Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея як фортка ў цывілізацыю для маладых беларусаў


Бацькі і дзеці: Экспэрты розных пакаленьняў абмяркоўваюць выклікі часу — што мяняецца, а што застаецца нязьменным.

Пра Расею для розных пакаленьняў беларусаў разважаюць аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст і Віталь Цыганкоў, карэспандэнтка «Нямецкай хвалі» па Беларусі Аляксандра Багуслаўская і сацыёляг Алена Арцёменка.

Сьцісла:

  • Сярод людзей узростам ад 20 да 40 гадоў вялікіх адрозьненьняў у стаўленьні да Расеі няма
  • Многія беларусы прыходзяць да высновы, што іх юнацкія праэўрапейскія памкненьні — гэта для жыцьця на іншай плянэце
  • Наш інфармацыйны, культурны рынак несамадастатковы, у адрозьненьне ад расейскага
  • Макс Корж і Ціма Беларускіх спачатку сталі заўважнымі ў Расеі, а потым іх пачалі любіць у Беларусі
  • Мы ангажаваныя ў сусьветныя працэсы, і ня толькі культурныя, скрыўленым шляхам — праз Маскву
  • Заходнім кодам для сучаснага пакаленьня маладых беларусаў можа стаць «Гульня тронаў»

Дракахруст: Філёзаф Валянцін Акудовіч некалі пісаў:

«Расея не на ўсход ад зямель Беларусі, Расея — усход Беларусі. Гэта значыць, што Расея нейкім сваім контурам (як і Эўропа) натуральна знаходзіцца ўнутры нашай уласнай самасьці. Складовая частка "Расея" у самасьці беларусаў ёсьць якраз адзін з элемэнтаў нашага адрозьненьня. Дарэчы — у першую чаргу ад непасрэдна Расеі».

Ці можна сказаць, што сучасная беларуская моладзь далей ад Расеі, чым старэйшыя пакаленьні, што яе менш «унутры самасьці» беларускай моладзі?

Багуслаўская: Расея для моладзі — зусім не адзінае сьвятло ў акенцы. Вільня геаграфічна бліжэйшая, чым Масква.

Мне складана сказаць, ці далей сучасная беларуская моладзь, чым старэйшае пакаленьне. Няма ніякіх сацыялягічных дасьледаваньняў на гэты конт.

Мае значэньне, што вырасла цэлае пакаленьне ў незалежнай Беларусі. Мы не атаясамляем сябе з Расеяй. Аднак моладзь жыве пераважна ў расейскай інфармацыйнай прасторы.

Мы глядзім расейскі ФБ, Дудзя, слухаем расейскіх рэпэраў.

Хоць ёсьць частка моладзі, якая катэгарычна адмаўляе, адкідае Расею. Гэтая частка займаецца беларушчынай і арыентуецца на Захад.

Дракахруст: Паводле дадзеных экспэрта ў пытаньнях адукацыі Ўладзімера Дунаева, за мяжой вучыцца 26 тысячаў беларускіх студэнтаў, гэта 10% ад агульнай колькасьці. З гэтых 26 тысячаў 60% вучацца ў Расеі. Гэта індыкатар стаўленьня моладзі да Расеі?

Цыганкоў: Прафэсар Дунаеў казаў, што прапорцыя хутка мяняецца на карысьць адукацыі на Захадзе. Тая самая тэндэнцыя назіраецца і ў працоўнай міграцыі — усё большая доля працоўных мігрантаў едзе ў Польшчу і Літву, а не ў Расею.

Саюзная дзяржава шмат у якіх сфэрах не працуе, але ў сфэры адукацыі дае магчымасьць беларусам паступаць у расейскія ВНУ на даволі ільготных умовах.

Арцёменка: Сацыялягічных дасьледаваньняў па ідэнтычнасьці, па геапалітычных арыентацыях, было дастаткова. Нядаўна было прэзэнтаванае дасьледаваньне Ірыны Лашук. Па яе выніках з Расеяй асацыюе сябе ладная частка моладзі. Мы задавалі такія пытаньні ў межах праекту Reforum. Ёсьць дадзеныя Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэя Вардамацкага.

Патрэбныя якасныя дасьледаваньні, якія дазваляюць зразумець суб’ектыўныя сэнсы.

Даволі вялікія адрозьненьні ў стаўленьні да Расеі паміж рэгіёнамі. Агульныя лічбы не даюць разуменьня пра настроі моладзі, скажам, у Віцебску, дзе расейскі рынак працы больш даступны, чым менскі. У Віцебску паўсюль вісяць прапановы аб працы ў Смаленску, Пскове і іншых расейскіх гарадах. Гэта ня так, як у Берасьці ці Горадні.

Калі казаць агулам, то асобы ва ўзросьце 60+ маюць заўважна большы сантымэнт да СССР. А сярод людзей узростам ад 20 да 40 гадоў вялікіх адрозьненьняў няма.

Запыт на незалежнасьць у насельніцтва павялічваецца, але ў моладзі да 30 гадоў прыхільнасьць да незалежнасьці прыкладна такая самая, як у людзей узросту 30-40.

Стаўленьне да Расеі — як дзіравыя джынсы ці як інтэрнэт?

Дракахруст: Пэўны адыход ад Расеі — гэта агульная тэндэнцыя, якую задае моладзь, ці гэта своеасаблівы ўзроставы фэномэн? Можна правесьці такую аналёгію — калі моладзь носіць дзіравыя джынсы, з гэтага ж не вынікае, што зь цягам часу ўсе будуць насіць такія джынсы. Зь іншага боку, інтэрнэт старэйшыя пакаленьні засвойваюць ад маладзейшых нават наўпрост, унукі вучаць інтэрнэту дзядоў і бабуль. Стаўленьне да Расеі — гэта як Інтэрнэт ці як дзіравыя джынсы?

Цыганкоў: Мне не падабаюцца абедзьве вашыя аналёгіі.

Мы ня бачым, каб каштоўнасьці маладога пакаленьня аўтаматычна перадаваліся старэйшым. У 90-я многія казалі — прыйдуць новыя пакаленьні, і яны будуць больш схільныя да дэмакратыі, рынкавай эканомікі і эўрапейскага выбару.

Усе сацыялягічныя апытаньні казалі на працягу 28 гадоў незалежнасьці, што моладзь у любы год гэтага прамежку была больш лібэральная, больш апазыцыйная адносна Лукашэнкі і менш прарасейская.

Але калі б гэтыя лічбы захоўваліся, то акрамя вельмі старых, іншых прарасейскіх і пралукашэнкаўскіх людзей ужо проста не засталося б.

А куды яны дзяюцца? Людзі зь цягам часу мяняюцца, сутыкнуўшыся з рэаліямі, робяцца больш канфармістамі, больш за Лукашэнку, і адпаведна больш за Расею. І прыходзяць да высновы, што юнацкія праэўрапейскія памкненьні — гэта для жыцьця на іншай плянэце.

Трэба ўлічваць і фактар эміграцыі. Самыя актыўныя людзі праэўрапейскіх поглядаў, калі яны вучацца ў Эўропе, там і застаюцца.

Арцёменка: Пакаленьне 30-40 гадоў арыентаванае на Эўропу прыкладна ў той самай ступені, што і моладзь, гэта пакаленьне, чыё сталеньне адбывалася ўжо ў незалежнай Беларусі.

Са зьменай пакаленьняў мы крыху больш арыентуемся на лібэральныя каштоўнасьці, але сапраўды ў многіх гэтыя моладзевыя памкненьні са ўзростам затухаюць.

Багуслаўская: У мяне шмат знаёмых, якія вучыліся на Захадзе, але якія вярнуліся ці зьбіраюцца вярнуцца ў Беларусь. Нехта знаходзіць магчымасьці рэалізацыі ў Беларусі, ёсьць патрыятычная моладзь, якая хоча зрабіць нешта для Беларусі.

Мэтафара зь дзіравымі джынсамі мне ня вельмі падабаецца. Джынсы — гэта рэч, а стаўленьне да Эўропы ці Расеі — гэта каштоўнасная ўстаноўка. Я б не сказала, што пакаленьні перадаюць адно аднаму каштоўнасныя ўстаноўкі. Яны ў гэтым сэнсе хутчэй знаходзяцца ў канфрантацыі.

Моладзь любіць падарожнічаць. А Эўропа больш цікавая ў гэтым сэнсе, чым Расея.

Расея Пуціна і Расея Дудзя для беларусаў

Дракахруст: Расея — гэта ня толькі Пуцін, Пугачова і Першы канал. Паглядзіце на рэакцыю, у тым ліку і моладзі: кліп Шнура «8 сакавіка» — wow, батл Гнойны-Аксімірон — як крута, Юры Дудзь — як клясна, а хто ў нас свой Дудзь? Ніхто не пытаецца, а хто ў нас, скажам, Дзьмітры Гардон ці Біл АʼРэйлі.

Для самых папулярных беларускіх відэаблогераў — Улада Бумагі і Ганны Бонд — у сэнсе аўдыторыі СССР яшчэ не разваліўся.

Ці можна сказаць, што дыстанцыяваньне моладзі ад Расеі — яно абмяжоўваецца палітычнай сфэрай, а ў культурнай, інфармацыйнай ніякага дыстанцыяваньня няма, ёсьць хіба ня большая ангажаванасьць, чым у старэйшага пакаленьня?

Багуслаўская: Нядаўна Фонд Нямцова правёў дасьледаваньне моладзі Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Гэтае дасьледаваньне паказала, што беларуская моладзь апалітычная. Так што складана казаць пра дыстанцыяваньне ў палітычнай сфэры, тут на ўзроўні Пуцін «красавчик» ці не.

Шкада, што наш інфармацыйны, культурны рынак несамадастатковы. Было б лепш, калі б мы больш арыентаваліся на саміх сябе, а ня бралі за ўзор таго самага Дудзя.

Калі паглядзець на творчы шлях Макса Каржа ці Цімы Беларускіх, яны ж спачатку робяцца заўважнымі ў Расеі, а потым іх пачынаюць любіць у Беларусі. А не наадварот.

Многія імкнуцца на расейскі культурны, інфармацыйны рынак, бо ён вялікі і самадастатковы. У адрозьненьне ад нашага.

Цыганкоў: Моладзь абсалютна ляяльная да беларускай незалежнасьці, але пры гэтым у культурным сэнсе яны ў значнай ступені схільныя да Расеі.

Гэта — істотнае адрозьненьне ад позьняга СССР. У нашым асяродзьдзі — сталічнай адукаванай моладзі — напачатку 80-х усё савецкае — гэта было «ацтой».

Усё нармальнае — гэта было заходняе. Ці антысавецкае, кшталту паўзабароненай «Машины времени» ці Высоцкага. Гэта адзінае, што людзі нашага пакаленьня ўспрымалі з савецкай культуры.

Цяпер Расея дае даволі прывабныя для моладзі прадукты — і ў рок-культуры, і ў youtube-культуры.

Перад беларускім сьпеваком ці блогерам тры шляхі. Альбо беларускамоўны — тады гэта даволі абмежаваная аўдыторыя.

Або ён расейскамоўны — тады ён разумее, дзе можна зарабіць сапраўдныя грошы. Як прыгаданыя Ўлад Бумага, Макс Корж або Ціма Беларускіх.

І тады патэнцыйны рынак — ня 10 мільёнаў беларусаў, а 200 мільёнаў расейскамоўных.

І трэці шлях — працаваць на Захад, рабіць прадукт па-ангельску і плюнуць на гэтую расейскамоўную прастору.

Ці ёсьць у беларускай моладзі свае The Beatles?

Дракахруст: Некалькі гадоў таму ў Маскву прыяжджаў Пол Макартні. І было бачна, як ад яго балдзелі Пуцін і Мядзьведзеў. Гэта быў кумір іх юнацтва. Гадоў праз 20-30 цяперашняя беларуская моладзь — яна будзе балдзець ад нечага заходняга 10-х гадоў ХХІ стагодзьдзя, як балдзелі Пуцін і Мядзьведзеў ад Макартні ў Маскве?

​Арцёменка: Цяпер такая разнастайнасьць кантэнту, што сярод яго складана знайсьці каштоўныя камяні.

Што тычыцца шляхоў культуры, то заходняя культура, і ня толькі культура, часам трапляе ў Беларусь праз Маскву. Расея апраксімуе лепшыя ўсясьветныя бізнэс-практыкі, навука там значна лепш разьвітая, чым у Беларусі — што гуманітарная, што дакладная. Акадэмія расейская мацнейшая, чым беларуская.

Прадстаўніцтвы транснацыянальных карпарацыяў, якія адказваюць за наш рэгіён, часьцей за ўсё разьмяшчаюцца ў Маскве.

Мы ангажаваныя ў сусьветныя працэсы, і ня толькі культурныя, такім скрыўленым шляхам — праз Маскву. Калі ў СССР гэта адбывалася паводле палітычных прычынаў, то цяпер — паводле рынкавых.

Мяркую, што бяз моўнага разьмежаваньня мы ад гэтага не пазбавімся.

Багуслаўская: Мне здаецца, што ў нашага пакаленьня няма заходняга культурнага «паролю пакаленьня», якім былі The Beatles для савецкай моладзі 60-х-70-х.


Я бачыла цікавую мапу музычных перавагаў па ўсім сьвеце. І сапраўды раней былі нейкія выразныя лідэры, каму найбольш аддавалі перавагу. Але ўжо на пачатку нулявых стала цяжка назваць нейкіх бясспрэчных лідэраў для ўсіх.

Хаця можа гэты код пакаленьня варта ня ў музыцы шукаць. Такім кодам для нашага пакаленьня можа стаць, напрыклад, «Гульня тронаў».

XS
SM
MD
LG