Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада Расеі ў Менску запатрабавала доступу да затрыманых за «крывавы салют» расейцаў


Салютная ўстаноўка, якая выбухнула падчас салюту 3 ліпеня ў Менску, фота з дрона

Прэсавы сакратар амбасады Расеі ў Менску паведаміў Свабодзе, што 8 ліпеня беларускім уладам накіраваны запыт на наведваньне двух расейскіх грамадзян, якіх затрымалі пасьля выбуху 3 ліпеня на салюце ў Менску.

«Мы накіравалі запыт на наведваньне 2 затрыманых расейскіх грамадзян, супрацоўнікаў кампаніі „Пиро-Росс“ і спадзяёмся, што неўзабаве доступ да іх консулу будзе дадзены. Нашы консульскія супрацоўнікі робяць усе захады для гарантаваньня іх правоў, адвакатаў мы ўжо падключылі», — паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар амбасады Сяргей Араеў.

Затрыманыя — гэта 25-гадовы Максім Сапронаў і 28-гадовы Канстанцін Дзянісаў, кансультанты кампаніі «Пиро-Росс», якая пастаўляла піратэхнічныя снарады для фаэрвэрку. Яны суправаджалі груз у Беларусь і меліся сачыць за запускам на сьвяце ў Менску.

Сьледчы камітэт Беларусі 4 ліпеня пасьля іх затрыманьня паведаміў, што «ў працэсе зараджаньня салютных установак прадстаўнікі прадпрыемства-пастаўшчыка дапусьцілі парушэньне парадку работы з фаервэркавымі вырабамі. А менавіта ажыцьцяўлялі мэханічнае ўзьдзеяньне на набоі піратэхнікі пры зараджаньні мартыраў, не прадугледжанае правіламі абыходжаньня зь імі».

Крымінальная справа вядзецца паводле артыкулу аб парушэньні правілаў абыходжаньня з выбухованебясьпечнымі рэчамі, якое прывяло да сьмерці чалавека празь неасьцярожнасьць.

Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася

  • Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
  • Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
  • Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
  • Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
  • СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
  • 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.

  • Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
  • Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
  • Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
  • Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG