Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У справе «крывавага салюту» правядуць сьледчы экспэрымэнт


Адна з гарматаў, пашкоджаных выбухам 3 ліпеня, архіўнае фота
Адна з гарматаў, пашкоджаных выбухам 3 ліпеня, архіўнае фота

Старшыня Сьледчага камітэту Беларусі Іван Наскевіч пасьля сустэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 13 жніўня расказаў дзяржаўнаму тэлеканалу СТВ пра расьсьледваньне справы «крывавага салюту» 3 ліпеня ў Менску.

Наскевіч расказаў, што ў час экспэрымэнтаў «у розных сытуацыях» будуць праводзіць адстрэл фаервэркаў, якія маглі ўжывацца ў трагічным салюце, і з улікам гэтага «экспэрты дадуць свае канчатковыя заключэньні».

Паводле яго, у час сьледзтва было даказана, што частка зарадаў была пратэрмінаваная, а частка была «мэханічна апрацаваная»: «падрэзаная» і «ўкачаная».

Асноўная вэрсія здарэньня — няякасныя снарады.

Экспэртызы прызначаныя ў Нацыянальнай акадэміі навук, Дзяржаўным камітэце судовых экспэртызаў і на спэцыялізаваных прадпрыемствах. Пытаньне, на якое экспэрты будуць шукаць адказ, Наскевіч сфармуляваў так:

«Ці знаходзіцца ў непасрэднай прычыннай сувязі няякасны характар фаервэрачных вырабаў, а таксама мэханічныя ўзьдзеяньні на іх з выбухамі, якія адбыліся падчас правядзеньня салюту».

Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася

  • Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
  • Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
  • Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
  • Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
  • СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
  • 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.

  • Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
  • Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
  • Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
  • Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG