Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт адмовіўся адказаць, ці затрымалі за «крывавы салют» яшчэ і двух беларусаў


Адна з салютныз ўстановак, пашкоджаных 3 ліпеня ў Менску
Адна з салютныз ўстановак, пашкоджаных 3 ліпеня ў Менску

Паводле зьвестак Telegram-каналу Nexta, у справе аб выбухах падчас салюту 3 ліпеня, якую расьсьледуе Сьледчы камітэт, акрамя двух затрыманых прадстаўнікоў расейскай фірмы «Пиро-Росс», зьявіліся яшчэ два падазраваныя зь ліку беларускіх вайскоўцаў. Пракамэнтаваць гэтыя зьвесткі Свабода папрасіла афіцыйнага прадстаўніка Сьледчага камітэту Сяргея Кабаковіча.

Nexta сьцьвярджае, што статус падазраваных у справе таксама маюць капітан, намесьнік вайсковага камэнданта Менскай вайсковай камэндатуры Д. Пасьледні і старшы лейтэнант, камандзір патрульнай роты А. Круглік.

Сяргей Кабаковіч, архіўнае фота
Сяргей Кабаковіч, архіўнае фота

«Прыватныя меркаваньні, камэнты побач з домысламі іншых людзей, пытаньнямі і фэйкамі камэнтаваць ня стану, — сказаў Свабодзе прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч. — Прадметна заяўляю, што сьледчыя скрупулёзна высьвятляюць усе абставіны таго, што адбылося. Расьсьледаваньне крымінальнай справы працягваецца».

Паводле крыніцы Nexta, менавіта капітан Пасьледні быў адказны за зараджаньне салютных установак, а старшы лейтэнант Круглік з падначаленымі «непасрэдна падразаў фаервэркі, якія ня ўлазілі, перад тым, як запхнуць іх у марціры».

У Менскай вайсковай камэндатуры сказалі, што ня могуць злучыць з намесьнікам вайсковага камэнданта Дзянісам Пасьледнім, бо той «сёньня ў адпачынку». Атрымаць камэнтар ад старшага лейтэнанта Кругліка таксама не ўдалося.

Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася

  • Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
  • Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
  • Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
  • Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
  • СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
  • 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.

  • Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
  • Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
  • Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
  • Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG