаў-студэнтаў у расейскіх вайсковых ВНУ зьмяншаецца. У мінулым навучальным годзе іх было 447, а сёлета — 374.

І зноў жа парадокс, крыху аддаляючыся ад Масквы, Менск дагэтуль не зрабіў ніводнага кардынальнага кроку да геапалітычнага развароту на Захад

У супольных беларуска-расейскіх вучэньнях «Шчыт саюзу» ў 2015 годзе ўдзельнічала ў паўтары разы менш вайскоўцаў, чым у «Шчыце саюзу — 2011» ці «Захадзе-2013» (8 тысяч вайскоўцаў супраць 12 тысяч). Калі раней вучэньні без Расеі выглядалі ледзь не немагчымымі, то цяпер беларускія дэсантнікі штогод практыкуюцца разам з кітайскімі вайскоўцамі. Кітай наагул стаў заўважным вайсковым партнэрам для Беларусі. Найбольш гэта відаць у супольнай распрацоцы зброі, якой займаюцца Менск і Пэкін. Прыклад — сыстэма залпавага пуску «Палянэз».

І зноў жа парадокс, крыху аддаляючыся ад Масквы, Менск дагэтуль не зрабіў ніводнага кардынальнага кроку да геапалітычнага развароту на Захад. Аднак і гэтыя малыя крокі выклікаюць трывогу ў Расеі. Тут многія асьцерагаюцца, што нармалізацыя дачыненьняў Беларусі і Захаду можа стаць прэлюдыяй для далейшага развароту Беларусі ў бок Эўразьвязу і ЗША.

сапраўды беларускае войска — ў пэўнай ступені працяг расейскага

Дракахруст: Я хацеў бы нагадаць, што наша пытаньне менавіта пра 25 гадоў. Беларусь вельмі шчыльна зьвязаная зараз з Расеяй у ваеннай сфэры. Магчыма, гэтая сфэра — тая, у якой гэтая шчыльнасьць як ні ў чым іншым. Варта сказаць, што Беларусь уваходзіць у ваенны саюз АДКБ з адпаведнымі абавязкамі, пра якія вы, Уладзімер, сказалі, што на тэрыторыі Беларусі месьцяцца два, назавем іх так, расейскіх ваенныя аб’екты, ў Вілейцы і ў Ганцавічах, дзе служаць людзі ў расейскіх пагонах, існуе супольная сыстэма супрацьпаветранай абароны, існуе інфраструктура так званай супольнай ваеннай групоўкі, праводзяцца рэгулярна сумесныя вучэньні.

У гэтым сэнсе так, сапраўды беларускае войска — ў пэўнай ступені працяг расейскага. Але калі прыгадаць сытуацыю 25-гадовай даўніны, то тады ніякіх беларускіх войскаў наагул не было. У Беларусі стаяў браніраваны танкавы кулак Савецкага Саюзу, так бы мовіць, вастрыня дзіды. У Беларусі была велізарная колькасьць войскаў, прычым гэта былі савецкія войскі, у якіх служылі далёка не толькі беларусы. І падпарадкоўваліся гэтыя войскі выключна Маскве.

З тае пары савецкая групоўка была расфармаваная, танкі — штосьці прадалі, штосьці расьпілавалі, але вось той армады больш няма. Цяперашняе войска беларускае, добра там правялі рэформу ці кепска, але яе правялі, і нейкім чынам падвялі пад капыл невялікай краіны.

ідуць гады, прыходзяць новыя пакаленьні беларускіх афіцэраў. Нават калі яны вучыліся ў расейскіх вучэльнях, гэта ўжо вучэльні замежнай дзяржавы, а не «нашай адзінай савецкай краіны»

64 тысячы вайскоўцаў — гэта ўжо не наканечнік расейскай дзіды. У якое ступені цяперашняе беларускае войска здольнае абараняцца — гэта пытаньне да экспэртаў, але не трэба быць экспэртам, каб разумець, што для кідка да Парыжу ці нават да Варшавы гэтае войска ніяк не падыходзіць. Акрамя таго, асабліва ў апошнія гады мы бачым, што беларускае кіраўніцтва часам ўпарціцца, брыкаецца. Вось адбіліся ад авіябазы базы. Варта прыгадаць і заяву Лукашэнкі яшчэ ў 2014 годзе, калі ён сказаў, што праз Беларусь не пройдуць войскі супраць Украіны. Ну, сказаў так — жыцьцё часам уносіць карэктывы, але сказаў і дагэтуль сапраўды так і адбываецца.

Усё ж такі ідуць гады, прыходзяць новыя пакаленьні беларускіх афіцэраў. Нават калі яны вучыліся ў расейскіх вучэльнях, гэта ўжо вучэльні замежнай дзяржавы, а не «нашай адзінай савецкай краіны». Нядаўняя заява міністра абароны, адносна маладога чалавека, спадара Раўкова, які сказаў, што ў яго сьлёзы наварочваліся, калі ён бачыў як беларускія афіцэры пераходзілі служыць у расейскае войска. Гэта сьведчыць пра тое, што і нават ужо сярод старшых афіцэраў нейкія ўяўленьні пра сваю дзяржаву, пра свае абарончую палітыку праточваюцца як трава праз асфальт.

Цыганкоў: За 25 гадоў зьмены пераважна пазытыўныя. Беларусь за гэтыя гады так ці інакш сфармавала сваё войска і нават свой ваенна-прамысловы комплекс. Калі ўзгадаць, якая вялізная і магутная групоўка савецкіх войскаў стаяла ў Беларусі на момант развалу СССР, то цяпер гэта даволі кампактная па розных дадзеных каля 60-80 тысяч чалавек армія, якая закліканая выконваць задачы канкрэтнай краіны.

За 25 гадоў зьмены пераважна пазытыўныя. Беларусь за гэтыя гады так ці інакш сфармавала сваё войска і нават свой ваенна-прамысловы комплекс

Іншая справа, што дастаткова нетыповая зьява для незалежнай краіны — гэта шчыльнае супрацоўніцтва з Расеяй. Але і ў ім зьявіліся новыя матывы, перш за ўсё выкліканыя канфліктам у Данбасе. Да гэтага беларускае войска ўспрымалася як частка агульнага расейскага. Нядаўна у прэсе паведамлялася, як адзін з прадстаўнікоў НАТА беларускаму палітыку так і казаў: не трэба ілюзіяў, у ваенным сэнсе беларускае войска — частка агульнай з Расеяй групоўкі.

Аднак пасьля падзеяў ва Ўкраіне беларускае кіраўніцтва стала дэманстраваць незадавальненьне гэтым становішчам і рабіць усё, каб асьцярожна, не выклікаючы незадавальненьня Масквы, яго зьмяніць. Ну вось рэактыўную сыстэму залпавага агню «Палянэз» Беларусь вырабіла разам з Кітаем. Гэта такі гібрыд рэактыўнай сыстэмы залпавага агню і апэратыўна-тактычнага комплексу. Беларусы вырабляюць шасі, пускавую ўстаноўку, электроннае начыньне, а Кітай — саму ракету.

на сусьветным рынку ўзбраеньняў Беларусь зьяўляецца канкурэнтам Расеі, і тая выказвае незадавальненьне, што Беларусь часам перабягае ёй дарогу

Так што словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Кітай робіцца стратэгічным партнэрам Беларусі, над якімі многія, магчыма і справядліва, сьмяяліся, прынамсі ў ваеннай сфэры маюць абгрунтаваньні. Вядомы беларускі экспэрт Аляксандар Алесін лічыць, што ўвогуле ў ваенна-прамысловым комплексе — гэта адзін са станоўчых пракладаў, дзе знайшлі сваё адлюстраваньне рынкавыя мэтады і правілы, і многа там робіцца не дзяржаўнымі прадпрыемствамі, а прыватнымі, якія больш гнуткія і пасьпяховыя на замежным рынку і вырабляюць тое, што Беларусь можа прапанаваць на экспарт.

Тым больш, што на сусьветным рынку ўзбраеньняў Беларусь зьяўляецца канкурэнтам Расеі, і тая выказвае незадавальненьне, што Беларусь часам перабягае ёй дарогу. Так што працэсы сапраўды рознанакіраваныя і неадназначныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG