Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманыя за «крывавы салют» расейцы толькі назіралі, усё рабілі беларускія вайскоўцы, — «Московский комсомолец»


Газэта «Московский комсомолец» пагутарыла са сваякамі і калегамі двух расейскіх грамадзян, затрыманых у справе аб выбуху салюту ў Менску, ад якога загінула жанчына.

Паводле выданьня, затрыманыя супрацоўнікі кампаніі «Пиро-Росс» зь Сергіева Пасаду, якая паставіла ў Беларусь піратэхнічныя снарады, — гэта 25-гадовы Максім Сапронаў і 28-гадовы Канстанцін Дзянісаў. Яны суправаджалі груз у Беларусь і меліся сачыць за запускам на сьвяце ў Менску.

«Московский комсомолец» сьцьвярджае, што падчас сьвяткаваньня ўсе наладачныя работы выконвалі беларускія вайскоўцы, а супрацоўнікі кампаніі «Пиро-Росс» толькі «назіралі за працэсам».

«Максім і Косця знаходзіліся там як звычайныя кансультанты, — цытуе выданьне дырэктара вытворчасьці Канстанціна Шапавалава. — Яны ня маюць ніякага дачыненьня да вырабу прадукцыі. Паводле пасады яны інжынэры-канструктары. Іх там не павінна было быць. Іх адправілі проста праз таварыскія адносіны. Што тычыцца абвінавачваньняў у тым, што прадукцыя няякасная, то пра гэта можна казаць толькі пасьля правядзеньня комплекснай экспэртызы».

«Московский комсомолец» таксама піша, спасылаючыся на неназваных экспэртаў, што прычынай што прычынай надзвычайнага здарэньня «магла стаць дрэнная якасьць марціры, а не зараду».

Між тым, Сьледчы камітэт Беларусі паведамляў: «У ходзе сьледзтва ўстаноўлена, што ў працэсе зараджаньня салютных установак прадстаўнікі прадпрыемства-пастаўшчыка дапусьцілі парушэньне парадку работы з фаервэркавымі вырабамі. А менавіта ажыцьцяўлялі мэханічнае ўзьдзеяньне на набоі піратэхнікі пры зараджаньні мартыраў, не прадугледжанае правіламі абыходжаньня зь імі».

Паводле выданьня «Московский комсомолец», допыт Дзянісава і Сапронава працягваўся 12 гадзін, іх цяперашняе месцазнаходжаньне невядомае, а ў Менск адправіўся юрыст кампаніі «Пиро-Росс», які будзе вырашаць пытаньне абароны затрыманых.

Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася

  • Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
  • Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
  • Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
  • Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
  • СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
  • 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.

  • Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
  • Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
  • Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
  • Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG