Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты ня лічаць «дармаедзкі» дэкрэт антыканстытуцыйным


У Палаце прадстаўнікоў ня бачаць падставаў для звароту ў Канстытуцыйны суд наконт прэзыдэнцкага дэкрэту № 3, а Савет Рэспублікі наагул не разьбіраўся з праблемай.

Прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) зьвяртаўся ў Палату прадстаўнікоў з патрабаваньнем разгледзець «дармаедзкі» дэкрэт на ягоную адпаведнасьць Канстытуцыі Беларусі. 15 ліпеня арганізацыя атрымала адказ.

«З прычыны адсутнасьці на практыцы спрэчных пытаньняў, зьвязаных з аднясеньнем грамадзян да катэгорый „занятыя“ / „не занятыя“, на наш погляд, увядзеньне ў заканадаўства вызначэньня тэрміна „не занятыя грамадзяне“ ўяўляецца залішнім <...> Лічым, што падставаў для звароту ў Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь з мэтай прызнаньня пункту 5 Дэкрэту № 3 неадпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ня бачыцца», — піша старшыня камісіі па працы і сацыяльных пытаньнях Палаты прадстаўнікоў Тамара Красоўская.

Прафсаюз РЭП у сваім звароце да дэпутатаў адзначаў, што Канстытуцыя не прадугледжвае такога юрыдычнага паняцьця, як «працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы». Таму палажэньне Дэкрэту аб аплаце гэтай катэгорыяй грамадзян спажываных паслуг ЖКГ па адмыслова ўсталяваных тарыфах не грунтуецца на нормах Асноўнага Закону.

«Дэпутаты баяцца пайсьці супраць заказчыка дэкрэту. Дакумэнт прынялі аўральна, без шырокага абмеркаваньня з грамадзкасьцю. Міжнародная арганізацыя працы канстатавала, што ў дэкрэце ўтрымліваюцца элемэнты прымусовай працы, а сам дэкрэт зьневажае чалавечую годнасьць», — лічыць выканаўца абавязкаў старшыні РЭП Зінаіда Міхнюк.

Яна дадае, што Савет Міністраў і Вярхоўны суд, куды прафсаюз накіраваў аналягічныя звароты, пакуль адмоўчваюцца.

Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт

Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.

7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт

Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.

  • У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
  • Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.

Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.

Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі

Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.

Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.

ТЭСТ: Даведайцеся, ці вы «дармаед»?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG