Лінкі ўнівэрсальнага доступу

49 тысяч даляраў і швайцарскі гадзіньнік. Як фармацэўтычныя кампаніі за хабар перамагалі ў тэндэрах

абноўлена

Дырэктар кампаніі «Іскамэд» Сяргей Шакуцін (у цэнтры) на судзе 19 жніўня
Дырэктар кампаніі «Іскамэд» Сяргей Шакуцін (у цэнтры) на судзе 19 жніўня

Дырэктар ААТ «Іскамэд» Сяргей Шакуцін абвінавачваецца ў даваньні хабару паўторна і ў асабліва буйным памеры. Сваёй віны ён не прызнае. Ягоны брат Аляксандар Шакуцін — на 15-м месцы ў топ-200 пасьпяховых беларускіх бізнэсоўцаў.

Другі дзень на судзе па справе мэдыкаў, дзе фігуруе 21 чалавек, пракуроры зачытваюць абвінавачаньні.

З 2006 па 2016 гады Сяргей Шакуцін перадаў тагачаснаму дырэктару РУП «Брэстфармацыя» Вячаславу Гніцію ня менш за 15 тысяч даляраў. Цяпер абодва сядзяць побач на лаве падсудных за кратамі.

Хабар перадаваўся ў розных кавярнях Берасьця і прыгараду: у «Правансе», «Старым горадзе», «Рынкаўцы». Найчасьцей сумамі па 1500 даляраў.

Паводле абвінавачваньня, Сяргей Шакуцін дамовіўся зь Вячаславам Гніціем на заключэньне пастаянных кантрактаў на пастаўку прадукцыі «Іскамэд». У выніку «Іскамэдам» была пастаўлена вялікая партыя лекаў — на суму больш за 16 мільёнаў рублёў.

Шакуціну інкрымінуецца частка 2 артыкула 431 — даваньне хабару паўторна і ў буйным памеры.

Таксама Сяргей Шакуцін у сакавіку 2018 году дамовіўся з дырэктарам Цэнтру экспэртыз і выпрабаваньняў Мінздароўя Аляксандрам Сталяровым аб рэгістрацыі расейскіх лекавых сродкаў Эндафэрон і Энгалін. Дырэктар ЦЭіВ даў указаньне свайму падначаленаму Марчанку выдаць заключэньні аб адпаведнасьці лекавых сродкаў, на падставе чаго яны атрымалі дзяржаўную рэгістрацыю.

7 траўня ў Менску на вуліцы Алібегава Сяргей Шакуцін перадаў Аляксандру Сталярову 1 тысячу даляраў, каб падзякаваць за спрыяньне рэгістрацыі.

Па гэтым эпізодзе Шакуціну таксама інкрымінуецца хабар у буйным памеры і паўторна — частка 2 арт. 431.

Сяргей Шакуцін сваёй віны не прызнаў. Вячаслаў Гніцій, якому таксама ўжо прачыталі абвінавачваньне, дзе фігуравалі ўсе эпізоды перадачы хабару Шакуціным, сваю віну прызнае цалкам.

Сяргей Шакуцін — дырэктар кампаніі «Іскамед» і брат мільянэра, былога члена Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ Аляксандра Шакуціна. У 2018 годзе Аляксандар Шакуцін быў на 15-м месцы ў топ-200 пасьпяховых беларускіх бізнэсоўцаў. 19 жніўня ён прыйшоў на пачатак працэсу і падтрымліваў брата ў залі суду.

Вялікія кантракты і перамогі ў конкурсах — удзячным партнэрам

Вячаслаў Гніцій з 2016 да 2018 году працаваў кіраўніком «Брэстфармацыі». Паводле сьледзтва, ён браў хабар ад прадстаўнікоў фармацэўтычных кампаній. У 2016 годзе Гніцій пайшоў на павышэньне — быў прызначаны генэральным дырэктарам РУП «Белфармацыя».

Абвінавачваньне яму пракурор зачытвае больш за гадзіну.

Паводле сваіх службовых абавязкаў Вячаслаў Гніцій павінен быў арганізоўваць адкрытыя конкурсы на закуп лекавых сродкаў, ажыцьцяўляць дзяржаўныя закупы, электронныя аўкцыёны, абіраць на конкурснай аснове пастаўшчыкоў, ажыцьцяўляць кантроль якасьці лекаў.

Таксама Вячаслаў Гніцій шчыльна супрацоўнічаў зь віцебскімі бізнэсоўцамі Леанідам Томчыным і Раманам Альтшулерам. Кіраўнік «Брэстфармацыі» заключаў вялікія кантракты з ААТ «ВітФармМаркет». На конкурсах і аўкцыёнах пераможцам таксама абіраўся «ВітФармМаркет». У Берасьці Гніцій атрымаў ад Леаніда Томчына і Рамана Альтшулера ня менш як 12 500 тысяч даляраў. Яшчэ некалькі разоў хабар Гніцію бізнэсоўцы перадалі ў Віцебску.

Усяго Гніцій ад іх прыняў больш за 17 тысяч даляраў. Гэта цягне на частку 3 артыкула 430.

Выгадныя кантракты Вячаслаў Гніцій забясьпечваў і яшчэ адной кампаніі — «Фармтэхналёгія». У падзяку прыняў спачатку 300 эўра і швайцарскі гадзіньнік Tissot, потым яшчэ некалькі разоў хабар па 1 тысячы даляраў — прыкладна па такой жа схеме.

Браў ён хабар і ад прадстаўнікоў кампаній «Вітфарм» (4 тысячы даляраў), «Лекфарм» (4,5 тысячы даляраў).

13 чэрвеня 2016 году Вячаслаў Гніцій быў прызначаны гендырэктарам «Белфармацыі». І працягваў браць хабар па старых сувязях. Грошы ён браў у службовым кабінэце і каля супэрмаркету «Карона» на Каржанеўскага.

Усяго Гніцію інкрымінуюць хабар у памеры 49 тысяч даляраў, 300 эўра і гадзіньніка Tissot.

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG